Людзі і справы

Беларус 8 гадоў даводзіў, што мае права на ВНЖ у Нямеччыне. Даказаў, але ўсё роўна атрымаць не змог — і раптам усё вырашылася

Беларус Вячаслаў з’ехаў з Беларусі пасля выбараў 2015 года. Ён пражыў у Германіі 10 гадоў - большую частку з іх без віду на жыхарства і пашпарта. Толькі ў 2023 годзе Міністэрства ўнутраных спраў Баварыі вырашыла, што ён мае права атрымаць ВНЖ у Германіі. Але з’явілася іншая праблема — скончыўся тэрмін дзеяння беларускага пашпарта. Вяртацца назад у Беларусь Вячаславу было небяспечна, а ў гэтым выпадку трэба было падаць нямецкім іміграцыйным уладам дакумент з КДБ, які пацвярджае, што яму пагражае пераслед. Але нечакана ўсё вырашылася добра.

У Нямеччыне Вячаслаў жыве даўжэй, чым пражыў у Беларусі. Ён нават нарадзіўся ў Германіі, бо яго бацька быў вайскоўцам. З бацькамі Вячаслаў пабываў у Таджыкістане, Казахстане, Кыргызстане. Грамадзянінам Беларусі стаў у 2006 годзе. Пасля разводу яго мама — родам з Пружанскага раёна — вярнулася на радзіму. Яго бабуля і дзядуля па матчынай лініі нарадзіліся на тэрыторыі Беларусі «пры паляках» — у Пружанскім павеце Палескага ваяводства. У графе «Нацыянальнасць» у іх метрыках стаіць прочырк.

Выехаць з Беларусі Вячаславу давялося пасля выбараў 2015 года. На выбарах мужчына быў назіральнікам ад прафсаюзу РЭП.

Незалежны прафсаюз РЭП — прафсаюз работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці. Працаваў на кансалідацыю прыхільнікаў развіцця незалежнага прафсаюзнага руху і ўзмацнення ўплыву ў калектывах. У красавіку 2022 года КДБ прызнаў яго экстрэмісцкім фарміраваннем.

Перад выбарамі Вячаслава таксама спрабавалі прымусіць заплаціць «падатак на дармаедства» — блізу € 200. Пра яго праблемы тады пісала адна праваабарончая арганізацыя.

Лукашэнка выдаў дэкрэт № 3 «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства» ў красавіку 2015 года. З дапамогай яго ўлады хацелі прымусіць тых, хто нібыта не плаціў падаткі, кампенсаваць выдаткі на сацыяльныя паслугі. Дэкрэт выклікаў пратэсты насельніцтва.

Чытайце таксама:

Марш недармаедаў у 2017 годзе. Фота: Hrodna.life

 — Пасля выбараў да мяне прыйшлі міліцыянты, сказалі, што я — падазраваны па нейкай справе, у нейкім злачынстве. Забралі ў мяне тэлефон і сказалі, што трэба здаваць ДНК-аналіз, адбіткі пальцаў. З РАУС мяне забралі на прафілактычную гутарку ў КДБ. Пасля гэтай гутаркі я вырашыў, што трэба з’язджаць, таму што я зразумеў, што збіраюцца матэрыялы на ўзбуджэнне крымінальнай справы супраць прафсаюза. І яны хацелі, каб я працаваў на іх, даваў інфармацыю, даносіў на сваіх калегаў. Таму давялося выехаць, — распавёў Вячаслаў.

У 2015 годзе ў прэзідэнцкіх выбарах удзельнічалі Аляксандр Лукашэнка, Таццяна Караткевіч з «Гавары праўду» і БСДП, Сяргей Гайдукевіч з Ліберальна-дэмакратычнай партыі, Мікалай Улаховіч з Беларускай патрыятычнай партыі. Паводле вынікаў ЦВК, Лукашэнка набраў 83,47%. Місія АБСЕ па выніках назірання прыйшла да высновы, што дэмакратычныя выбары ў Беларусі не адбыліся.

Інфаграфіка папярэдніх вынікаў галасавання. Фота: БЕЛТА

«Думаю: ну ўсё, зараз рукі заломяць»

Так у канцы 2015 года Вячаслаў выехаў у Польшчу. На выездзе памежнік доўга глядзеў у ягоны пашпарт і ў свой камп’ютар, пакуль у Вячаслава «пот цёк градам». «Думаю: ну ўсё, блін. Зараз рукі заломяць». Вячаслаў сказаў, што едзе адзначаць Каляды да сябра. На пытанне аб пратэрмінаванай візе паказаў дзеючы нямецкі ВНЖ. Праз нейкі час транспартная міліцыя праверыла яго рэчы, ледзь не наткнуўшыся на тэчку з позвамі. «Калі ехаў праз Буг, памятаю карцінку: гэты мост, апоры металічныя, колы б’юцца, і ён павольна едзе. І такое пачуццё было, што я ўжо ніколі не вярнуся ў Беларусь. Адчуванне тужлівае», — распавёў Вячаслаў.

Пункт пропуску «Брэст». Фота: av.by

Эміграцыя выпала на мігранцкі крызіс у Брэсце. «Адзін я ў вагоне быў беларус. Увесь вагон — чачэнцы, дагестанцы — каўказцы, значыць. Тады быў увесь вакзал імі забіты. Калі прыбылі ў Тэрэспаль, заходзіць польскі памежнік, кажа: „Беларусы ёсць?“ Кажа: „Давай, на выхад“. Я выходжу — а там стаіць АМАП польскі з аўтаматамі. Я пакуль камунікаваў з памежнікамі, даў ім на польскай мове заяву аб прытулку, вагон з чачэнцамі адправілі назад у Брэст», — распавёў Вячаслаў.

У Польшчы ён запытаў палітычны прытулак. Але там выявілі, што Вячаслаў - рэзідэнт Германіі і мае дзейсны від на жыхарства з 2013 па 2016 год. «Ну і палякі сказалі: „Цо пан ма вспульнэго з Польска? Пан ехаць да Немец“, — смяецца Вячаслаў. — І хуценька выкінулі адтуль. Сказалі, вось, давай, едзь у сваю Германію, і там прасі прытулку, што хочаш, тое і рабі».

У Нямеччыну ехаць не хацелася. «Пажыўшы тут у 2013−2014 годзе, я зразумеў, што гэта не мая краіна, і я не змагу тут жыць. Таму я адтуль з’ехаў. Я хацеў у Польшчу, а палякі сказалі: «Не. Выбачайце, ёсць ВНЖ, ёсць правілы — таму ты абавязаны ехаць у Германію. Я думаю: «Ой, блін, зноў Германія. Значыць, гэта мой крыж».

«Стаў трошкі падобны да араба»

ВНЖ, які дзейнічаў з 2013 па 2016 год, быў без права падаўжэння. У Берлін Вячаслаў трапіў ноччу і паспрабаваў запытаць прытулак там. У Нямеччыне ў гэты час таксама быў мігранцкі крызіс і ў краіну спрабавалі трапіць іракцы, сірыйцы. На прывакзальнай плошчы Вячаслаў убачыў палаткі і людзей, якія спяць на кардонках. Паліцыянты пры спробе пагаварыць з імі і запытаць прытулак проста ўцякалі. Тры-чатыры дні ён спаў на вакзале. Таму вырашыў ад’ехаць ад сталіцы і адправіўся ў родны Патсдам. Там ён сутыкнуўся з той жа сітуацыяй.

Еўрапейскі міграцыйны крызіс узнік восенню 2015 года. Тады шматкроць павялічыўся паток мігрантаў з краін Паўночнай Афрыкі, Блізкага Усходу і Паўднёвай Азіі. Еўрасаюз апынуўся не гатовы да наплыву. Крызіс назвалі найбуйнейшым у Еўропе з часоў Другой сусветнай вайны. Толькі са студзеня па верасень 2015 года ў краінах ЕС зарэгістравалі больш за 700 тыс.бежанцаў.

Сірыйскія ўцекачы ў Германіі. Фота: picture-alliance / dpa / S. Pförtner

Таму праз некаторы час, ужо ў 2016 годзе, Вячаслаў здаўся ў лагер для бежанцаў. У яго вобласці не прымалі дакументы ў беларусаў - давялося ехаць у Баварыю, у Нюрнберг. Там яму сказалі, што Канвенцыя аб уцекачах на беларусаў не распаўсюджваецца. Але адна супрацоўніца параіла ехаць у невялікі Цырндорф і прыкінуцца арабам.

«А я пакуль падарожнічаў, бамжаваў, можна сказаць, некалькі тыдняў — то па вуліцах, то па начлежках для бяздомных, у мяне ўжо такая барада адрасла — я ўжо стаў трошкі падобны да араба». Па прыездзе ў горад Вячаслаў убачыў чараду людзей з цемнаскурых і арабаў, пайшоў разам з імі і здаўся ў лагер.

У разглядзе дакументаў аб бежанстве яму адмовілі. Паводле яго, гэта зрабілі, даслаўшы адмову на неіснуючы адрас. У гэты час міграцыйнае бюро пачынае рыхтаваць чалавека да дэпартацыі, пакуль ён ні пра што не падазрае і чакае інтэрв'ю. Паводле яго, так «папаліся» некаторыя яго знаёмыя. Сам Вячаслаў даведаўся пра будучую дэпартацыю, калі прыйшоў падаўжаць свой часовы дакумент. Там яму паведамілі, што дакумент не падоўжаць, а яго неўзабаве дэпартуюць, бо ён атрымаў адмову і не абскардзіў яго. На адмове Вячаслаў убачыў адрас, па якім не жыве.

Ён зрабіў копію дакументаў і паехаў у суд па адміністрацыйных справах у Ансбаху. Там ён у тэрміновым парадку абскардзіў адмову і дамогся інтэрв'ю. Да гэтага часу ў Беларусі ўжо была распачатая крымінальная справа супраць РЭП. Пасля інтэрв'ю Вячаславу таксама адмовілі - маўляў, асцярогі ёсць, але ён жа не быў у зняволенні. У той жа час іншаму актывісту з Гомеля адмовілі са словамі, што раз ён «адседзеў», то ў Беларусі яму ўжо нічога не пагражае. Ад дэпартацыі яго выратавалі Human Rights Watch і Amnesty International.

У жніўні 2017 года ў дачыненні да кіраўніцтва незалежнага прафсаюзу РЭП была распачатая крымінальная справа аб ухіленні ад выплаты падаткаў у асабліва значнай суме. Праваабарончыя арганізацыі расцанілі пераслед як помсту ўладаў за крытыку «падатку на дармаедаў». Тады лідары прафсаюзу Генадзь Фядыніч і Ігар Комлік атрымалі чатыры гады «хатняй хіміі» з забаронай займаць кіроўныя пасады тэрмінам на пяць гадоў.

Пасля 2015 года Вячаслаў у Беларусь не прыязджаў. З ягонага слова, у 2017 ён быў фігурантам у справе прафсазаў, а КДБ і СК прыязджалі на ягоны беларускі адрас, да мамы і брата.

Як атрымаць ВНЖ ў Германіі

«Гэта складанае пытанне. Я б і сам хацеў на яго адказ атрымаць. Таму што, як бачыце, [яго не атрымаць,] нават пражыўшы 10 гадоў у Нямеччыне, не здзейсніўшы ніякага злачынства — у мяне нават не было штрафаў не разу. Пры тым, што я ўжо быў рэзідэнтам нямецкім — у мяне ўжо быў від на жыхарства, Я нарадзіўся ў Нямеччыне», — кажа Вячаслаў.

Ён бачыў, як суседа, які пражыў 20 гадоў у Нямеччыне, спрабуючы атрымаць ВНЖ, дэпартавалі. Пры гэтым яго былая жонка і двое дарослых дзяцей — грамадзяне Германіі.

У жніўні 2023 года МУС Баварыі пастанавіла, што Вячаслаў мае права на ВНЖ па гуманітарных і палітычных прычынах. «Вельмі шмат нерваў сышло. Гэта проста шчасце, што я раней займаўся складаннем скаргаў — у пракуратуру, у суды. Хобі ў мяне было такое, калі ў Беларусі жыў. І праз 10 гадоў так у мяне ВНЖ і няма. Восем гадоў пайшло проста на тое, каб даказаць, што ў мяне ёсць права на атрыманне ВНЖ у Германіі — проста права. Я даказаў гэта. Цяпер мой від на жыхарства ляжыць у нямецкім іміграцыйным офісе — і цяпер мне трэба зноў даказваць, што ў мяне ёсць права гэты від на жыхарства забраць. Як зрабіць гэта без дзейснага беларускага пашпарта і на колькі гадоў гэта зацягнецца — я не ведаю».

У Вячаслава скончыўся тэрмін дзеяння беларускага пашпарта ў ліпені 2023 года — за месяц да рашэння МУС Баварыі. Без новага пашпарта атрымаць ВНЖ ў Германіі немагчыма — трэба выканаць пашпартныя патрабаванні.

Як жыць без пашпарта

Да жыцця без пашпарта Вячаслаў ужо прывык. «Я і восем гадоў таму жыў без пашпарта, і без ВНЖ. Таму што як толькі я прыехаў і запытаў прытулак, у мяне іх забралі. Свой пашпарт я ўбачыў зноў толькі ў жніўні 2023 года. Увесь гэты час ён ляжаў у паліцыі і міграцыйных офісах. Цяпер для мяне гэта — нічога новага. Вярнулі - ляжыць вось на палічцы, ды і ўсё».

Без пашпарту цяжка трапіць нават у фітнэс-студыю. «Складана атрымаць нават паштовы пакет. Калі вы заказваеце дарагую рэч — ноўтбук, iPhone, тэлефон, каб атрымаць пасылку, трэба дакумент з фатаграфіяй прадаставіць. Гэтую праблему я вырашыў - напісаў даверанасць на аднаго чалавека, і ён мяне прадстаўляе па даверанасці. Без пашпарта складана адкрыць банкаўскі рахунак у Германіі. А ён патрэбны — калі вы атрымальнік сацыяльнай дапамогі, або працуеце».

Стары беларускі пашпарт і новы — біяметрычны. Фота: БЕЛТА

Каб адкрыць рахунак, Вячаслаў абышоў 10 банкаў - усе адмовілі. «[У апошнім банку] мне сказалі, што быццам бы прынялі мае дакументы, а потым сказалі, што прабачце, але мы вам адмаўляем. Я так раззлаваўся, што сказаў, што зараз жа пайду ў адвакацкую кантору і мы будзем пісаць скаргі. <> Кіраўнік параіўся і адкрыў мне рахунак».

Акрамя таго, за пражыванне без сапраўднага дакумента ў Германіі прадугледжана крымінальная адказнасць — да года пазбаўлення волі і штраф. А калі ў дачыненні да вас ўзбуджаюць крымінальную справу па гэтым артыкуле, атрымаць ВНЖ або нямецкую візу стане немагчыма. А ў ЕС вы трапіце ў базу дадзеных «парушальнікаў» і легалізавацца будзе складана.

Вячаслаў сьцьвярджае, што ўлады Нямеччыны прасілі распіску з КДБ за подпісам Івана Церцеля, што беларусам пагражае пераслед унутры краіны.

«Усё, што мог, я зрабіў - падаў прафсаюзны білет, папярэднія гісторыі, калі яшчэ сайт praca-by.info працаваў. Падаў, што прафсаюз прызнаны экстрэмісцкім фармаваннем. Вырашаць будзе міграцыйны офіс, да якога я прывязаны па месцы прапіскі. Чыста чалавечы фактар…».

«Но не летят туда сегодня самолеты и не едут даже поезда»

Пытанне вырашаецца выдачай travel-дакумента — спецыяльнага праязнога дакумента для выезду за мяжу для людзей, чый пашпарт больш не дзейнічае, а атрымаць новы няма магчымасці. Але да нядаўняга часу Нямеччына не выдавала іх беларусам. Хоць выдавала іракцам і афганцам.

 — Я ўжо нават з імі [нямецкімі чыноўнікамі - Hrodna.life] гутарыў на гэтую тэму. Я кажу: слухайце, калі вы мне не дасце гэты шэры пашпарт, вы павінны будзеце мяне дэпартаваць. У краіну, у якую, як у песні, «Но не летят туда сегодня самолеты и не едут даже поезда». Каб мяне дэпартаваць, вам трэба будзе чартэрны рэйс заказваць праз Ірак, праз Турцыю з перасадкай. Таму што прамых рэйсаў няма з Германіі ў Мінск. І гэта будзе каштаваць больш € 10 000. А «шэры» пашпарт каштуе € 100, я вам яшчэ за яго грошы заплачу.

Пашпарт замежніка ў Германіі. Фота: Lino Mirgeler / dpa / picture alliance

Вячаслаў пісаў міністру ўнутраных спраў Германіі і апісаў сітуацыю сваю і многіх беларусаў. «Цяпер у дачыненні да мігрантаў гайкі закручваюцца. Калі раней партыя SPD (нямецкая сацыял-дэмакратычная партыя) выступалі за „зялёнае святло ўцекачам“, то цяпер правыя вядуць палітыку [у Баварыі, дзе жыве Вячаслаў — Hrodna.life]. Перспектыва досыць сумная», — заключае ён. Таму ён збіраецца пераязджаць у іншую вобласць Германіі.

Таксама Вячаслаў разлічваў на ініцыятыву «Пашпарт Новай Беларусі» ад Аб’яднанага пераходнага кабінета, хоць да выдачы і прызнання такіх дакументаў шлях яшчэ доўгі.

1 снежня 2023 года яму патэлефанавалі з аддзела па міграцыі і папрасілі прыйсці ў офіс. Вячаславу далі заяву на атрыманне праязнога дакумента. Ён павінен атрымаць яго на рукі праз два тыдні. Баварскія чыноўнікі распавялі, што чыноўнікі атрымалі падрабязныя інструкцыі па працы з заявамі на атрыманне нямецкіх дакументаў для беларусаў.

Пра тое, што ўрадам ФРГ такія інструкцыі былі разасланыя ўсім дзяржаўным інстытутам гэтай краіны, стала вядома падчас сустрэчы Святланы Ціханоўскай з міністрам замежных спраў Германіі Аналенай Бербак у Карлсруэ 25 лістапада 2023 года. Чакалася, што гэта павінна паскорыць працэдуры выдачы беларусам дакументаў, неабходных для легалізацыі.

 — Нямецкія чыноўнікі разумеюць, што для кожнага беларуса, хто доўга жыве за мяжой, ёсць рызыкі пры вяртанні ў краіну, так што яны не патрабуюць гэта даказваць у кожным асобным выпадку. Цяпер гэты працэс федэральным МУС Германіі будзе стандартызаваны і даведзены да ведама кожнага МУС нямецкіх федэральных зямель і ніжэй — аж да кожнай камісіі па справах замежнікаў («пашпартных сталоў»). Пры паездках па гэтым дакуменце ў краіны, якія не ўваходзяць у Шэнгенскую зону, патрэбныя будуць візы. Але ў астатнім — гэта абсалютна легальнае жыццё ў Нямеччыне. Можна рэгістраваць машыну, адкрываць рахункі, рэгістравацца па месцы жыхарства і да таго падобнае, — патлумачыў «Люстэрка» прадстаўнік беларускай дыяспары Германіі Міхаіл Рубін.

Са слоў Рубіна, пачатак выдачы беларусам пашпартоў замежнікаў у Нямеччыне — гэта «вынік доўгай сістэмнай працы беларускай арганізацыі RAZAM і офіса Святланы Ціханоўскай».

«Нікому не дапамагаць і ні ў каго не прасіць дапамогі»

«Я, напэўна, больш чэрствы стаў. Я не чакаў такога стаўлення да беларусаў. Шмат беларусаў было дэпартавана. Ці яны самі з’язджалі - вельмі складана змагацца супраць гэтай сістэмы. Павінен нейкі металічны стрыжань ў чалавеку быць. „Нікому не дапамагаць і ні ў каго не прасіць дапамогі“ — тое, чаму мяне навучылі апошнія 10 гадоў у Нямеччыне».

Нямецкія адвакаты, са слоў Вячаслава, не разбіраюцца ў нюансах легалізацыі беларусаў. Таксама гэта дорага. Адзін ліст ад адваката ў міграцыйны офіс — € 500, адзін званок — € 300.

Вячаслаў працуе на складзе. Уладкаваўся ён з дапамогай копіі пашпарта. Працаваць стала можна толькі праз чатыры гады знаходжання. Да гэтага часу яму аплачвалі жыллё і давалі каля € 300.

«Цяжка, але пасля Беларусі, дзе я зарабляў € 200, € 300 здалося — ніфіга сабе, € 300, і працаваць не трэба. Там 12 гадзін працаваць трэба было, а тут проста так даюць. Ну і плюс, многія рэчы нашмат танней каштуюць. Нешта даражэй, нешта танней».

Таксама пасля пажару ў яго інваліднасць. Вячаслаў гуляе ў шахматы, часам выязджае на турніры і выйграе іх.

У Беларусь Вячаслаў не збіраецца. Мяркуе, што і пасля смерці Лукашэнкі там «нічога не зменіцца». Яго трымаюць у Нямеччыне пенсійныя адлічэнні. «Калі змагу атрымаць тут дакументы і легалізавацца, то для чаго вяртацца? Так, калі часова, наведаць родных і блізкіх — то так. Хацелася б ужо тут асесці і не бадзяцца далей па свеце. Колькі можна? 10 гадоў - вялікі тэрмін. Хочацца спакою — жыць, працаваць, мары ўвасабляць у рэальнасць».

Падзяліцца

Апошнія запісы

Парасон, халат, check-up здароўя. 11 ідэй, што падарыць мужчыну на свята

Лічыцца, што складана выбраць падарунак менавіта мужчыну - мужу, сыну, бацьку, партнёру ці сябру. Сітуацыя…

20 снежня 2024

«Навявае сплін і абурэнне». Беларус наведаў Навагрудак і расчараваўся — горад запушчаны, а сэрвіс не развіты

Беларус Алекс Вазнясенскі наведаў Навагрудак як турыст. Мужчыну ўразіла, што горад з багатай гісторыяй знаходзіцца…

18 снежня 2024

Віціна, дракар ці славянскае фэнтазі? Чаму праект рэстарана-ладдзі на Нёмане выклікае пытанні

Рэстаране-кафэ “Нёманская віціна” ў выглядзе ладдзі - частка канцэпцыі новай гродзенскай набярэжнай, якую абмеркавалі ў…

18 снежня 2024

Дыякан, хакер і шматдзетны бацька. Як беларус выканаў амерыканскую мару

Аляксей Кажэнаў з'ехаў з Мінску ў 1998-м годзе. Ён атрымаў працу ў Google, стаў дыяканам…

17 снежня 2024

Усяслаў Чарадзей — квадробер, а Францішка Уршуля Радзівіл — найк про. Тлумачым моладзевы слэнг на гістарычных постацях

Слэнг пастаянна змяняецца - у апошні час пад ўплывам TikTok. Зразумець яго адразу і ўвесь …

9 снежня 2024

Можна пакаштаваць на большасці заправак. Як у Гродне пражаць каву для ўсёй Беларусі

Кожны месяц 22 тоны кававага зерня выязджаюць з Гродна, каб патрапіць на запраўкі па ўсёй…

9 снежня 2024