«Геміні»: міралюбівы і шаблонны баявік з двума Уіламі Смітам

У паўфантастычным фільме оскараноснага рэжысёра Энга Лі «Геміні» Уіл Сміт змагаецца супраць маладой копіі самога сябе за права спакойна адпачыць на пенсіі. Барацьба праходзіць з такімі гуманістычнымі пасыламі, што ўвесь час чакаеш хутчэйшага братання паміж галоўным героем і яго кланаваным супернікам.

Фарш з Борна, «Універсальнага салдата», «Шостага дня» і ўсяго, што ўже было

Ад наяўнасці ў тытрах імя Энга Лі не варта чакаць у фільме пошукаў глыбіннага сэнсу. Для ўладальніка двух «Оскараў» за фільмы «Жыццё Пі» і «Гарбатая гара» баявік «Геміні» стаў хутчэй ненадакучлівай прагулкай для заробку лёгкіх грошай. Рэжысёрскі почырк адгадваецца толькі ў нядрэннай аператарскай працы, дзе камера ўлоўлівае жывапісныя амерыканскія пейзажы і гарадскія прыгажосці старога Будапешта.

У астатнім «Геміні» – гэта шаблоннае спалучэнне фільмаў пра Джэйсана Борна і Ітана Ханта, дзе галоўныя персанажы паўстаюць супраць падступнай дзяржаўнай сістэмы, якая выхавала з іх забойцаў з моцнай вытрымкай. Яшчэ да фільма дададзеныя матывы класічнага «Універсальнага салдата», у якім Ван Дам супрацьстаяў удасканаленым забойцам, а таксама «Шостага дня», дзе Шварцэнэгер спрабаваў разабрацца з клонамі самога сябе.

Увесь гэты фарш «усяго, што было раней» запраўлены камп’ютарнымі эфектамі: прыжмурыўшыся, вы лёгка здагадаецеся, у якіх момантах твар амаложанага Уіла Сміта выглядае як мульцяшка.

Камедыйны патэнцыял мог бы быць большым

Больш за ўсё ў фільме спадабалася лёгкая іронія самога Уіла над сваім узростам, калі герой спрабуе паменшыць свой рэальны ўзрост усяго на адзін год. Бадзёра хваліць самога сябе, свой маладжавы знешні выгляд, падае іншым ўрокі як добра захавацца. Сміт робіць тое, што яго праславіла даўным-даўно – выкарыстоўвае на ўсе сто свой камедыйны патэнцыял. Толькі шкада, што ў фільме для гэтага адведзена занадта мала часу, тым больш каштоўныя хвіліны смеху забірае яго кітайскі таварыш.

У большасці экраннага часу фільмам кіруе дынамічны высакакласны экшн, калі героі спаборнічаюць у дакладнасці трапляння па мішэнях з рознага віду зброі. Уіл Сміт быццам не выходзіў з вобразу комікснага Дэтшота з «Отрада самагубцаў» трохгадовай даўніны.

Gemini man Will Smith / Гемини Уилл Смит

Ад пастаяннага напамінку, што галоўны герой – найлепшы салдат у Сусвеце, за дзве гадзіны пачынала ўжо ванітаваць. Тым больш эфект празмернага ўзвялічвання заўсёды быў у два разы больш, бо дзесьці побач бадзяўся Уіл Сміт-малодшы, які таксама думаў пра сябе. Да сярэдзіны фільма гэтыя спрэчкі пачалі канкрэтна надакучваць.

Кветкі замест гранат?

Бліжэй да канцоўкі чалавекалюбства стала пераважаць над эгацэнтрызмам галоўных персанажаў і баявік імкліва стаў ператварацца ў нешта падобнае да «У пагоні за шчасцем», дзе Уіл Сміт са сваім сынам спрабавалі выжыць насуперак лёсу. Мэты героя і яго антыпода зліліся, каб паказаць сістэме як перамагае любоў. Шкада толькі, што персанажы не дадумаліся замест гранат кідаць у ворагаў кветкі.

У выніку «Геміні» варта прызнаць адным з самых міралюбных баевікоў апошніх гадоў, а Уіл Сміт трапіў у катэгорыю акцёраў, якія на старасці гадоў змаглі «ўцерці нос» сваёй маладой копіі. Няхай жывуць спецэфекты!

Калі вы знайшлі ў тэксце памылку або абдрукоўку, калі ласка, паведаміце нам, выбраўшы адпаведны фрагмент і націснуўшы клавішы Ctrl+Enter.

Spelling error report

The following text will be sent to our editors: