На «Гарадзенскім рублі» будзе выява Фарнага касцёла. «Гэта найбольш пазнавальны архітэктурны помнік Гродна і вельмі прыгожы будынак з даўняй цікавай гісторыяй», — кажа Валерый Сіманаў, стваральнік эскіза манеты і аўтар праекта «113 гарадоў». Паводле задумкі, свой рубель атрымае кожны з гарадоў краіны. На пачатку працы, у 2015, іх у беларусі было 113. Гродзенская манета выйдзе ўжо ў кастрычніку і стане дванадцатай у гэтым шэрагу.
Зараз ужо гатовы арыгінал-макет «Гарадзенскага рубля» (ілюстрацыя вышэй), ідзе ўзгадненне 3D макета для штампаў. У працэсе падрыхтоўкі манеты звычайна распрацоўваецца 5−6 эскізаў з рознымі варыянтамі шрыфтоў і выяваў.
«Раюся з сям’ёй, гэта мая самая надзейная група падтрымкі, з жыхарамі „манетнага“ горада, з сябрамі праекта ў суполках сацыяльных сетак. Для Гродна спачатку хацеў зрабіць незвычайны дызайн. Але яго адназначна „забракавалі“. У выніку — сышліся ў меркаванні, што Фарны — найлепшы выбар».
Усе манеты праекта «113 гарадоў» выходзяць абмежаваным накладам — толькі па 100 асобнікаў і паўторна чэканіцца не будуць. Цана любой манеты на старце складае каля 10 рублёў.
«Першы месяц кошт ніколі не змяняю, каб і калекцыянеры, і жыхары горада маглі набыць сабе такі сувенір. На гэта сыходзіць большая частка тыражу. Пазней кошт залежыць ад наяўнасці. Напрыклад, зараз „Клецкіх рублёў“ засталося не больш пяці штук, і набыць іх паасобку ўжо немагчыма — толькі ў камплекце».
Калі манета робіцца рэдкай, то на аўкцыёнах цэны на яе растуць. Самым дарагім на сёння стаў «Магілёўскі рубель». Паспрыяў таму медыйны скандал, калі надпіс «Пара, пара!» — заклік бургамістра Левановіча да паўстання 1661 года супраць Масковіі, быў хваравіта ўспрыняты некаторымі расійскімі СМІ. Зараз ён каштуе на аўкцыёнах каля 30 долараў. Так што калекцыя можа стаць варыянтам укладання сродкаў.
Ідэя чэканіць уласныя манеты-жэтоны з’явілася з назірання за працай знаёмага, які кувалдай біў сувенірныя манеты.
«Захацелася зрабіць нешта падобнае, зацікавіўся працэсам. Стаў вывучаць тэхналогію, штампы, вырашыў зрабіць папрыгажэй. І атрымалася настолькі прыгожа, што лепш за сапраўдную». А тут акурат у суседняга горада, Узды, быў юбілей. Да яго і быў прымеркаваны выпуск першай манеты — «Уздзенскага рубля».
Потым сябры параілі зрабіць манеты для кожнага горада Беларусі. Так з’явіўся праект «113 гарадоў».
«Зараз гарадоў у нас ужо больш. Ад пачатку праекта яшчэ некалькі гарадскіх пасёлкаў атрымалі статус горада. Але змяняць назву не буду. Пазней назаву праект «113 гарадоў+».
Выпускам «гарадскіх» рублёў Валерый Сіманаў займаецца ў вольны ад асноўнай працы час. «Мне падабаецца рабіць манеты, бо якасных сувеніраў такога кшталту ў нас практычна няма. Ды і цікавасць да гісторыі гэта падтрымлівае».
Манеты з гарадамі Беларусі ўжо зацікавілі калекцыянераў не толькі ў нашай краіне: Валерый мае падпісчыкаў з Канады, Злучаных Штатаў, Партугаліі ды іншых краін. «Людзі бачаць манеты і праз іх даведваюцца пра Беларусь і яе гісторыю», — кажа ён.
Што да фінансавання любімага занятку, то пакуль укладацца ў яго прыходзіцца па большай частцы з сямейнага бюджэту. «Замова штампаў дорага каштуе. Калі тыраж удалы, то затраты акупаюцца і ёсць магчымасць замовіць новыя. Калі манета падвісае, то ўкладаю зноў, каб працягнуць выпуск. Бо вырашыў давесці справу да канца».
Памятныя манеты не з’яўляюцца плацёжным сродкам, гэта сувенірная прадукцыя. Пабачыць усе манеты праекта можна на сайце, распаўсюджваецца большая іх частка праз суполкі праекта ў ВК і Facebook. Астатнія манеты разыходзяцца і прадаюцца праз аўкцыён, у тым ліку Ebay. Ужо выдадзеныя манеты розных гарадоў Беларусі маюцца ў калекцыях у ЗША, Вялікабрытаніі, Канадзе, Аўстраліі і іншых краінах.
Лічыцца, што складана выбраць падарунак менавіта мужчыну - мужу, сыну, бацьку, партнёру ці сябру. Сітуацыя…
Беларус Алекс Вазнясенскі наведаў Навагрудак як турыст. Мужчыну ўразіла, што горад з багатай гісторыяй знаходзіцца…
Рэстаране-кафэ “Нёманская віціна” ў выглядзе ладдзі - частка канцэпцыі новай гродзенскай набярэжнай, якую абмеркавалі ў…
Аляксей Кажэнаў з'ехаў з Мінску ў 1998-м годзе. Ён атрымаў працу ў Google, стаў дыяканам…
Слэнг пастаянна змяняецца - у апошні час пад ўплывам TikTok. Зразумець яго адразу і ўвесь …
Кожны месяц 22 тоны кававага зерня выязджаюць з Гродна, каб патрапіць на запраўкі па ўсёй…