Горад

Чаго мы не можам. Галоўны рэдактар пра тое, што зрабіць, каб незалежныя медыі не замаўчалі

Мяне завуць Аляксей Шота, я галоўны рэдактар Hrodna.life. Я хачу расказаць, чаму прафесія журналіста — не самы лепшы выбар, і што дае мне і маёй камандзе сілы і натхненне заставацца ў ёй у любых умовах.

Гэты матэрыял падрыхтаваны дзякуючы вашай падтрымцы на Patreon

Hrodna.life працуе для вас. Калі вам падабаецца наша выданне, калі ласка, падтрымайце нас, стаўшы падпісчыкамі на Patreon. Гэта дазволіць нам рыхтаваць яшчэ больш цікавых аўтарскіх матэрыялаў.

Але рабіце гэта толькі, калі вы ў бяспецы. Напрыклад — за мяжой. І ні ў якім разе не з карты беларускага банка.

Чаму журналістыка — не самая лепшая прафесія

Галоўны рэдактар — чалавек незаўважны для публікі. Сапраўдныя твары выдання — гэта журналісты, якія заўсёды на перадавой. Я ж працую ў цені і адноснай бяспецы. Не задумваюся, дзе ўзяць бронекамізэльку ці як прабегчы стометроўку хутчэй за амапаўца.

Яшчэ я трэнер у школе журналістыкі. Часта кажу студэнтам, што журналістыка — вельмі кепская прафесія: цяжкая, няўдзячная, канкурэнцыі шмат, а грошай мала. І за працу наўрад ці нехта скажа дзякуй. Значна больш шанцаў атрымаць позву ў суд або застацца без зубоў.

Чаму мы працягваем гэтым займацца

Выбары-2020 паказалі, што я сваю прафесію недаацаніў. Такой салідарнасці ад калег і чытачоў я не адчуваў ніколі. Узрушыў момант, які здарыўся ў самыя цяжкія першыя дні пасля выбараў. Мы тады працавалі амаль суткамі, увечары закрываліся ў рэдакцыі, бо выходзіць пасля 18.00 было проста небяспечна. Але і ў офісе сядзець спакойна было немагчыма: думкі былі толькі пра калег, якія ў гэты ж час рызыкавалі, гойсаючы па напоўненых спецтэхнікай вуліцах.

У адзін з такіх вечароў да нас зайшлі суседзі і прынеслі самае неабходнае: два пакеты ежы, вады, энергетыкаў і некалькі пачак цыгарэт. Здаецца, дробны жэст, але мяне ён крануў надзвычай моцна. У такія моманты побытавай салідарнасці найлепш разумееш, што працуеш не дарма.

За што мне сорамна перад чытачамі

Другі раз я адчуў падобнае, калі затрымалі Руслана Кулевіча. Нам пісалі дзясяткі людзей з Гродна, іншых гарадоў і краін. Яны хацелі падтрымаць нас і даведацца, што з самым хуткім журналістам на ровары. Не меншай была рэакцыя на затрыманне Ірыны Новік.

У такія моманты мне было сорамна перад чытачамі, што мы не можам працаваць яшчэ лепш. З першых паслявыбарчых дзён і тыдняў засталіся дагэтуль нерэалізаваныя тэмы, дыктафонныя запісы, якія мы не паспелі расшыфраваць, героі, пра якіх не паспелі напісаць. Прабачце, што так атрымалася, мы і праўда працавалі на мяжы магчымасцяў.

Чаго мы не можам

Праз месяц Руслан напісаў калонку пра сваё затрыманне. Калі я яе рэдагаваў, у мяне ўзніклі асацыяцыі з ягонымі кнігамі. Там у многіх успамінах прасочваецца гісторыя гета і яго вязняў. Гэтыя словы актуальныя і зараз.

«Калі неяк не так перад немцам прайшоў, то нагайкай білі. Не так паглядзеў - расстрэльвалі. І не толькі яўрэяў. […] Яна выйшла з дома і толькі зірнула праз дрот на гета. Так немец узяў яе і забіў. Яны не лічылі цябе за чалавека. […]. Калі немец павесіў там жанчыну… Я калі ўбачыла гэты язык фіялетавы, то страціла прытомнасць. Ачуняла я ў мужыка на возе. Ён мне тады ляпнуў пад зад, і я пайшла дадому. З таго моманту я перастала па горадзе бегаць», — расказвала на адной з сустрэч Раіса Шымбарэвіч, гераіня кнігі Руслана.

Мы не можам перастаць бегаць па горадзе. Не можам перастаць глядзець шырока адкрытымі вачыма на тое, што адбываецца. Не можам перастаць пісаць і гаварыць пра гэта.

Словы сталай гродзенкі «Яны не лічылі цябе за чалавека», сказаныя пра нацысцкіх акупантаў, добра ілюструюць маё асабістае ўражанне ад сілавікоў. Мне давялося быць на сустрэчы прадстаўнікоў пратэстуючых гродзенцаў з чыноўнікамі. Там я некалькі дзясяткаў хвілін узіраўся ў вочы міліцэйскага начальніка. І пераканаўся — яны не лічаць нас за людзей. І пра гэта мы таксама не можам маўчаць.

Чаму мы просім дапамогі

У такіх умовах кожная праява салідарнасці для нас важная. Кожная, нават дробная дапамога, дазваляе захаваць калектыў журналістаў Hrodna.life, якімі я ганаруся. Мы за некалькі гадоў стварылі адно з найлепшых рэгіянальных медыяў у Беларусі і безумоўна самае пазнавальнае ў Гродне. Калі ласка, дапамажыце яго захаваць.


У сваёй працы Hrodna.life арыентуецца перадусім на супольнасць чытачоў. У цяжкую хвіліну мы спадзяемся на іх падтрымку.

Каб утрымаць штат журналістаў і офіс, мы просім вас пералічыць нам невялікую суму грошай. Але рабіце гэта толькі, калі вы ў бяспецы, напрыклад, за мяжой. І ні ў якім разе не з беларускай банкаўскай карткі!

З вашай дапамогай мы працягнем працаваць і расказваць тое, пра што маўчаць іншыя.

А яшчэ рэалізоўваць нашу мару — ствараць сапраўды грамадскае медыя, якое б залежыла толькі ад сваіх чытачоў.


Чытайце таксама: Страйк на Hrodna.life. Як пратэстуюць журналісты і як падтрымаць незалежнае медыя

Апошнія запісы

Тры Белавежскія пушчы. Як агароджы на мяжы змяняюць лес і жывёльны свет у Беларусі, Польшчы і паміж платамі

Белавежская пушча сёння раздзеленая не на дзве, а насамрэч на тры часткі: беларускую, польскую і…

31 сакавіка 2025

«Трэнд — мацоўня, здароўе». Задалі адны і тыя ж пытанні металістам з Беларусі і Польшчы

Ужо некалькі дзесяцігоддзяў метал-музыка аб'ядноўвае людзей не толькі адных музычных прыхільнасцяў, але і падобнага светапогляду.…

26 сакавіка 2025

У гродзенскім ГЦ развяліся прусакі. Куды звяртацца, калі заўважылі насякомых у кафэ ці ў сябе дома

У ГЗК Triniti гродзенцы заўважылі прусака — насякомае бегала па канапе ў зоне фуд-корту. Hrodna.life…

26 сакавіка 2025

«Магчыма, будзе і новы матэрыял». Вакаліст гурта Ulis Слава Корань расказаў, як эміграцыя не дае яму пісаць

Беларускі гурт Ulis праіснаваў больш за 20 гадоў. Яго спадчына жыве - музыканты робяць каверы,…

20 сакавіка 2025

«Мама выпісвала фальшывыя дакументы і дапамагала трапіць у Польшчу». Рэпатрыянтка — пра дзяцінства ў Гродне і эміграцыю ў 1946-м

Крысціна Мішчук (Пянткоўская) нарадзілася ў 1933 годзе ў Гродне ў сям'і мясцовай інтэлігенцыі. Каталічка. Тата…

18 сакавіка 2025

«Мая зямля — што хачу, тое і раблю». З’ездзілі ў польскую вёску ля мяжы з Беларуссю, куды стараста запрашае жыць усіх ахвотных

У 500 метрах ад плота, узведзенага на польскім баку мяжы з Беларуссю, стаіць вёска Азяраны…

17 сакавіка 2025