Абноўлена. Журналістку Hrodna.life Ірыну Новік затрымалі з мужам Анатолем Новікам, калі яны здымалі мітынг у Гродне ў падтрымку Лукашэнкі. Іх адвезлі ў РАУС, але праз гадзіну адпусцілі пасля прафілактычнай гутаркі, тэхніку вярнулі, выдаліўшы запісы.

Аб тым, што адбылося, яна паспела паведаміць калегам каля 15:00. Іх павезлі ў РАУС Ленінскага раёна па адрасе Дубко, 5. Верагодна, іх затрымалі за здымку з дрона.

Прэс-сакратар УУС Гродзенскага аблвыканкама Яўген Дудко сказаў, што Ірына і Анатоль ня затрыманыя, а дастаўлены ў РАУС для разбіральніцтва і павінны быць адпушчаныя.

Іх сапраўды адпусцілі з РУУС пасля прафілактычнай гутаркі. Тэхніку вярнулі, выдаліўшы з яе запісы.

«Таму нашы чытачы, на жаль, не ўбачаць велізарнае чырвона-зялёнае палотнішча сцяга з вышыні, і людзей, якія сабраліся ў падтрымку Аляксандра Лукашэнкі», — сказала Ірына, калі змагла патэлефанаваць калегам.

Ірына Новік — рэдактарка спецпраектаў, рэпарцёрка, фатографка і відеографка. У журналістыцы з 2015 года. Ўдзельнічала ў распрацоўцы канцэпцыі рэбрэндынгу выдання «Твой стыль» і стварэнні «Hrodna.life». Па адукацыі Ірына інжынер-механік, таму не баіцца тэхнічна складаных фарматаў.

Часцей за ўсё піша сацыяльныя рэпартажы. Любімая справа — вынаходзіць ровар і ставіць амбіцыйныя мэты для ўсіх, хто не паспеў схавацца.

Матэрыялы Ірыны Новік адзначаны дыпломамі многіх конкурсаў.