«Нішто ў гэтым свеце не выпадкова», — кажа майстар вежавага гадзінніка ў Гродне Даменік Пралейка. Ужо два гады ён апякуецца гарадскім гадзіннікам на вежы Фарнага касцёла, які ў траўні 2017 года засталіся без майстра пасля смерці Іосіфа Ясюкевіча. Як Даменік асвойваў старадаўні механізм, ён распавёў Hrodna.life.
Папярэднік Даменіка Іосіф Ясюкевіч працаваў з гадзіннікам больш за 30 гадоў. Закінуты гадзіннік на вежы Фарнага касцёла аднавілі ў канцы 1980-х па ініцыятыве тагачаснага дацэнта фізічнага факультэта ГрДУ Аляксандра Мілінкевіча. З тых часоў, з 1989 года, калі гадзіннік зноў усталявалі на вежы, Іосіф Ясюкевіч амаль кожны дзень падымаўся на вышыню 10-
павярховага будынка, каб уручную заводзіць механізм.
Аналага гродзенскаму гадзінніку, які датуецца пачаткам 16 стагоддзя, у Еўропе няма. Нават у Празе, у знакамітых курантах з рухомымі фігуркамі, не захаваўся арыгінальны механізм, яго цалкам замянілі сучасным. У Гродне механізм цудам ацалеў.
30 красавіка 2017 года шматгадовы майстар найстарэйшага ў Еўропе вежавага гадзінніка памёр на сваім працоўным месцы. Неўзабаве гадзіннік у цэнтры Гродна спыніўся і ў касцёле сталі шукаць новага майстра. Так выйшлі на Даменіка, які працуе ў Гродне гадзіннікавым майстрам ужо 40 гадоў. Свой шлях у механіцы ён пачаў ад вывучэння простага будзільніка.
«Не проста так я трапіў на гэтую працу, мабыць Бог так вырашыў, — распавядае Даменік. — Аднойчы я прыйшоў у Фарны касцёл на імшу і ў канцы службы ксёндз абвясціў, што памёр наглядчык гадзінніка. Усе жахнуліся: як так? Чалавек яшчэ не стары быў - і раптам памёр. Я падумаў: хто ж цяпер будзе абслугоўваць гадзіннік? Як жа пакінуць такі гадзіннік без майстры, няўжо мне давядзецца? А ці змагу я яго абслужыць?
Як аказалася, думкі матэрыяльныя. Сябе я не прапаноўваў у ролі майстра, але ў адзін дзень на мяне выйшлі памочнікі пробашча касцёла і прапанавалі паспрабаваць. І тады я падумаў, што гэта лёс. Бог дае мне шанец. За паўгода прайшоў выпрабавальны тэрмін і цяпер я магу з гонарам сказаць, што даглядаю галоўны гарадскі гадзіннік".
На месца майстра разглядалі некалькі кандыдатур. Але не ўсе пагаджаліся на такую адказную працу. Да таго, як Даменіку прапанавалі працу, механізм гадзінніка на вежы касцёла ён ні разу не бачыў.
«Я ведаў Іосіфа, але ніколі не падымаўся да яго. Ды і туды простаму чалавеку складана было патрапіць. Пасля смерці майстра касцёлу цяжка было знайсці новага. Хтосьці не згаджаўся па стане здароўя, гэта ж трэба пераадолець больш за сотню прыступак каб падняцца. Хтосьці адмаўляўся бо не ведаў такога механізма.
Першы час, калі мне паказалі механізм, страшна было. Падняўся — быццам у космас паляцеў. Такога механізма я яшчэ ніколі не бачыў. Здзіўляла не толькі канструкцыя, але і від з вежы на цэнтр горада. Некалькі месяцаў я выдаткаваў на вывучэнне механізма. У гэты працэс трэба было абавязкова ўглыбіцца. На першых этапах даводзілася спыняць гадзіннік і гараджане на гэта звярталі ўвагу. Але так трэба было. Я вычышчаў там усё, парадкаваў".
За два гады Даменік прывык да гадзінніка і вывучыў яго. Гадзіншчык адзначае, што вельмі ганарыцца сваёй працай і магчымасцю, якую даў лёс.
«Майстар вежавага гадзінніка — гэта рэдкая прафесія. Сёння я адзін такі ў Беларусі. Я атрымаў магчымасць дакрануцца да найстарэйшага гадзінніка і на мне ляжыць вялікая адказнасць. Бо з вежавым гадзіннікам касцёла гараджане звяраюць і свае гадзіннікі. Менавіта таму я імкнуся правяраць механізм кожны дзень. А калі праходжу міма касцёла, то заўсёды звяраю гадзіннік, каб ён правільна паказваў».
Генрык Усціла нарадзіўся ў 1929 годзе ў Гродне на вуліцы Брыгіцкай. У 1935 годзе яго…
Агароджа на мяжы Польшчы і Беларусі дзеліць Белавежскую пушчу на дзве часткі. Па абодва бакі…
Ягор з партнёркай перажылі тры пераезды і вайну, і калі вонкавага лайна стала менш -…
Сто гадоў таму ў Гродне адбылося самае гучнае забойства 1925-га: у цэнтры гораду забілі вядомага…
Напярэдадні Дня святога Валянціна ўсё больш жанчын у свеце адзначаюць Дзень Галентайна - жаночага сяброўства.…
Масленіца ў гэтым годзе прыпадае на 2 сакавіка, а масленічны тыдзень пачынаецца з 24 лютага.…