Вежавы гадзіннік на гродзенскай кірсе пачнуць аднаўляць. Ужо цяпер прадстаўнікі лютэранскай абшчыны вядуць перамовы з польскімі майстрамі і чакаюць іх у бліжэйшы час у Гродне, каб ацаніць аб’ём работ. Спонсарам рамонту гадзінніка выступіць лютэранін, які жыве ў Нямеччыне.

Захаванасць — 85%

Механізм вежавага гадзінніка на кірсе захаваўся да нашых дзён у добрым стане. Паводле папярэдніх ацэнак яго захаванасць складае 85%. Узрост гадзінніка — 105 гадоў, яго ўсталявалі на вежы ў 1913 годзе. Механізм спыніўся прыблізна ў 1944 годзе.

«Сёлета вялікі юбілей для нашай абшчыны — 25 гадоў як мы адрадзіліся пасля працяглага перапынку і 240 гадоў як упершыню была зарэгістраваная лютэранская абшчына ў Гродне, — распавядае пастар Уладзімір Татарнікаў. — Святкаванні пройдуць 27 мая».

Аднаўленне механізму ў вежы будзе выдатным падарункам да юбілеяў.

Фірма, якая ўсталёўвала гадзіннік, яшчэ існуе

Ужо каля месяца вядуцца перамовы з польскай фірмай, якая будзе аднаўляць гадзіннік. Абшчыне таксама ўдалося выйсці і на нямецкую фірму, якая яго ўсталёўвала ў пачатку XX стагоддзя.

«Так, гэтая фірма яшчэ існуе. Для нашага музея яна перадасць старыя дакументы па гадзінніку. Магчыма, у якасці спонсарскай дапамогі яны ўсталююць нам частку страчаных элементаў», — дадаў пастар.

Дапамог былы прыхаджанін

Некалькі гадоў гродзенская абшчына шукала спонсара для рамонту гадзінніка. Абяцала дапамагчы пасольства Германіі, але ў выніку знайшоўся мецэнат з ліку былых прыхаджан. Званару кірхі Юрыю Лабоцкаму пазваніў сябар з Германіі, які прапанаваў заняцца гадзіннікам.

«Ідэя аднавіць гадзіннік з’явілася дзякуючы аднаму былому прыхаджаніну, — распавядае Юрый Лабоцкі. — Абшчына даўно хацела аднавіць яго, але не было сродкаў. Пасля званка Віталя мы знайшлі фірму, якая займаецца рамонтам, і нават самаго вытворцу. Большая частка механізму захавалася добра, не хапае трасоў і барабанаў. Адзін польскі майстар па фатаграфіях ацаніў стан механізму і чакае моманту, каб прыехаць у Гродна».

Стары гадзіннік на кірсе будуць аднаўляць. Знайшоўся спонсар
Юрый Лабоцкі на вежы кірхі паказвае часткі механізму гадзінніка. Ад цыферблата на вежы практычна нічога не засталося

Гадзіннік будзе даглядаць патомны званар

Ёсць верагоднасць, што механізм гадзінніка запусцяць ужо ў 2018 годзе і даглядаць яго будзе акурат званар Юрый Лабоцкі. У абшчыне кажуць, што гадзіннікам на кірсе да Другой сусветнай вайны займаўся менавіта дзед Юрыя — Райнгольд Шэфлер.

«Мой дзед быў званаром і, мне таксама здаецца, што ён адказваў за гадзіннік на вежы да вайны, бо звон і механізм былі звязаныя паміж сабой. Устаноўлены ў кірсе гадзіннік быў дадстаткова сучасны і сур’ёзных навыкаў, каб яго падводзіць або абслужыць, не трэба было мець.

Сёння я, як і мой дзед, пастаянна праводжу час на вежы. Хачу верыць, што ў найбліжэйшай будучыні гродзенцы будуць спраўджваць свае гадзіннікі па нашай кірсе, як гэта было і 100 гадоў таму".