Гродзенцу Ягору Чэкелю 21 год. Тры гады таму, калі ён вучыўся на другім курсе ўніверсітэта, у яго з’явілася ідэя адкрыць фудтрак, дзе будуць выпякаць трдзельнікі. Як за гэты час развіўся бізнес, расказаў av.by.
Пасля школы Ягор паступіў у Інстытут бізнеса БДУ у Мінску. «Брат майго найлепшага сябра ў гэты час адкрыў тут першы міні-фуд-трак з трдзельнікамі. Ён сам шмат разоў быў у Чэхіі, адтуль і прывёз гэтую ідэю. А рэалізоўваеў яе цалкам сам. Самастойна ствараў рэцэптуру, шмат працаваў над ёй, удасканальваў яе. Мне спадабаўся гэты трак — і я прапанаваў яму адкрыць такі ж у Гродне», — сказаў Ягор Чэкель.
Хлопцы знайшлі 30-гадовы Volkswagen LT у Брэсцкай вобласці. Мясцовы фермер перавозіў на ім гародніну. Хлопцы набылі грузавік, адвезлі яго на лецішча пад Мінскам і заняліся рамонтам.
Рамонт каштаваў у пяць разоў больш за сам грузавік
Хлопцы набылі грузавік за $ 1,3 тыс. На рамонт, які цягнуўся два месяцы, сышло прыкладна $ 7 тыс. Частку грошай Ягор меў адкладзеных, часткай дапамагла сям’я.
«У школьныя часы я займаўся настольным тэнісам. Удзельнічаў у турнірах, займаў прызавыя месцы і атрымоўваў за гэта ўзнагароды. Штосьці адклаў, дзесьці дапамагла сям’я», — сказаў Ягор.
Фургон хлопцы рамантавалі штодзённа. Яны самі ўцяплілі яго і абшылі нержавейкай, правялі электрыку і зладзілі асвятленне. Таксама яны зрабілі дадатковыя сталы і паліцы для захавання посуду.
Звонку яны хацелі зрабіць фургон такім, каб ён адрозніваўся ад астатніх і перадаваў дух Чэхіі. Трэба было зрабіць акно для раздачы, драўляную абіўку і адкідную дзверцу.
Запусцілі бізнес нягледзячы на каранавірус
Летам 2020 года фургон размясцілі на набярэжнай Нёмана, дзе летам збіраецца моладзь. Нягледзячы на пандэмію каранавіруса, бізнес пачаў працаваць.
«Я не магу сказаць, колькі дакладна ў нас атрымалася зарабіць у першы год, бо ўвесь прыбытак мы ўкладалі ў рэкламу і ўдасканальвалі сваю справу, — сказаў Ягор. — Напрыклад, вельмі хутка мы зразумелі: да трдзельніка патрэбна добрая кава. Нам прыйшлося купляць абсталяванне і адукоўваць нашых супрацоўнікаў - наймалі барыста для гэтага».
Трдзельнік — традыцыйная страва ў Цэнтральнай Еўропе, салодкая выпечка, якая паходзіць з рэгіёна Загор’е. Вырабляецца з абкручанага вакол кія цеста, пасмажанага на грылі і пасыпанага цукрам, змяшаным з арэхамі і карыцай.
Праз два гады адкрылі новую кропку
Гродзенцы выпечку прынялі, таму ў хлопцы вырашылі адкрыць яшчэ адзін фудтрак з трдзельнікамі. Новы фургон размясцілі летам 2022 года ў лесапарку Пышкі на «сцежцы здароўя».
Яны былі адзіныя, хто ўдзельнічаў у аўкцыёне на права арэнды ўчастка, таму заплацілі мінімальную стаўку — 200 рублёў.
Чытайце таксама: «Піца гатуецца да 90 секунд». Браты з Гродна адкрылі першы ў Беларусі піцатрак
Больш за ўсё грошай сыходзіць на арэнду
«Самая вялікая частка выдаткаў - гэта арэнда. Мы ў сезон плацім каля 750 рублёў. Па-за сезонам — 300−400. Электрычнасць падключана да суседняга будынка „Зелянбуда“ і каштуе ў сярэднім 400 рублёў. Тут энергазатратнае абсталяванне — печ, кава-машына, да і атапліваць зімой трэба. На падаткі сыходзіць 20% ад прыбытку. Воду мы купляем бутэлькавую», — сказаў Ягор.
Якія заробкі ў супрацоўнікаў, уласнік трака не расказаў, але запэўніў, што дастойныя і вышэй, чым у людзей, якія працуюць у падобных месцах.
Тры-чатыры месяцы ў год кропка на набярэжнай не працуе. Яе закрываюць на зіму, бо ў гэты перыяд яна не вельмі прыбыткова. У Пышках фудтрак працуе цэлы год.
Колькі каштуе трдзельнік
Цана аднаго трдзельніка — 4 рублі. Дадаткова трэба заплаціць 2,5 рублі за начыненне. Іх у Пышках набываюць матулі, якія гуляюць з дзецьмі, сем'і, сталыя людзі. «Хтосьці прыязджае да нас спецыяльна па трдзельнік, бо ў горадзе больш такіх ніхто не пячэ», — сказаў Ягор.
Па жаданні кліента трдзельнік могуць напоўніць начыненнем, а таксама абсыпаць карыцай. Нягледзячы на тое, што трдзельнік лічаць дэсертам, хлопцы распрацавалі спецыяльнае начыненне для тых, хто хоча шчыльна перакусіць — з сырам крэм-чыз і беконам.
Сабекошт трдзельніка Ягор не ведае, бо ніколі не падлічваў. «Магу сказаць дакладна, што мы не эканомім на прадуктах. Купляем муку толькі прэміяльнай якасці».
У будучыні хлопец хоча запусціць франшызу па выпечцы трдзельнікаў. Пакуль іх гатуюць толькі ў Гродне і ў Мінску.
Чытайце таксама: Гродзенец уклаў больш за $ 15 000 у фудтрак і паставіў яго ў вёсцы. Грошы вярнуліся ўжо за год