У снежні 1941 года ў Гродне зрабілі незвычайнае фота. На ім — трое сакрэтных кур’ераў - яўрэйскія жанчыны, што выдавалі сябе за полек і дзякуючы фальшывым дакументам маглі падарожнічаць і падтрымліваць камунікацыю паміж рознымі адізаляванымі гета на землях акупаванай міжваеннай Польшчы.
Гэта Лонка (Лiя) Казібродская, Тэма Шнeйдэрман і Бэла Чазан. Яны былі членамі польскага сіянісцкага моладзевага руху «Dror» («Фрайхайт», даслоўна «Свабода»). З іх толькі Бела Чазан перажыла Халакoст. Большасць з адважных маладых (15−25 гадоў) дзяўчат, што рызыкавалі жыццём, былі схопленыя і пакараныя немцамі, або загінулі ў час паўстанняў у гета.
Асноўная функцыя кур’ераў - перадача інфармацыі, зброі, боепрыпасаў і грошай паміж габрэйскімі суполкамі ў раз’яднаных гета. Яны таксама дапамагалі членам моладзевых рухаў дабірацца да схованак за межамі гета. Дапамагала дзяўчатам «арыйская» знешнасць і выдатнае валоданне польскай мовай.
Адкуль фота?
Здымак з акупаванага Гродна прайшоў праз мноства рук, пакуль праз 72 гады не патрапіў у Музей змагароў гета. Гісторыю фота апісаў Йоэль Яары, сын Бэлы Чазан, у артыкуле, што выйшаў у красавіку 2018 у ізраільскай газеце «Yediot Ahronot» («Апошнія навіны»). Гэты артыкул заснаваны на артыкуле, апублікаваным Йоэлям Яары. Я вельмі ўдзячная Йоэлю за дапамогу і каментарыі.
Трое кур’ераў
Лoнка (Лія) Казібродская нарадзілася ў 1916 годзе ў Прушкове, недалёка да Варшавы, у сям'і сіяністаў. Яна мела талент да моваў. Акрамя польскай, ідышa і іўрытa, свабодна валодала французскай, нямецкай, англійскай, рускай і ўкраінскай мовамi. Тэма Шнeйдэрман нарадзілася ў Варшаве ў 1917 г. у нярэлігійнай яўрэйскай сям'і. Бэла Чазан, самая малодшая з іх трох, нарадзілася ў 1922 г. у мястэчку Розышчэ на Валыні. Яе сям’я была вельмі рэлігійнай.
Падчас Другой сусветнай вайны Лoнка карысталася імянем Крысціна Касоўска, Тэма — Ванда Маеўска, Бэла — Браніслава Ліманоўска. Яны атрымлiвалі інструкцыі ад Мардэхая Тэненбаўма, які з’яўляўся лідарам яўрэйскага падпольнага руху ў гета (на польская мове: Żydowska Organizacja Bojowa, ŻOB).
Фатаздымкі, зробленыя немцам
У кастрычніку 1941 года Тэненбаўм даручыў Бэле, якая знаходзілася ў гэты час у Вільні, адправіцца ў Гродна, каб папярэдзіць членаў «Dror» пра забойствы габрэяў, якія пачаліся ў Вiльнi і іншых месцах. Яе папрасілі таксама арганізаваць схованкі для падпольшчыкаў. У лістападзе 1941 года гродзенскiх габрэяў закрылі ў двух гета. Бэла апавясціла Юдэнрат (габрэйскі савет, які кантраляваў паўсядзённае жыццё ў гета) аб забойстве габрэяў у Вільні.
У Гродне Бэла зняла пакой у кватэры жанчыны, якая была ўдавой і жыла з сынам. Яна палічыла лепшым жыць у беларускай сям'і, якая размаўляла ў асноўным на рускай мове, а не ў польскай сям'і, бо карэнны поляк мог разпазнаць яе неідэальны польскі акцэнт. Прозвішча сям'і і адрас кватэры невядомыя.
Па нядзелях Бэла хадзіла ў польскую каталіцкую царкву. Яна таксама знайшла працу перакладчыка ў будынку гестапа на вуліцы Гувера — цяпер гэта будынак па вулiцы Тэльмана, 9. Бэла выкрадала з офіса паперы, затым ставіла на іх афіцыйныя пячаткi, якія выкарыстоўваліся габрэйскім падпольным рухам для падрыхтоўкі падробленых дакументаў.
У канцы снежня 1941 года Лoнка Казiбродская і Тэма Шнейдэрман прыбылi у Гродна з Беластока і засталіся з Бэлай. Дзяўчат, якія маскіраваліся пад полек-каталічак, запрасілі на калядную вечарыну ў гестапа. Там адзін з немцаў і зрабіў іх фота. Кожная з іх атрымала арыгінальны здымак. Пра гэты эпізод расказвала сама Бэла Чазан пасля вайны.
Лёс трох фотаздымкаў
У пачатку чэрвеня 1942 года Лoнкa, якая ў той час знаходзілася з місіяй у варшаўскім гета, вярнулася цягніком у Беласток. На чыгуначнай станцыі Малкіня-Гурна нямецкія жандары яе праверылі і знайшлі ў чамадане пісталеты і грошы. Яны таксама канфіскавалi яе фотаздымак трох кур’ераў. Лoнка была пераведзена ў штаб-кватэру гестапа ў Варшаве. Яе падазравалі ў членстве ў Арміі Краёвай.
Падчас жорсткіх допытаў яна не назвала сваё сапраўднае імя і імёны таварышаў. З гестапа яе перавялі ў жаночае крыло турмы Павяк, якая размяшчалася ў варшаўскім гета. Калі ў Беластоку зразумелі, што Лoнка па нейкай прычыне не змагла вярнуцца, Бэла Чазан адправілі на яе пошукі ў Варшаву. Па дарозе, на чыгуначнай станцыі Малкіня-Гурна, Бэла таксама сутыкнулася з жандарамі, якія паказалі ёй фота, канфіскаваные ў Лонкі два тыдні раней. Бэлу таксама арыштавалі і перавялі ў штаб-кватэру гестапа ў Варшаве. Там яе катавалі, але яна не распавяла нічога. Затым яе таксама перавялі ў жаночае крыло турмы Павяк, дзе яна сустрэлася з Лонкай. Больш яны не разлучаліся.
12 лістапада 1942 года Лонка і Бэла разам з групай польскіх жанчын-зняволеных былі дастаўлены ў канцлагер Аўшвіц-Біркенаў. У сакавіку 1943 года яны захварэлі тыфам. Бэла выздаравела і засталася працаваць медсястрой у лазарэце. Лонка памерла на руках Бэлы 13 красавіка 1943 года.
Перш чым заплюшчыць вочы, яна папрасіла Бэлу: «Вы павінны выжыць і распавесці нашу гісторыю».
Лёс фатаграфіі, якая належала Лонцы i была канфіскаваная немцамі, невядомы. Фатаграфія, якая належала Бэле Чазан, таксама была страчана. Засталося толькі фота, якое належала Тэме Шнейдэрман.
Як захаваўся апошні здымак
11 студзеня 1943 года Тэму адправілі з небяспечнай місіяй у варшаўскае гета. Перад ад’ездам з Беластока яна аддала фотаздымак трох кур’ераў Мардэхаю Тэненбаўму, які быў яе каханым яшчэ з часоў вучобы ў гімназіі ў Варшаве, і які кіраваў габрэйскім падполлем у Беластоку. Тэма перадала грошы і дакументы членам падполля ў варшаўскім гета, але 18 студзеня 1943 года была схоплена немцамі і адпраўлена ў лагер Трэблінка, дзе і загінула.
Пасля смерці Тэмы галоўным кур’ерам пры Мардехаі Тэненбаўму стала Брoня (Бронка) Biнiцкая. Яна нарадзілася ў Гродне ў 1923 годзе і стала актывісткай сіянісцкага руху «Dror» яшчэ ў юнацтве. Яна была вельмі прыгожай і адукаванай маладой жанчынай, падобнай знешне да арыйкі. У лютым 1942 года Брoня змагла пакінуць гродзенскае гета пры дапамозе Бэлы Чазан. У Беластоку Броня мела польскае пасведчанне асобы на імя Ядвігi Скібел.
Дапамагаючы Тэме, Брoня знайшла пакой на арыйскім баку Беластока. Ён служыў сховішчам для членаў падпольнага руху. Праз некалькі месяцаў пасля смерці Тэмы адносіны паміж Броняй і Тэненбаўмам перараслі ў рамантычныя. Праўда, іх азмрочвалі ўспаміны аб Тэме, якую яны абодва любілі.
Будучы кіраўніком габрэйскага падполля ў беластоцкім гета, Тэненбаўм рыхтаваўся да паўстання і пабегу тысяч габрэяў у лясы. Напярэдадні паўстання Тэненбаўм, які вырашыў змагацца да апошняй кулі, аддаў Брoні фота трох кур’ераў, якое належала раней Тэме Шнейдэрман. Ён таксама даверыў ёй архіў беластоцкага гета 1943 года, спадзяючыся, што Броня ўратуецца і раскажа гісторыю падпольнага руху.16 жніўня 1943 года немцы акружылi беластоцкае гета, каб дэпартаваць яго жыхароў у лагеры смерці. Гэта стала сігналам да пачатку паўстання. Яно не апраўдала чаканняў яго арганізатараў. Каля 400 габрэйскіх байцоў, узброеных некалькімі вінтоўкамі, пісталетамі і выбухоўкай, атакавалі нямецкія войскі. Баі працягваліся восем дзён. Большасць паўстанцаў былі забітыя, уключаючы Тэненбаўма. Нешматлікім удалося збегчы ў лясы і далучыцца да партызанаў.
Паўстанне, партызаны, эміграцыя
З арыйскага боку сцяны гета Брoня Вiнiцкая назірала за паўстаннем і ліквідацыяй. Доўгі час яна спадзявалася, што Мардэхай Тэненбаўм выжыў. Яна працягвала пісаць яму любоўныя лісты нават пасля таго, як яго смерць была пацверджаная. Яна захоўвала гэтыя лісты ўсё жыццё, разам з дакументамі і фатаграфіяй трох кур’ераў, якія яна раней атрымала ад Мардэхая.
Брoня працягвала падпольную дзейнасць. Яна перадавала інфармацыю, медыкаменты, харчаванне і тэхніку партызанам у бліжэйшых лясах ажно да вызвалення гэтага раёна Чырвонай Арміяй 27 ліпеня 1944 года. Яна займалася гэтым разам з іншымі маладымі габрэйкамі, якія выдавалі сябе за палякаў, у тым ліку Часей Беліцкай, Лізай Чапнік і Аняй Pод — уцекачамі з гродзенскага гета.
Усе гэтыя дзяўчаты перажылі вайну і ў розны час эмігравалі ў Ізраіль. Гэта, пасля вайны Брoня Вініцкая выйшла за Мішу Клібанскага і ў 1949 годзе пасялілася ў Ерусаліме. Шмат гадоў яна працавала архіварыусам у Ізраільскім Нацыянальным Мемарыяльным Музеі памяці ахвяр Халакоста «Яд Вашэм». Захаваўшы арыгінал фатаграфіі трох кур’ераў пры сабе, яна зрабіла копіі для паказу на выставах. У 2013 годзе, прыкладна праз два гады пасля яе смерці, сын Бронi перадаў у архіў Музея змагароў гета ў Ізраілі калекцыю дакументаў, уключаючы арыгінальную фатаграфію трох кур’ераў.
Кур’ер, якая перажыла Халакост
З трох кур’ераў, што на фатаграфіі, Бэла Чазан была адзінай, хто перажыў Халакост. Яна знаходзілася ў зняволенні ў Асвенціме-Біркенаў з 13 лістапада 1942 года да яго эвакуацыі 18 студзеня 1945 года, пасля чаго яна здзейсніла «марш смерці» ў канцэнтрацыйныя лагеры на тэрыторыі Германіі. Яна правяла некалькі месяцаў у лагерах смерці Равенсбрук, Мальхоў і Бухенвальд. У пачатку красавіка 1945 года ёй удалося ўцячы з працоўнага лагера, аднаго з 138, якія адносіліся да кангламерату лагераў Бухенвальд.
З дапамогай амерыканскіх салдат, якія захапілі гэты раён, яна дабралася да Парыжа, дзе сустрэла салдат з Палестыны, якія служылі ў габрэйскай брыгадзе брытанскай арміі. Салдаты адвезлі яе ў лагер для перамешчаных асоб у паўднёва-італьянскім горадзе Санта-Марыя-ды-Бангі на ўзбярэжжы Міжземнага мора. Адным з іх быў Хаім Яары, за якога яна выйшла замуж пазней. У пачатку лістапада 1945 года яна адплыла ў Палестыну і неўзабаве пасля гэтага напісала падрабязны дзённік свайго перажывання Халакосту — яго пазней апублікавалі ў выглядзе кнігі. У пачатку 1950-х гадоў Бэла атрымала ад Бронi копію арыгінальнай фатаграфіі трох кур’ераў, якая вісела ля яе ложка да самай смерці ў студзені 2004 года.