Больш за 10 гадоў стаіць пусты былы гарбарны завод насупраць тытунёвай фабрыкі «Нёман» па вуліцы Гарнавых. Маштабы былога прамысловага аб’екта велізарныя, але за гады прастою ратаваць там ужо няма чаго.

Уваход на закінуты завод адкрыты для ўсіх. Час ад часу за аб’ектам даглядаюць два бяздомныя, якія жывуць недалёка. Яны ж распавялі, што ўначы да аб’екта можа прыехаць і міліцыя.

Вядома, што тэрыторыю былога гарбарного завода, горад прапануе купіць інвестарам як участак для будаўніцтва новага аб’екта, напрыклад гандлёвага цэнтра.

Гарбарны завод у занёманскай частцы горада быў узведзены ў 1924 годзе гродзенскім прадпрымальнікам А.Касоўскім. Як пiша harodnia.com, у тыя часы гэты завод быў перадавым прадпрыемствам з уласным генератарам электрычнасці і сучасным абсталяваннем для апрацоўкі скур — кадзямі для вымочвання, жорнамі для размолу дубовай кары, уласнай артэзіянскай скважынай.

На прадпрыемстве за тыдзень апрацоўвалася да тысячы скур, быў уведзены васьмігадзінны працоўны дзень, функцыянавала сталоўка для рабочых.

Скуры, што вырабляліся на фабрыцы, лічыліся аднымі з найлепшых у Польшчы, а фірма А.Касоўскага (пазней належала Файнбергу, Любашынскаму і Раўшу і мела назву «Фалюра») прыносіла гораду да 50 тыс. злотых падаткаў у год.

У савецкі час завод меў назву № 4, на ім апрацоўвалі грубыя скуры. Зачынены у пачатку 2000-х гг., i з таго часу знаходзіцца пад пагрозай разбурэння.