Дадаць навіну
Аўторак, 16 кастрычніка 2018, 20:52

“Хатняя праца бывае цяжэй”. Гродзенская дальнабойшчыца пра жыццё на колах

Больш за тры з паловай гады Іна Рылоўцава водзіць фуру з прыцэпам. Ездзіць за мяжу, бывае, праводзіць у рэйсе каля месяца. Чэхія, Латвія, Польшча ці Літва – тысячы кіламетраў дарог ужо накруцілі колы гродзенскай дальнабойшчыцы. У сям’і такая праца не выклікае здзіўлення, бо з дальнімі дарогамі звязаны ўсе. Муж Іны – таксама кіроўца-дальнабойшчык, у міжнародных перавозках і лагістыцы спрабуе сябе і дарослая дачка.

Ад бусіка да фуры

“На бусіку ездзіла даўно, яшчэ ў 90х, калі толькі пачыналі ўласную справу, – прыгадвае Іна – потым быў грузавічок-пяцітоннік”. У той час яна пакінула працу медсястры і занялася сямейным бізнесам. “Ездзілі ў Польшчу за таварам, потым яблыкі вазілі, пазней сталі прывозіць грузы для іншых, па замовах. З цягам часу перавозкі цалкам выцеснілі гандаль з сямейнай справы. Іна асвойвала дальнія дарогі разам з мужам. Спачатку ездзілі разам на адной машыне, кіравалі па чарзе. “У такім рэжыме можна ехаць даўжэй, менш губляецца часу на “адстой”.

image00004

Ды і разам – весялей. Да гэтай пары яны стараюцца ездзіць у рэйс удвох, толькі ўжо кожны – за рулём асобнай машыны. Летам мелі паездку ў Рыгу. Тыдзень, пакуль чакалі там загрузкі, правялі разам – Балтыка, мора, сонца – атрымаўся сапраўдны сямейны адпачынак.

Але бывае і так, што маршруты не супадаюць. Зараз Іна адна ездзіла ў Эстонію, уся паездка заняла 20 дзён. “Толькі дарога ў адзін бок бярэ больш сутак. А яшчэ на мяжы можа быць чарга, мытня час займае, разгрузка”. Таму ўсё патрэбнае варта мець у машыне, якая робіцца не менш блізкай за дом. “Тут у мяне плітка маленькая. Шмат не трэба, хапае. Імбрык ёсць, патэльня. Тут два спальныя месцы. Камп’ютар з DVD і ён жа – тэлевізар, ловіць асноўныя праграмы. Рацыя яшчэ. Прыбор для кантролю рэжыму працы. Вось і усё”.

ryilovtseva-dalnoboyshhitsa6

Дарога і здаровы лад жыцця

Сціплы быт Іну не палохае. Нават у дарозе можна трымацца здаровага харчавання і фізічнай актыўнасці. “Калі адзін кіроўца ў машыне, то можна ехаць дзевяць гадзін запар. Пасля абавязкова патрэбен перапынак на 45 хвілін”. Гэтага часу якраз хапае на прыгатаванне дарожнай фірмовай стравы – курынага філе з гароднінай. “Спачатку філе падсмажыць, потым дадаць замарожаную гародніну з пакета і патушыць разам. Потым спецыі, часнычок і гатова”.

Прадукты можна купіць у любым супермаркеце, прыгатаваць проста ў машыне і нават паспець за час перапынку вымыць посуд. Калі ж прыпынак больш кароткі (можна разбіць 45 хвілін на часткі), то пабалаваць сябе можна гарбатай ці “кавай па-дарожнаму”, са  згушчонкай.

У тыя дні, што праводзяцца ў чаканні, Іна выходзіць на доўгія шпацыры. “Гэтым разам у Эстоніі 10 дзён загрузку чакала. То хадзіла па 4-5 кіламетраў у дзень. Аднаго разу прайшла нават 15, захацелася размяцца. Стаянка была каля Таліна. Прыгожа там – паромы ад берага адыходзяць, вечарам ліхтары ў вадзе адлюстроўваюцца…”

Патрэбныя выгоды можна знайсці на стаянках: “У Адажы каля Рыгі не толькі душ быў, але нават і пральная машына”. Што да шопінга, то звычайна Іна абмяжоўваецца звыклымі супермаркетамі. “Прайшлася зараз па Талінскіх крамах. Нічога такога асаблівага не пабачыла. У нас нават танней. Ды і што везці? Дома ёсць усё што трэба.”

ryilovtseva-dalnoboyshhitsa4

Астатні вольны час у рэйсе дапамагае каратаць інтэрнэт. “Пакуль на ўсіх гарадскіх сайтах навіны пачытаю, то і дзень пройдзе.  Думаю – вязаць хіба навучыцца, ці што?” Але пакуль інфармацыя цікавіць больш за рукадзелле.

Жаночая-нежаночая справа

Праца кіроўцы-дальнабойшчыка, паводле Іны, не самая складаная. “Работа як работа. Нічога асаблівага. Заўсёды кажу, што дамашняя праца бывае нашмат больш цяжкай”, – адказвае яна на пытанні пра “жаночую-нежаночую” прафесію.

“Чаго баяцца? Галоўнае, каб машына не ламалася. Бо і мужчына не кожны можа нешта сам адрамантаваць, калі паломка ў рэйсе”. У асноўным усе абслугоўваюцца на СТА. А самастойна – хіба лямпачку памяняць. “Бывае, для паркоўкі ўмовы складаныя, свае габарыты цяжка ўбачыць. Тады, канечне, падыдуць, памогуць. Але не толькі мне, як жанчыне, любому кіроўцу памогуць”.

ryilovtseva-dalnoboyshhitsa3

Здзіўляцца жанчыне за рулём фуры мужчыны збольшага перасталі. “Мытнікі ды інспектары ДАІ ўспрымаюць сітуацыю спакойна: “Ні паблажак, ні прыдзірак.” Калегі-кіроўцы ўсё часцей расказваюць, што ў Еўропе сустракалі шмат жанчын-дальнабойшчыц і як яны класна ездзяць”.

У гэта Іне паверыць не складана. У самой дачка таксама мае правы катэгорыі Е і допуск на міжнародныя перавозкі. Летась яны разам мелі рэйс у Чэхію. А зараз першыя замежныя рэйсы пачала рабіць яшчэ адна жанчына з іх сям’і – сястра мужа Іны. “Хвалюецца яшчэ, тэлефануе часта, раіцца. Але ездзіць ёй спадабалася. Ведаем і іншых жанчын-дальнабойшчыц на Гродзеншчыне. У Ашмянскім раёне, у Воранаўскім”.

Гэтым разам Іна прыехала дадому толькі на паўдня – раніцай трэба выязджаць на Брэст. “Толькі сходзім з дачкой у краму і адразу дахаты”. Яна спяшаецца – дома час сыходзіць нашмат хутчэй, а пагаварыць ёсць пра што – дачка вядзе ўсю лагістыку сямейнага бізнеса, а ў мамы заўжды знойдуцца патрэбныя парады. І не толькі пра бізнес.

Раім пачытаць

Каментары

comments powered by HyperComments

Spelling error report

The following text will be sent to our editors: