Казакі, Мураўёў, «лясныя браты», габрэі, сяляне, турма ў Гродне, непрабівальны мур расійскай бюракратыі… Усё гэта — у кнізе «Сем месяцаў у рускай Польшчы» Фортэск’ю Андэрсана, напісанай у 1864 годзе, якую ў нас выдалі толькі зараз у выдавецкай серыі «Гарадзенская бібліятэка».
Як атрымаць кнігу
Калі вы жадаеце атрымаць кнігу Фартэск’ю Андэрсана «Сем месяцаў у рускай Польшчы», напішыце на электронную пошту hrodna1127@gmail.com.
«Пакуль я не пачуў, як ключ паварочваецца ў дзвярах камеры і як краты з засаўкамі з непрыемным скрыгатам вяртаюцца на свае месцы, я не да канца разумеў становішча, у якім апынуўся…» — такія радкі вязень мог напісаць і ў 1863-м, і ў 2020-м.
Шмат якія пасажы ў кнізе Андэрсана — крык абурэння і шок чалавека, звыклага да жыцця ў прававой дзяржаве. Воляй лёсу ён аднойчы ў жыцці на паўгода трапіў у край, дзе бушуе Паўстанне. Воляй лёсу — цудам! — змог выйсці на волю. Пра кнігу піша Алесь Кіркевіч для budzma.org.
«Віскі — праклён усяго краю»
Кніга Андэрсана выйшла ў Лондане ў 1864 годзе. Для брытанцаў яна стала шокам. Кейс самога Андэрсана, якога мурыжылі ў турме невядома за што і не давалі сустрэцца з паслом, агучваўся ў парламенце. Гарадзенскім гісторыкам кніга была вядомая ўжо даўно, але толькі зараз у поўным аб’ёме яна з’явілася па-беларуску.
Фортэск’ю Андэрсан — малады брытанец з дыпломам англіканскага пастара. У Боне ён пазнаёміўся з 20-гадовым графам Аляксандрам Біспінгам, буйным землеўласнікам з Гарадзеншчыны, нашчадкам роду вестфальскіх немцаў, якія прыехалі да нас яшчэ ў часы Баторыя. Біспінг запрашае новага сябра да сябе ў госці… Але на двары — 1863 год.
Першая частка кнігі — падарожныя нататкі. Людзі і ландшафты Гарадзеншчыны: п’яныя вясёлыя сяляне, аматары «віскі» (відаць, гарэлка ці самагон). Габрэі, якія трымаюць увесь гандаль. Асаблівасці мясцовай кухні: халаднік, шчупак, дзічына або — казачная прылада — самавар! Паляўнічыя традыцыі, жабракі, Дажынкі, сонныя мястэчкі і вёскі…
«Цемрашальства сялян вынікае з іх неадукаванасці і ўзмацняецца лёгкай даступнасцю спіртных напояў. У кожнай вёсцы ёсць тры ці чатыры габрэі, што прадаюць віскі, — гэта праклён усяго краю. Дамы гэтых габрэяў [корчмы] можна сустрэць уздоўж дарог на адлегласці прыкладна мілі адзін ад другога, і выпіўка такая танная і моцная, што п’янства стала агульнапашыранай з’явай».
«Казакі спалілі вёску, а зямлю ўзаралі…»
Час-почас на старонках мільгаюць расійскія салдаты, якімі перапоўнены край. На вакзалах, на ўездах у гарады, на раз’ездах ды ў корчмах. Вышэйшая каста вайскоўцаў — афіцэры ды ўланы. Адукаваныя, прадстаўнікі добрых сем’яў з веданнем французскай. Ніжэйшая — шэрая салдацкая маса з пабітымі воспай тварамі, галодная і абадраная.
Асобна — казакі. Гэта «спецназ» імперыі, якому можна ўсё. Андэрсан апісвае выпадкі, калі казакі пустошаць сады або збіваюць нагайкамі чалавека… які ім не спадабаўся. Нягледзячы на службу, казакі перманентна п’яныя! За адмову пачаставаць «служылых» гарэлкай ці пакарміць, тыя без лішніх словаў пустошаць дамы і маёнткі.
Аўтар апісвае такую гісторыю: дробны землеўласнік (шляхціч) прымаў удзел у Паўстанні, але, як і многія, «выйшаў з лесу» — вярнуўся ў свой маёнтак, нікому нічога не кажучы. Аднаго дня ў яго вынікла спрэчка з селянінам пра каня. Вясковец, доўга не думаўшы, пайшоў да расійскіх уладаў… Вынік:
«Неадкладна быў дасланы атрад казакоў, якія паланілі таго, і ў пакаранне за тое, што жыхары вёскі адразу не паведамілі аб вяртанні паўстанца, спалілі вёску і літаральна ўзаралі зямлю, на якой стаялі хаты».
А вось іншая гісторыя: чарговы землеўласнік, з якім Андэрсан пазнаёміўся ўжо ў турме, папярэдзіў праваслаўнага святара, што побач паўстанцы і таму пагражае небяспека. Святар пайшоў да ўладаў, маўляў, той яму пагражае. Вынік для землеўласніка — «цяжкая праца на рудніках Сібіры да канца дзён».
Вялікая колькасць землеўласнікаў не падтрымлівалі Паўстання. Лічылі яго несвоечасовым і непадрыхтаваным. Але гэта не перашкаджала ўладам праз даносы і масавую фабрыкацыю справаў садзіць людзей пачкамі, забіраючы землі і маёнткі. Гісторыя графа Біспінга, пра якую ніжэй, найлепшае сведчанне.
«Паўстанцы ваююць, як маоры ў Новай Зеландыі»
Калі верыць Андэрсану, з паўстанцамі ён непасрэдна не меў справы, але пакінуў цікавае параўнанне:
«…Паўстанцы ваююць, як маоры ў Новай Зеландыі, прабіраючыся ўпотай сярод дрэў і хмызоў непраходных лясоў. Зрабіўшы стрэл, яны кідаюцца на зямлю і паўзком перамяшчаюцца на іншае месца, дзе перазараджаюцца. (…) Недахоп амуніцыі і небяспека прыцягнуць увагу непатрэбнай стралянінай разам зрабілі іх вельмі асцярожнымі, і яны рэдка дазваляюць сабе стрэліць, калі не ўпэўнены, што іх стрэл здолее забіць ворага».
Аўтар таксама апісвае нацыянальную жалобу: поўны ігнор забаўляльных мерапрыемстваў сярод патрыётаў ды — чорныя строі. Былі, зрэшты, выпадкі, калі казакі рвалі сярод вуліцы на чалавеку чорную вопратку… А вось нататка з бала ў Гродне на гонар узыходжання імператара на трон:
«У прызначаны вечар ніводная польская лэдзі не выканала распараджэння і ніводзін польскі джэнтэльмен не прыйшоў, акрамя тых нямногіх, хто займаў пасады ўрадавых чыноўнікаў. (…) Прысутныя польскія джэнтэльмены не танцавалі, і толькі некалькі расейскіх афіцэраў ды габрэйскіх джэнтэльменаў (буйныя гандляры) запрашалі лэдзі на танец».
«Дазвольце зірнуць Ваш пашпарт…»
Кульмінацыя кнігі — арышт Андэрсана і кароткі час, які той правёў у гарадзенскай турме. 26 жніўня падчас выезду з Гродна без тлумачэнняў сілавікі арыштоўваюць графа Біспінга, яго слугу-немца ды Андэрсана. «Цяпер распранайцеся», — кажа ангельцу жандар. Той, зразумела, адмаўляецца, бо не зрабіў нічога незаконнага, тым больш — ён брытанскі падданы…
«Ён [жандар] змоўк, але толькі на імгненне, пасля пабег, адкрыў акно і гучна аддаў загад, сэнсам якога, як мне сказаў граф, было выклікаць вайсковага начальніка і паліцмайстра разам з атрадам казакоў (…). Я ледзве стрымаў смех з-за таго, што супраць аднаго безабароннага чалавека збіраюць такія шматлікія сілы…»
Далей было не да смеху. «Дазвольце зірнуць Ваш пашпарт, — кажа паліцмайстар, пасля чаго камечыць і засоўвае сабе ў кішэню. — Ну, цяпер вы яго не маеце». Затым — смярдзючая камера ў турме і допыты, на якія збіралася камісія, каб вырашыць, што рабіць з Андэрсанам. Яму закідвалі пастаўкі для паўстанцаў стрэльбаў, пісталетаў і гарматаў! Кантакту з брытанскімі дыпламатамі няма: лісты і тэлеграмы ад яго прымаюць, але нікуды не высылаюць.
«Сведкамі» па справе аказваюцца двое маладзенькіх былых паўстанцаў, якія нібыта бачылі, як Андэрсан прыходзіў да «лясных братоў» на перамовы. Самае цікавае, што ангельскай са следчых ніхто не ведае. Перакладчыкам бяруць мясцовага равіна, які вышуквае ў паперах вязня словы Poland і Russia, але сам мовы таксама не ведае… Справа рызыкуе зацягнуцца надоўга, бо дакументы і лісты Андэрсана проста няма каму чытаць.
«Дзе яны робяць пустыню, называюць гэта мірам»
Андэрсана ратуе выпадак. У горадзе аказваюцца трое брытанцаў, якія даведваюцца пра зняволенага суайчынніка і намагаюцца яго выцягнуць. Прозвішча аднаго з іх паліцмайстар агучвае вязню як «Дуінаеў» (насамрэч — выраз Do You know?, які расійцы прынялі за прозвішча). Андэрсана выпускаюць на волю з абавязкам з’ехаць і ніколі не вяртацца ў Расію…
Перад ад’ездам у яго атрымліваецца выцягнуць Людвіга — немца-слугу графа Біспінга. Сам граф застаецца за кратамі, яго перспектыва трагічная: ссылка ў Арэнбургскую губерню. Маёнткі Біспінга па асабістым рашэнні Мураўёва былі абкладзеныя падвойнай (10%) кантрыбуцыяй, а пазней секвестраваныя і прызначаныя для продажу асобам «рускага паходжання». Лёс маладога графа, аднаго з топавых землеўласнікаў Гарадзеншчыны, аказаўся пераламаным праз калена: у 1867 годзе яго знойдуць у Пецярбургу з перарэзаным горлам.
«Жандар будзе суправаджаць Вас да мяжы і там аддасць Вам пашпарт і пнеўматычную стрэльбу», — кажа на развітанне Андэрсану гарадзенскі губернатар Скварцоў. «Мне трэба будзе заплаціць за вартаўніка?» — пытае ангелец. «О! Не, канешне не», — адказвае губернатар.
Але нават гэта аказваецца хлуснёй. За суправаджэнне ў цягніку ў выглядзе ўзброенага двума пісталетамі і шабляй казака з Андэрсана бяруць яшчэ тры срэбраныя рублі. Той не спрачаецца. На развітанне ангелец дае казаку дробны падарунак, той стае на калені і цалуе яму рукі…
На апошніх старонках Андэрсан разважае пра Расію ды тысячы скалечаных лёсаў прадстаўнікоў эліты Літвы і Польшчы. Кнігу ён сканчае цытатай на лаціне з Тацыта:
«Яны рабуюць, забіваюць і падпарадкоўваюць, хлусліва называючы гэта імперыяй; а таксама, дзе яны робяць пустыню, называюць гэта мірам».