Якую каву з малаком вы абіраеце звычайна? Капучына? Ці латэ? А што ведаеце пра флэт уайт? Гэта кава афіцыйна з’явілася адносна нядаўна. У 2011 годзе, менавіта 11 сакавіка, назву «flat white» унеслі ў Оксфардскі слоўнік англійскай мовы. Ад таго часу ў гэтую дату адзначаюць Дзень флэт уайта. Hrodna.life дапаможа разабрацца, у чым сутнасць гэтага спосаба гатаваць каву і чым флэт уайт адрозніваецца ад латэ і капучына.
З нагоды Дня флэт уайт Google падрыхтаваў адмысловы дудл — афармленне пошукавай старонкі.

Чаму латэ — не капучына, а капучына — не флэт уайт
Усе тры напоі гатуюцца на аснове эспрэса з дадаткам успененага малака. Розніца — у прапорцыях. Менавіта ад колькасці эспрэса, малака і малочнай пены залежыць, як будзе смакаваць напой у вашым кубку.
Капучына — класіка кавы з малаком

Гэта самы папулярны кававы напой на аснове эспрэса. Гэта залатая сярэдзіна — тут вытрыманы баланс смакаў кавы і малака. Звычайна капучына раяць для знаёмства з новым гатункам кавы.
Стандартны капучына гатуюць у кубку аб’ёмам 150 — 180 мл з выкарыстаннем адной порцыі эспрэса.
Класічны капучына — гэта 1/3 эспрэса, 1/3 цёплага малака і 1/3 малочнай пены. Праўда, зараз часцей змяншаюць колькасць пены. Звычайна яе слой складае каля аднаго сантыметра.
Чытайце таксама: Гродна — беларуская сталіца кавы. 5 аргументаў «за» ад экспертаў
Латэ — больш малака, чым кавы
Гэта кава для тых, хто аддае перавагу спакойным смакам і большым аб’ёмам напою.
Латэ гатуюць у кубках па 250 — 300 мл з выкарыстаннем адной порцыі эспрэса. Астатні аб’ём запаўняюць цёплае малако і пена. Слой пены ў латэ — прыкладна 0,5 сантыметра.

Флэт уайт — яркі смак кавы, змякчаны малаком

Гэта кава для тых, хто аддае перавагу насычанаму смаку. Флэт уайт гатуюць у кубках такога ж аб’ёму, як капучына, 150 — 180 мл, але выкарыстоўваюць дзве порцыі эспрэса. Астатні аб’ём запаўняе малако і невялікая колькасць малочнай пены. Слой пены ў флэт уайт — каля чвэрці сантыметра.
А вы ўжо вырашылі, як адзначыце Дзень кавы флэт уайт? У якой з гродзенскіх кавярняў гэты від кавы вам найбольш смакуе?

Чытайце таксама: «Для тых, хто імкнецца пакаштаваць нешта новае». У гродзенскай кавярні можна набыць каву ў бутэльках