Больш за 300 артыстаў на канцэрце, 180 удзельнікаў культурнай праграмы ў 100 павільёнах ад 15 дыяспар — гэта ўсё пра Фестываль нацыянальных культур. Але не ў Гродне, а ў Клайпедзе. Там ён прайшоў 26 траўня. Паўдзельнічалі ў ім і гродзенцы, якія жывуць зараз за мяжой. Рэпартаж з месца падрыхтаваў канал «Тётя Ира разрешила».

«Калі вось гэта ўсё заканчваецца і праходзіць нейкі час, ты разумееш, што быў часткай аднаго вялікага свята. І што гэта было ўсё агульнае, цэлае. Што мы сабраліся тут, каб кожны знайшоў сябе», — кажа пра фестываль Алена Буткявічэне, дырэктар Цэнтра нацыянальных культур пры Клайпедскім самакіраванні.
Яна адзначае, што свята сабрала шмат людзей розных нацыянальнасцяў і фестываль атрымаўся, як заўсёды, яркім і шматаблічным. «Але сёння ён асабліва такі напоўнены, — кажа Алена, — напоўнены культурай, музыкай, гукамі і - душой».
На фестываль нацыянальных культур прыехалі дыяспары з розных краін
Фестываль нацыянальных культур 2024 года сабраў людзей не толькі з розных гарадоў Літвы. Прыехалі на свята і прадстаўнікі дыяспар з-за мяжы.

Арменію прадстаўлялі госці з Эстоніі, Грузіі і нават ЗША.
«Армяне згуртаваныя вельмі, — расказвае пра сваіх землякоў Юра Петрасян. — Кажуць, дзе сустракаюцца двое армян, яны адразу будуюць сваю маленькую Арменію. Чаму мы такія? Напэўна, таму, што маленькая нацыя, дык мы стараемся быць бліжэй адзін да аднаго».

Юра жыве ў Клайпедзе 25 гадоў і расказвае, што армянская дыяспара ў Клайпедзе вялікая і прыкметная.
«Мы ва ўсіх гарадскіх мерапрыемствах удзельнічаем, ніводную падзею не прапускаем. І свае святы праводзім. У мінулым годзе праводзілі свята Вардавар, дзе па традыцыі ўсе абліваюць адзін аднаго вадой. Так робяць, каб змыць з блізкіх людзей усё дрэннае».

«Кожнаму чалавеку, з якім мне давялося сёння размаўляць, я глядзела ў вочы, і гэтыя вочы пацвярджалі мне, што, аб’ядноўваючы людзей розных нацыянальнасцяў, мы ўсё робім правільна. Сюды зляцеліся не толькі многія прадстаўнікі розных нацыянальнасцей, але і людзі з розных гарадоў Літвы і блізкага замежжа. Так атрымалася свята, як наш агульны шэдэўр», — кажа Алена Буткявічэне.

«Украінская абшчына ў Клайпедзе зараз вялікая, — кажа Таня Юрчышын з рады абшчыны. — Шмат дзяцей, шмат для іх усяго арганізоўваем. Ёсць гурткі па ўкраіназнаўстве, па дэкаратыўна-прыкладным мастацтве, ёсць два танцавальныя класы, сёлета стварылі вакальную групу для падлеткаў».

Па словах Тані, украінцы ў Клайпедзе імкнуцца надаваць увагу і літоўскай культуры. Нядаўна на занятках дзеці вучылі вершы ўкраінскіх паэтаў у перакладзе на літоўскую мову.
«У дзяцей ёсць не толькі звычайныя ўрокі, але і экскурсіі, віктарыны, конкурсы па ўкраінскай мове і культуры. Імкнёмся ва ўсім шукаць крэатыўны падыход». Магдалена Піклапс 25 гадоў узначальвала нямецкую абшчыну ў Клайпедзе. Цяпер кіраўніком стаў яе сын. «Мы зарэгістравалі абшчыну ў 1989 годзе. Нас было каля 800 — раней гэта быў нямецкі край. Потым, калі дазволілі ехаць у Нямеччыну, большасць з’ехала. Сем’ямі з’яжджалі - бацькі, дзеці і ўнукі». Тыя, хто застаўся, падтрымлівалі нямецкія традыцыі ў Клайпедзе.

Тут ёсць свая нямецкая гімназія, а да нядаўняга часу выпускалі сваю газету.

«Татар у Літве шмат, у Клайпедзе каля 100. Мы імкнёмся захаваць сваю культуру і традыцыі. Збіраемся, спяваем татарскія песні», — распавяла Фаціма.

«Азербайджан паказвае на фестывалі свае традыцыі праз нашае адзенне, нашу кухню і наша каханне. Для гасцей фэсту рыхтуем долму і плоў», — кажа прадстаўніца дыяспары, паказваючы гасцям свой павільён.
«У беларусаў у Клайпедзе няма супярэчнасцяў з прадстаўнікамі іншых нацыянальнасцяў. Для нас зараз галоўнае, каб у асяроддзі беларусаў было адзінства», — кажа Наташа. Яна жыве ў Клайпедзе ўжо шмат гадоў і адзначае, што пасля 2020 года «новая» і «старая» дыяспары не заўсёды могуць зразумець адзін аднаго. Амаль адзінае, з чым няма пытанняў - гэта агульная культура і нацыянальныя традыцыі. На фестывалі абедзве часткі дыяспары знаёмілі з імі гасцей.


Кветка, які квітнее раз на год
«І фестываль, і Цэнтр нацыянальных меншасцяў створаны, каб аб’ядноўваць людзей, дапамагаць ім сваю дзейнасць весці», — кажа Алена Буткявічэне. Пра гэта ж гаворыць і сімвал фестывалю — клайпедская кветка-сямікветка.

«Гэтая кветачка — гэта сімвал наш. Яго стварылі гадоў шэсць ужо таму як сімвал нашага свята. Пялёсткі кветачкі - арнаменты розных нацыянальнасцяў, як кветка-сямікветкі. А ў сярэдзіне ўкладваем тое, пра што фестываль гэтага года. У мінулым годзе ён быў прысвечаны стагоддзю далучэння Клайпедскага краю да Літвы. У гэтым — году маякоў».
Аб’яднаць усіх у год маякоў
Да фестывалю рыхтуюцца не толькі арганізатары, але і дзеці з Клайпеды. У год маякоў для школьнікаў арганізавалі экскурсіі на ўсе найбліжэйшыя маякі, а да фестывалю правялі яшчэ і конкурс малюнкаў і вырабаў, прысвечаных маякам.

«Мы ездзілі да кожнага маяка, усе прыступкі прайшлі, куды нас пускалі, а дзе не пускалі - проста фатаграфавалі. Мы хацелі, каб дзеці не толькі за партамі пра маякі пачулі, але і спазналі іх ужывую. Таму іх працы і атрымаліся такімі яскравымі».

Па словах Алены, маяк як сімвал вельмі сугучны ідэі Фестывалю нацыянальных культур. Фестываль аб’ядноўвае ўсіх, і яго энергія свеціць усім, як агонь маяка, на які можна арыентавацца, каб не разбіцца аб скалы.
«У нашым фестывалі сёння ўдзельнічаюць армяне і азербайджанцы, украінцы і рускія. Мы разумеем, як гэта для іх можа быць цяжка. Нам таксама ад гэтага цяжка, але мы разумеем, як важна ў такой сітуацыі дапамагчы людзям не закрыцца. Калі пачалася вайна, нашы абшчыны неяк зачыніліся, як ракавінкі. І мы таксама перажывалі - як жа будзе? Але ўсё ж зрабілі фестываль у 2022 годзе. Я вельмі ўдзячная людзям, якія падтрымалі і сказалі: „Так, гэта трэба рабіць“. Бо толькі мірнай мовай культуры можна аб’ядноўваць людзей».
«Рускія і ўкраінцы, Азербайджан і Арменія — людзі ў нас вераць і ведаюць, што дрэнна не будзе. А чаму? Таму што мы гэта робім разам».
