Гродзенскія Dzieciuki выступілі ў Вільні. Глядзі, як гэта было

22 лістапада ў Вільні прайшло перапахаванне Каліноўскага і яго паплечнікаў. У той жа дзень у віленскім клубе “Legendos Klubas” выступілі Dzieciuki, якія ў сваёй творчасці ўшаноўваюць памяць паўстанцаў. Калі падчас працэсіі на могілкі нехта змерз, то на канцэрце можна было адагрэцца – было горача.

Перад выступам гурта Dzieciuki Сяржук Доўгушаў правёў спеўны сход.

Потым выйшлі Dzieciuki. Гурт ушаноўвае ў песнях беларускіх герояў, сярод іх пастаўнцаў 1863-64 гадоў. Таму рыхтаваць адмысловую праграму для выступу не спатрэбілася.

– Ён [Каліноўскі – рэд.] – частка нашай гісторыі. Тая светлая частка, тая постаць, якая здольная аб’яднаць большасць беларусаў, негледзячы на сацыяна-эканамічныя ці палітычныя разыходжанні. Ён быў, натуральна, народнікам, сацыялістам па поглядах. Пры гэтым, першым не толькі падняў нацыянальнае беларускае пытанне, але і змагаўся за гэта са зброяй у руках. І за гэта загінуў, – кажа лідар гурта Алесь Дзянісаў.

Dzieciuki Каліноўскі Вільня

 – Што для вас значыць выступіць на перапахаванні паўстанцаў?

– Шмат чаго значыць. Але самае галоўнае – гэта разуменне гістарычнай важнасці падзеі для нас. Такія падзеі адбываюцца адзін раз у жыцці. Нам пашчасціла, што пры нашым жыцці знайшлі парэшткі паўстанцаў. А для нашага гурта, у якога нават назва звязана з Каліноўскім, гэта ў нейкім сэнсе квінтэсэнцыя нашай творчай дарогі.

Калі на канцэрт і дайшлі мясцовыя, то іх было цяжка ўбачыць у натоўпе беларусаў з бел-чырвона-белымі сцягамі. На песні “Надпіс на камені пад крыніцай” амаль увесь зал традыцыйна стаў на калені. І на словах “Будуць давеку крыніцы на гэтай зямлі, будзе давеку наш мужны і мудры, вялікі народ”, здаецца, кожны адчуў сакральнасць моманта.

– Шкада, што для большасці беларусаў гэтае перапахаванне – шэры дзень календара. Што да ўлады, то гэта цалкам ганьба – пасылаць на мерапрыемствы нейкага намесніка прэм’ера. Павінен быў узначаліць дэлегацыю калі не прэзідэнт, то ці сам прэм’ер, ці міністр замежных справаў. Гэта яшчэ раз паказвае адносіны правіцелей да Каліноўскага. Ён ім – чужы. Ён ім – вораг. Пужаюць нават ягоныя косткі…

Калі вы знайшлі ў тэксце памылку або абдрукоўку, калі ласка, паведаміце нам, выбраўшы адпаведны фрагмент і націснуўшы клавішы Ctrl+Enter.

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Звяртайцеся info@hrodna.life

Spelling error report

The following text will be sent to our editors: