Планаваў стаць аптэкарам, але паступіў у семінарыю. Забяспечваў лекамі прастытутку і давяраў мужчыне, які краў. Спавядаў па 12 гадзін запар. Да 160-й гадавіны з дня нараджэння гродзенскага святара Мельхіёра Фардона Telegram-канал Hrodna 11:27 сабраў восем фактаў пра самага вядома пробашча Францысканскага касцёла ў Гродне.
Бацька Фардона быў архітэктарам і распрацоўваў праекты храмаў
Мельхіёр Фардон [спраўднае імя Юзаф Фардон — Hrodna 11:27] нарадзіўся ў сям'і архітэктара Якуба Фардона. Ён працаваў памочнікам гродзенскага губернскага архітэктара і рабіў праекты храмаў на Гродзеншчыне, Брэстчыне, а таксама Падляшшы.
Сярод працаў Якуба Фардона: праект касцёла Святых апосталаў Пятра і Паўла ў мястэчку Гожа, праект Свята Аляксандра-Неўскай царквы ў Верцялішках, праект Свята-Мікалаеўскай царквы ў Вялікай Бераставіцы, а таксама праект моста праз Нёман у Гродне 1832 года, але ён не захаваўся.
У 1876 годзе Якуб Фардон балатаваўся на пасаду гродзенскага гарадскога архітэктара, але прайграў стацкаму саветніку Івану Калянкевічу.
Здаў іспыты на аптэкара, але перадумаў і паступіў у семінарыю
У дзяцінстве Юзаф Фардон наведваў імшы ў пабернардынскім касцёле [Касцёл Адшукання Святога Крыжа на вуліцы Маставой — Hrodna 11:27]. Пазней здаў аптэкарскі іспыт, але ў выніку перадумаў і паведаміў бацькам, што вырашыў паступіць у духоўную семінарыю. Скончыўшы навучанне ў Віленскай дыяцэзіяльнай семінарыі, у 1887 годзе ў Коўне Юзаф атрымаў пасвячэнне ў святары.
Змяніў імя на Мельхіёр у 50 гадоў
Маючы за плячыма 20 гадоў служэння, Фардон вырашыў пайсці па слядах святога Францыска Асізскага і ў 1910 годзе ўступіў у ордэн францысканцаў. Ксёндз Юзаф склаў манаскія абяццанні і атрымаў новае імя Мельхіёр. У якасці манаха ордэна францысканцаў увесь час служыў у парафіі Маці Божай Анёльскай у Гродне.
Чытайце таксама: Ад аўгустынаў да назаратанак: гайд па каталіцкіх манаскіх ордэнах, якія мелі рэзідэнцыі ў Гродне
Мог спавядаць людзей больш за 12 гадзін
У сваёй дзейнасці Мельхіёр Фардон надаваў вялікае знаяэнне сакраманту споведзі. Час ад часу было такое, што святар прыходзіў у канфесіянал [спавядальня — Hrodna 11:27] у 5-й гадзіне раніцы і выходзіў толькі пасля 8-й вечара. У вольныя хвіліны, пакуль чакаў людзей, чытаў кнігі і маліўся.
Некаторыя вернікі бачылі ў Фардоне добрага духоўнага настаўніка. Яны прыязжалі ў Гродна да яго на споведзь з іншых парафій.
Перавязваў сцёртыя ногі паломнікаў
Падчас пілігрымак айцец францысканец перавязваў сцёртыя ногі паломнікаў. Акрамя гэтага, Фардон адмаўляўся ад транспарту і ўсюды хадзіў пешшу. Калі на сваім шляху сустракаў валацугу ці жабрака, то аддаваў яму свой абутак.
Калі Фардон даведаўся, што жанчына, якая займалася прастытуцыяй, пакутуе ад тыфу, а побач няма чалавека, які б захацеў ёй дапамагчы, Фардон узяў хворую пад сваю асабістую апеку. Ён прыбіраўся ў яе пакоі і забяспечваў яе лекамі. Дзякуючы гэтаму хвароба ад жанчыны адступіла.
Таксама ёсць гісторыя пра мужчыну, які не мог супрацьстаяць спакусе красці. З-за гэта яго ніхто не хацеў браць да сябе на працу. Фардон стаў адзіным, хто даверыўся гэтаму чалавеку і запрасіў яго служыць ў святыі закрыстыянінам [касцёльны наглядчык — Hrodna 11:27].
Яшчэ пры жыцці яго лічылі святым
Адна сямейная пара, абіраючы імя для свайго дзіця, вырашыла ахрысціць яго імем Фардон, у гонар свайго пробашча. Калі Мельхіёр Фардон пра гэта даведаўся, то сказаў, што гэта не імя, а прозвішча. Маўляў няма такога імя і няма такога святога, у гонар якога можна назваць дзіця. Але пара адказала, што для іх ён святы.
Выратаваў гродзенскіх пажарнікаў
Самае вядома здарэнне, пасля якога Фардон атрымаў асаблівую пашану, — выратаванне ад смерці гродзенскіх пажарных. Гэта адбылося ў 1915 годзе, падчас Першай Сусветнай вайны. Нямецкія салдаты абвінавацілі пажарных у шпіянажы, бо яны, нібыта, падавалі з пажарнай вежы сігналы адступаючай рускай арміі. 13 чалавек прыгаварылі да растрэлу.
Калі абвінавачаных прывялі на могілкі каля кляштара і паставілі тварам да сцяны, Мельхіёр Фардон падыйшоў да нямецкіх салдат і, пацалаваўшы ім рукі, папрасіў, каб замест пажарных растралялі яго.
Немцы адмянілі загад, пажарныя вернуліся да працы і аб’явілі Фардона сваім вечным ганаровым членам і капеланам. У музеі гродзенскай пажарнай службы размешчаны партрэт Фардона, а ў экспазіцыі прадстаўлены яго асабістыя рэчы.
Адразу пасля смерці лічыўся кандыдатам на бласлаўлёнага
Мельхіёр Фардон памёр у лютым 1927 года, бо хварэў на сухоты. На пахаванне святара прыйші некалькі тысяч чалавек. Труну з целам Фардона неслі пажарныя. Яго пахавалі на пабернардынскіх могілках [старыя каталіцкія могілкі - Hrodna 11:27].
Айцец Фардон адразу пасля смерці лічыўся кандыдатам на бласлаўлёнага Каталіцкага касцёла. Працэс прызнання яго заслуг царквой пачаўся ў 1997 годзе і цягнецца дагэтуль. Прызнанне яго спачатку Слугой Божым, а потым Вялебным Слугой Божым — важныя этапы гэтага працэсу.
У 2003 годзе яго астанкі ўрачыста перанеслі ў касцёл Маці Божай Анёльскай, дзе ён служыў. У 2018 годзе Папа Рымскі Францішак выдаў дэкрэт аб распачацці беатыфікацыйнага працэсу. У дакуменце Папа прызнаў гераічнасць манаха, пацвердзіў яго заслугі перад Богам і людзьмі.