Сімвал еўра ля будынка штаб-кватэры Еўрапейскага цэнтральнага банка ў Франкфурце-на-Майне. Фота: Masood Aslami / Pexels.com
«Еўрасаюз нам не патрэбен!» Гэты наратыў папулярны не толькі ў беларускай прапаганды, але і ў польскіх еўраскептыкаў, якія лічаць, што Брусэль толькі выкачвае з Польшчы грошы. Аднак у рэчаіснасці ўсё наадварот: за апошнія 20 гадоў ЕС выдзеліў Варшаве дзясяткі мільярдаў еўра. Сваю долю еўрапейскіх грантаў атрымлівала і Беларусь. Дзясяткі мільёнаў еўра сышлі на ўладкаванне мяжы, экалогію, ахову здароўя, адукацыю, дапамогу бізнесу і сельскай гаспадарцы. Расказваем, як грошы Еўрасаюза за 20 гадоў змянілі Польшчу і якія еўрапейскія гранты асвоілі беларускія ўлады.
Рэдакцыі Hrodna.life і MOST працягваюць сумесны праект пра людзей, з’явы і падзеі па абодва бакі беларуска-польскай мяжы.
У фарміраванні бюджэту Еўрасаюза ўдзельнічаюць усе яго члены — памер адлічэнняў залежыць ад эканамічных параметраў той ці іншай краіны. З «агульнага катла» кожны ўдзельнік ЕС атрымлівае сваю долю ў рамках розных праектаў.
Падобная схема прыводзіць да таго, што багатым краінам-донарам, такім, як Германія ці Францыя, вяртаецца менш сродкаў, чым яны ўносяць. А вось краіны-бенефіцыяры, такія як Польшча ці Румынія, ад такога размеркавання атрымліваюць толькі выгаду.
Да прыкладу, за 20 гадоў сяброўства ў ЕС Варшава ўнесла ў саюзны бюджэт прыкладна 86 млрд еўра, але атрымала назад каля 250 млрд. То бок чыстая выгада склала прыкладна 164 млрд еўра. Міністр фондаў і рэгіянальнай палітыкі Катажына Пэлчыньска-Налэнч назвала Польшчу самым буйным бенефіцыярам Еўрапейскага саюза.
Амаль траціна атрыманых ад Еўрасаюза сродкаў пайшла на сельскую гаспадарку і падтрымку фермераў. Астатняе — на праграмы, якія былі закліканы скараціць адставанне Польшчы ад «старых» чальцоў Еўрасаюза — у транспарце, інфраструктуры, прадпрымальніцтве, інавацыях, чалавечым капітале, экалогіі, энергетыцы і іншых сферах.
Вынікі кажуць самі за сябе. За 20 гадоў агульны экспарт польскіх тавараў вырас у шэсць разоў, а сельскагаспадарчай прадукцыі — у дзесяць разоў. Палякі прадалі ў краіны ЕС на 80 млрд еўра больш, чым купілі.
Рост ВУП Польшчы склаў 99%, а ВУП па парытэце пакупніцкай здольнасці павялічыўся з 10 910 еўра на душу насельніцтва да 30 102 еўра. Польшча ўвайшла ў Еўрасаюз з самым высокім сярод краін-членаў узроўнем беспрацоўя — 19%. Цяпер гэты паказчык знізіўся да 3%. А заробкі палякаў павялічыліся ў сярэднім на 140%.
Еўрапейскія грошы траціліся на рэканструкцыю прадпрыемстваў, барацьбу з беспрацоўем, падтрымку малога і сярэдняга бізнесу, школ, будаўніцтва жылля, паляпшэнне медыцынскіх і камунальных паслуг. Да прыкладу, былі пабудаваныя сістэмы перапрацоўкі адходаў для Варшавы, Лодзі і Гданьска. Таксама прафінансавана мадэрнізацыя каналізацыі ў розных гарадах.
Аднак больш за ўсё патрацілі на новыя дарогі. Сярод іншага за грошы ЕС пабудавалі ўчасткі аўтастрад А1 (ад Гданьска да паўднёвай мяжы), A2 (ад усходняй да заходняй мяжы, праз Варшаву) і A4 (ідзе па поўдні Польшчы праз горада Жэшаў, Кракаў і Вроцлаў). Таксама была пабудавана дарога Via Baltica — фрагмент хуткаснай трасы Е67, якая злучае Хельсінкі і Прагу.
Вялікая ўвага надаецца польскай чыгунцы — за 20 гадоў сяброўства ў ЕС на іх было выдаткавана больш за 27 млрд еўра. За еўрапейскія гранты пабудаваныя або рэканструяваныя сотні вакзалаў, у тым ліку ў Кракаве, Вроцлаве, Гдыні, Гданьску, Быдгашчы, Шчэціне, Беластоку.
Акрамя таго, Польшча пабудавала або мадэрнізавала 17 тыс. кіламетраў шляхоў. З’явіліся новыя маршруты, у тым ліку паміж малымі гарадамі. Таксама былі праведзены асобныя лініі да аэрапортаў Варшавы, Кракава, Катавіцэ, Жэшува, Ольштына.
Нягледзячы на тое, што Еўрасаюз імкнецца размяркоўваць больш грошай у рэгіёны, якія адстаюць, найбуйнейшым польскім бенефіцыярам ЕС усё роўна стала Варшава. Сярод праектаў, рэалізаваных у сталіцы, — мадэрнізацыя набярэжных і берагоў Віслы, парку фантанаў, рэканструкцыя пабудоў у Старым горадзе, рэнавацыя старых будынкаў.
Што тычыцца транспартнай сферы, то за еўрапейскія грошы Варшава набыла сучасныя саставы для метро, пабудавала другую лінію гэтага транспарту, а першую давяла да паўднёвай ўскраіны. Туды ж праклалі трамвайныя шляхі. Таксама была пабудавана хуткасная дарога S2 (Паўднёвая аб’язная Варшавы — POW).
За 20 гадоў на сельскую гаспадарку Польшчы Еўрасаюз выдаткаваў каля 73 млрд еўра. Пры гэтым 63% ад гэтай сумы пайшло на прамыя выплаты фермерам — яны складаюць каля паловы даходаў занятых у гэтай сферы.
Астатнія «сельскагаспадарчыя» грошы Польшча выдаткоўвала на мадэрнізацыю ферм, абнаўленне парку тэхнікі, адаптацыю прадукцыі да патрабаванняў ЕС, а таксама рэструктурызацыю марскога і рачнога промыслу.
Сродкі, прызначаныя на сельскую гаспадарку, ішлі таксама на стварэнне новых працоўных месцаў у вёсках, пры гэтым неабавязкова звязаных з фермерствам. Таксама ствараліся ўмовы для жыцця ў сельскай мясцовасці: рамантаваліся дарогі, ачышчаліся вадаёмы і каналізацыя, будавалася інфраструктура.
Лічыцца, што менавіта фермеры больш за ўсё выйгралі ад уступлення Польшчы ў ЕС. Іх матэрыяльнае становішча і ўмовы жыцця значна палепшыліся, бо розніца ў даходах паміж горадам і вёскай моцна скарацілася.
У 2024 годзе Еўракамісія разблакавала Польшчы доступ да сродкаў Нацыянальнага плана аднаўлення (Krajowy Plan Odbudowy). Гэта комплексная праграма рэформаў і інвестыцый, распрацаваная для аднаўлення пасля крызісу, выкліканага пандэміяй COVID-19. План дазволіць краіне атрымаць фінансаванне ў памеры да 600 млрд злотых да 2026 года ўключна. У ліку іншага сродкі будуць выкарыстаны на развіццё інфраструктуры і ахову здароўя.
Умовы далучэння да ЕС з самага пачатку выклікалі крытыку скептыкаў. Цяпер жа можна вылучыць два ключавых пытанні, па якіх вядуцца найбольшыя дыскусіі. Па-першае, гэта міграцыйны пакт ЕС. Ён абавязвае членаў ЕС прымаць пэўную колькасць мігрантаў. Улады Польшчы пярэчаць супраць прымусовай перадачы мігрантаў краіне. Яны мяркуюць, што Польшча ўжо прыняла вялікую колькасць украінскіх бежанцаў, так што гэта павінна быць залічана пры размеркаванні міграцыйнай нагрузкі.
Па-другое, гэта «Зялёны курс» — экалагічная палітыка ЕС, якая ўзмацняе патрабаванні, у тым ліку ў галіне сельскай гаспадаркі. У прыватнасці, яна прадугледжвае абмежаванне выкарыстання пестыцыдаў, угнаенняў і супрацьмікробных прэпаратаў і стымулы да развіцця арганічнага земляробства. Польскія фермеры не раз пратэставалі супраць такіх абмежаванняў, паколькі, па іх думку, яны падрываюць канкурэнтаздольнасць іх прадукцыі ў параўнанні з вытворцамі з-за межаў ЕС, перш за ўсё з Украіны.
Еўрасаюз вылучае фінансаванне не толькі сваім чальцам, але і многім краінам свету, ва ўстойлівым развіцці якіх зацікаўлены. У асноўным гэта дзяржавы, з якімі мяжуе саюз, і краіны, з якімі ў членаў ЕС гістарычна сфармаваныя ўстойлівыя палітычныя і эканамічныя сувязі. Таму, нягледзячы на тое, што Беларусь не ўваходзіць у ЕС, яна таксама атрымлівала фінансаванне ў рамках розных праграм, праектаў і грантаў. Еўрасаюз з’яўляўся найбуйнейшым грантадаўцам краіны. У 2016 годзе гэтая дапамога павялічылася ў два разы — штогод Беларусі стала паступаць прыкладна па 30 млн еўра. Грошы накіроўваліся міністэрствам, універсітэтам, інстытутам, прыватным арганізацыям.
Чытайце таксама: Беларусь не хоча вяртаць ЕС грошы за спыненыя праекты
Гранты ЕС працягвалі паступаць нават пасля падзей 2020 года, а некаторыя і пасля абвастрэння міграцыйнага крызісу на беларуска-польскай мяжы летам 2021-га. Цалкам супрацоўніцтва спынілася толькі пасля пачатку вайны ва Украіне.
Значную частку сродкаў ЕС вылучаў на ахову мяжы, у тым ліку беларуска-украінскай, а таксама для вырашэння пытанняў, звязаных з міграцыяй. З 2001 года на гэтыя мэты Еўрасаюз пералічыў больш за 83 млн еўра.
Дзякуючы еўрапейскай дапамозе на беларуска-польскай мяжы былі пабудаваны грузавы тэрмінал «Казловічы-2» і пункт пропуску «Пясчатка». Таксама дзякуючы сродкам ЕС у памежнікаў з’явіліся мабільныя надглядныя комплексы. Акрамя таго, была ўкаранёная сучасная сістэма абмену інфармацыяй на мяжы «БОМБЕЛ», якая перажыла тры абнаўленні.
Адзін з найбуйнейшых праектаў у гэтай сферы быў накіраваны на барацьбу з нелегальнай міграцыяй. Яго рэалізоўвалі з 2018 года. На праект выдзелілі 7 млн еўра, прычым сродкі паступалі ў тым ліку і Міністэрству ўнутраных спраў. Сярод вынікаў — распрацоўка і ўкараненне Праграмы добраахвотнага вяртання і рэінтэграцыі, якая дапамагала мігрантам бяспечна і лёгка з’ехаць у краіну паходжання.
Грошы атрымлівалі і іншыя сілавыя ведамствы. Напрыклад, Міністэрства па надзвычайных сітуацыях удзельнічала ў трансгранічным праекце з агульным бюджэтам у 4,5 млн еўра. Беларусы патрацілі сваю частку сродкаў на рэканструкцыю пажарнай часткі ў Камянцы, міжнародныя вучэнні і навучальныя мерапрыемствы для жыхароў Брэсцкай вобласці.
Чытайце таксама: Медыцына, экалогія, турызм. На што Беларусь больш не атрымае грошай ад Еўрасаюза
Еўрапейскі саюз актыўна інвеставаў у экалогію Беларусі. Сярод сумесных праектаў — ахова рэк і тарфянікаў, падтрымка маніторынгу выкідаў у паветра, уладкаванне веладарожак, падрыхтоўка выратавальнікаў да дзеянняў пры тэхнагенных катастрофах, устаноўка кантэйнераў для электраадходаў.
Адным з першых стаў праект па ўтылізацыі выкарыстаных і састарэлых пестыцыдаў, які рэалізоўваўся з 2012 па 2016 год. Грант у памеры амаль 562 тыс. еўра пералічылі Міністэрству прыродных рэсурсаў. Сярод галоўных вынікаў — вываз 138 тон пестыцыдаў са склада ў Слонімскім раёне. Прэпараты адправілі ў Францыю, дзе іх утылізавалі на спецыялізаваным заводзе.
Адным з найбуйнейшых еўрапейскіх экалагічных праектаў у Беларусі стала «Водная ініцыятыва ЕС плюс» (EUWI+). Яна рэалізоўвалася з 2016 па 2020 год, на працягу якіх дзейнічаў грант больш чым на 24,6 млн еўра, — апроч Беларусі гэтыя сродкі атрымалі Азербайджан, Арменія, Грузія, Малдова і Украіна.
Грошы на экалогію з Еўропы паступалі і пасля 2020 года. Да прыкладу, 1,1 млн еўра было выдзелена ў рамках праекта «ЕС для клімату» (EU4Climate). Аднак пасля выхаду Беларусі з Усходняга партнёрства ў 2021 годзе яго рэалізацыю прыпынілі.
Нароўні з экалогіяй ЕС фінансаваў беларускую культуру, адукацыю і навуку. Грошы вылучаліся на розныя мэты — ад арганізацыі перасоўных сельскіх клубаў у Рагачоўскім раёне да вывучэння «матэрыялу будучыні» — графена — у Інстытуце ядзерных праблем БДУ. Цікава, што сродкі, якія вылучаліся беларускім навукоўцам у рамках другога праекта, пасля пачатку вайны ў Украіне былі перанакіраваны ўкраінскім спецыялістам.
Мабыць, самымі буйнымі сталі праекты, якія дапамагалі студэнтам і спецыялістам атрымліваць адукацыю і павышаць кваліфікацыю ў Еўропе. Да прыкладу, праграмай MOST, на якую было выдзелена амаль 9,3 млн еўра, за пяць гадоў скарысталіся 3159 беларусаў. Музыкі, лекары, рамеснікі, бібліятэкары наведвалі прафесійныя канферэнцыі, фестывалі, выставы і летнія школы.
Праграма дзейнічае да гэтага часу, і тэарэтычна ёй усё яшчэ могуць скарыстацца беларусы, якія знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі. Аднак на практыцы Гётэ-Інстытут, які курыруе гэты праект, у 2021 годзе прыпыніў дзейнасць у Мінску.
Адзін з апошніх культурных праектаў ЕС у Беларусі рэалізоўваўся з 2019 па 2021 год. У ім удзельнічалі таксама Латвія і Літва. Агульны бюджэт — больш за 1 млн еўра. Да прыкладу, у рамках яго Полацкі райвыканкам арганізаваў міжнародны гістарычны фестываль «На шляху з варагаў у грэкі».
Еўрапейскі саюз вылучаў грошы і на ахову здароўя, у тым ліку на барацьбу з каранавірусам. Сродкі таксама ішлі на падтрымку сем’яў, якія жывуць на забруджаных радыяцыяй тэрыторыях, дапамогу сіротам і дзецям-інвалідам, укараненне інклюзіі ў школах. Асабліва шмат праграм было прызначана для жыхароў памежжа. Яны ішлі на барацьбу з астэапарозам, аўтызмам, інфекцыйнымі захворваннямі, ракам.
З 2012 па 2016 год Беларускі Чырвоны крыж прыцягнуў некалькі тысяч валанцёраў для дапамогі сталым, інвалідам і сіротам Брэсцкай, Віцебскай і Магілёўскай вобласці. На рэалізацыю гэтага праекта Еўрасаюз выдзеліў амаль 295 тыс. еўра, яшчэ 99,5 тыс. еўра — Дацкі Чырвоны крыж.
Буйной еўрапейскай дапамогай у сферы аховы здароўя стала праграма БЕЛМЕД, якая рэалізоўвалася з 2015 па 2019 год і ахапіла ўсю тэрыторыю краіны. Еўрасаюз пералічыў міністэрству аховы здароўя Беларусі 3,8 млн еўра, яшчэ 236 тыс. еўра — МЗС Польшчы.
Дзякуючы БЕЛМЕД у Беларусі ўпершыню правялі комплексны маніторынг фактараў рызыкі неінфекцыйных захворванняў па правілах Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, упершыню распрацавалі нацыянальную стратэгію ЗЛЖ, укаранілі новыя мадэлі першаснай медыцынскай дапамогі і прафілактыкі, запусцілі супрацоўніцтва дзяржорганаў з НКА і бізнесам. Таксама быў створаны Рэспубліканскі маніторынгавы цэнтр дзіцячага здароўя.
Адным з апошніх стаў праект, які дапамагаў дзецям з цяжкімі формамі інваліднасці і невылечнымі захворваннямі. ЕС выдзеліў на яго амаль 605 тыс. еўра, яшчэ 60 тыс. еўра прадаставіла пасольства Вялікабрытаніі ў Мінску. Праграма рэалізоўвалася з 2020 па 2022 год.
Еўропа таксама ўкладвалася ў рэгіянальнае развіццё і прыватны сектар. Грошы выдзяляліся на станаўленне лакальных супольнасцяў, турызму і дробнага прадпрымальніцтва, у тым ліку ў сельскай мясцовасці, а таксама на пастаўку абсталявання для вытворчасці чыстай электраэнергіі і стварэнне «Аграбізнэс-інкубатара» ў Брагінскім раёне.
Чытайце таксама: Памёр кіраўнік «Нямнова Тур» Сяргей Каляда. Ён развіваў трансгранічныя праекты з Еўрасаюзам
Адзін з апошніх і самых буйных праектаў у гэтым кірунку рэалізоўваўся ў 12 раёнах Беларусі з 2018 па 2022 год. Яго агульны бюджэт склаў 7,7 млн еўра. Галоўным партнёрам стала Міністэрства эканомікі.
Выдзеленыя сродкі траціліся на развіццё прадпрымальніцтва, стартапаў і кластарных ініцыятыў, мікрафінансаванне і падтрымку прадпрыемстваў, якія вырашалі б сацыяльна значныя пытанні.
Яніна Міхайлаўна Земба нарадзілася ў Гродне ў 1934 годзе. Падчас нямецкай акупацыі яе маму вывезлі…
У пошуках лепшага жыцця тысячы людзей выязджалі з беларускіх зямель больш за сто год таму.…
Беларускія ўлады пачалі звяртаць увагу на школьны булінг. Праз Telegram-каналы і рассылкі ў школьных Viber-чатах…
Здабываць бярозавы сок вясной — беларуская традыцыя, у кожным лясніцтве яго можна купіць за капейкі.…
Белавежская пушча сёння раздзеленая не на дзве, а насамрэч на тры часткі: беларускую, польскую і…
Ужо некалькі дзесяцігоддзяў метал-музыка аб'ядноўвае людзей не толькі адных музычных прыхільнасцяў, але і падобнага светапогляду.…