Чалавек-аркестр з Адэльска паказаў у краме дзясяткі інструментаў: дудкі, ражкі, лыжкі, а сярод іх – унікальны рог, зроблены па апісанню з паэмы “Пан Тадэвуш”. З яго дапамогай музыка адкрываў паляванне ў час фестывалю паляўнічных традыцый на Аўгустоўскім канале.
Некалькі гадоў “вырошчваў” сыравіну
Мар’я Скрамблевіч цікавіўся музыкай з ранніх гадоў. На першым вяселлі зайграў, калі яму было 12 гадоў. Больш за 30 гадоў кіраваў хорам і аркестрам гродзенскага аўтапарка. І ўжо больш за 20 гадоў сам майструе інструменты. У Адэльску ў яго ёсць уласны музей, дзе ён праводзіць экскурсіі.
– Ноччу я хадзіў на лясах, фатаграфаў, назіраў, любіў грыбы збіраць. Прыцемкі, сонца яшчэ не ўзыйшло, прачынаецца зямля, пачынаецца дзень. У гэты час на палянках можна ўбачыць лася, козачку. Яны падымаюцца і чуваць такія ўздыхі, стогны, – кажа Мар’ян і імітуе на адмысловым інструменце стогны лася.

Майстар вельмі адказна ставіцца да працы. Каб зрабіць адзін з інструментаў ён спецыяльна хадзіў па лесе, знайшоў патрэбную галіну, загнуў і некалькі гадоў хадзіў ды правяраў, каб яна вырасла такой як трэба. Для вырабу інструментаў ён выкарыстоўвае каля 20 парод дрэва. З рэдкай сыравінай – напрыклад, бамбукам, – дапамагаюць людзі. А гатовыя інструменты карыстаюцца папулярнасцю ў замежнікаў.
Дудкі-самаграйкі і шмат ударных
– З’яўляецца сонейка. Першыя птушкі, якія прачынаюцца – жаваранкі. Высока падымаецца адзін, другі, – грае “па-птушынаму” жаваранкаў майстар. З часам пачынае граць цэлы хор птушак.
На сустрэчы Скрамблевіч паказаў дудачкі звычайныя і двайныя, ражкі, лыжкі, незвычайныя акарыны ў выглядзе рыбы і пасхальнага яйка, шмат ударных інструментаў. Матэрыял, колькасць і велічыня дзірак уплываюць на тэмбр інструмента. Мар’ян называе свае дудкі самаграйкамі: яны зроблены так, што ў іх не трэба моцна дзьмуць. А моцна граць нават носам.

Майстар умее імітаваць крык жураўлёў.
– Аднойчы, калі ляцеў вырай, я выйшаў і зайграў. Дык адзін журавель скіраваўся да мяне! – расказвае ён.
Калі вырэзваць дрэва і чаму трэба выкарыстоўваць унікальныя інструменты
Майстар можа граць і папулярныя мелодыі. І паказвае наведвальнікам “душашчыпальную” мелодыю, прысвечаную падзеям ва Украіне. А затым паказвае рог падобны да апісанага ў паэме “Пан Тадэвуш” і дзеліцца назіраннямі:
– Дрэва трэба рэзаць да снежня, а не вясной, як гэта робяць. Тады сок з дрэва сыходзіць, дрэва адпачывае. Калі яго зрэзаць, яно застаецца жывым.

Музыкант дае патрымаць у руках свае вырабы і кажа, што іх цяпло можна адчуць. Наведвальнікі згаджаюцца: ім здаецца, што дрэва пульсуе. Можа, справа ў тым, што кожны яго выраб – адзіны ў сваім родзе.
Агулам Мар’ян Скрамблевіч паказаў некалькі дзясяткаў інструментаў. Кожны мог паспрабаваць пайграць на іх. У канцы ён падзяліўся яшчэ адной думкай. Аднолькавымі інструментамі ў нас граюць розную музыку розных кампазітараў. Але ж кожная музыка спецыфічная і патрабуе ўнікальных інструментаў. Майстар улічвае гэтыя асаблівасці – тым каштоўнейшыя яго вырабы.














