Гродзенец Дзмітрый Пацук «дзедмарозiць» ўжо больш за 12 гадоў. Пачалася яго гісторыя ў ролі казачного персанажа ў пачатку 2000-х у Шчучыне, працягнулася ў войску. Сёння Дзмітрый — адзін з самых дасведчаных Дзядоў Марозаў у Гродне, а з 2005 года ў Цэнтры Творчасці дзяцей і моладзі без яго не праходзіць ніводнае навагодняе свята.
Усё было для таго, каб стаць Дзедам Марозам
Са снежня 2016 года па студзень 2017 у Дзмітрыя ў планах 35 навагодніх ранішнікаў, дзе ён віншуе тысячы дзетак. Праца складаная, але цікавая, якой трэба аддавацца цалкам.
«Мой першы касцюм Дзеда Мароза з’явіўся ў 2002 годзе, пад самы Новы Год. Так атрымалася, што пасля каледжа мастацтваў мяне панесла „марозіць“. Спачатку ў Шчучыне ў Доме культуры, а пасля ў войску Дзедам Марозам давялося быць. І ўжо пасля дзембеля я зразумеў, што гэта маё прызначэнне. Таму што ў мяне ўсё было для таго, каб стаць Дзедам Марозам: камплекцыя, тэмбр голасу, дыкцыя і гаворка граматная. I вось з 2005 года працую Дзедам Марозам без перапынкаў», — кажа Дзмітрый.
Калі не сезон, вучыць дзяцей граць на гітары
Па прафесіі Дзмітрый — педагог дадатковай адукацыі. Цэлы год, акрамя часткі снежня і студзеня, ён вучыць дзяцей граць на гітары. Да сваёй сезоннай працы мужчына ставіцца сур’ёзна. Кажа, што Дзедам Марозам проста так нельга стаць — ім трэба быць у душы.
«Штодзённыя ранішнікі ў асноўным толькі ў канцы снежня і пачатку студзеня, тады ж і праходзіць бесперапынная праца Дзедам Марозам. На першых маіх ранішніках я вельмі хваляваўся, хоць і ўсё было ў мяне адпрацавана. А потым я так ужыўся ў ролю, што адчуў сябе сапраўдным Дзедам Марозам. Нават летам дзеці сталі пазнаваць на вуліцы, ды і некаторыя жанчыны на карпаратывах падыходзілі і віталіся як з Дзедам Марозам».
«Людзi не павiнны забываць Дзеда Мароза»
На калядных і навагодніх святах Дзмітрый працуе ў сінім касцюме Дзеда Мароза, а не ў звыклым для ўсіх чырвоным. Гэта ён робіць паводле старой і добрай традыцыі.
«Наогул касцюмы ў мяне два, чырвоны і сіні. Але перавагу аддаю другому, бо я вырас на савецкіх казках, а там часта Дзяды Марозы былі ў сініх — марозных касцюмах.
Я заўважыў, што з’яўляецца ўсё больш і больш касцюмаў розных колераў. Вось нядаўна бачыў і чорны, і жоўты. Усё мяняецца, таксама погляды і настроі людзей. Вы паглядзіце, усё больш у горадзе можна заўважыць касцюмаў Санта Клаўса, ды і нават нашага нацыянальнага Зюзю можна ўбачыць. З аднаго боку гэта добра, але мы не павінны забываць пра слаўнага Дзеда Мароза".
Разам з такімі пераменамі змяняецца і стаўленне дзяцей да Дзеда Мароза. Дзмітрый распавядае, што раней было больш дзяцей зацікаўленых у існаванні зімовага казачнага персанажа, зараз жа цікавасць прыкметна знікае.
«Ёсць дзеці, якія не хочуць ужо казку, а проста хочуць падарункі. Бывала, калі са школьнікамі вітаешся, то яна крычаць: «Здарова мужык, чаго ты там ходзіш!»
Усё менш дзяцей верыць у Дзеда Мароза, ідзе новае пакаленне. Я заўважыў гэта нават па падарунках: многія не жадаюць ужо прысмакі і цацкі, ім патрэбныя планшэты ці іншыя гаджэты. Не перастаюць радаваць толькі самыя маленькія, якія яшчэ вераць у сапраўдную казку".
«Хто на маім раёне бабло косіць?»
Без кур’ёзных сітуацый навагоднiя святы ў гродзенскага Дзеда Мароза не праходзяць. Заўсёды адбываецца нешта незвычайнае.
«Бывае, калі ўжо трэці ці чацвёрты ранішнік за дзень праходзіць, то блытаюцца словы. Напрыклад, замест «Дзеці, давайце елачку запалім» у мяне неяк атрымалася «загарым». Гэта нямногія заўважаюць, але бывае.
Нядаўна да маёй суседкі прыйшлі дзве сяброўкі пераапранутыя ў Дзеда Мароза і Снягурку. Я калі пачуў шум у пад’ездзе, то таксама вырашыў пераапрануцца. Адкрываю дзверы і сур’ёзным голасам кажу: «Хто на маім раёне бабло косіць?». Жанчыны спалохалiся.
Зусім нядаўна быў выпадак, калі школьнік падбег да мяне, пацягнуў за бараду, пры гэтым зрабіў сэлфi і ўцёк".
У доме павінна быць трохі свята і добрай казкі
Раней Дзмітрый пасля ранішнікаў і ў навагоднюю ноч хадзіў па кватэрах і віншаваў дзяцей, зараз ён стаў рабіць гэта радзей, бо колькасць заказаў з кожным годам падае.
«У гэтым годзе, напэўна, упершыню за доўгі час буду сустракаць Новы Год дома. Можа гэта і да лепшага. Хачу пажадаць усім гродзенцам, каб яны верылі ў цуд, якi павінен калі-небудзь адбыцца і з імі. Таксама хачу ўсім пажадаць, каб нягледзячы на розныя праблемы і цяжкасці, заўсёды ў доме было трохі свята і той самай добрай казкі».