Грамадзянская вайна і галеча, каханне і падман, праўда і легенды перапляліся ў расповедзе «чалавека-кнігі» Уладзіміра Рунге падчас міжпакаленчай жывой бібліятэкі. Адбылася сустрэча кніг і чытачоў 25 лютага. Прачытаць «чалавека-кнігу» за паўтары адведзеных гадзіны, канечне, не атрымалася, але ад некаторых старонак адарвацца было проста немагчыма. «Шкада, што так мала часу, — уздыхаў у канцы сустрэчы Уладзімір, — столькі яшчэ ўсяго цікавага можна было б расказаць…»
Каханне ці смерць — як дзед бабе прапанову рабіў і чым тое скончылася
Мой дзед, Філіп Ізідоравіч Салавей, ваяваў за чырвоных. І трэба ж было такому зрабіцца — камісарам стаў. А на якім баку ваявала мая бабка, то я і не ведаю. Сястра міласерднасці яна была. Штосці пра Камышын расказвала, дзе яны былі і другія месцы, але мне не цікава ў той час было. Цікава стала, калі самому за 50 і бабулі у жывых не было.
Грамадзянская вайна скончылася. Мой дзед і гаворыць: «Выходзь за мяне замуж. Бо ў другім выпадку — застралюся». Пры зброі хадзіў. Нармальная такая прапанова, катэгарычная. Ну, што. Ну, бабуля не хацела, але шкада было маладога чалавека. А ён быў 1895 года нараджэння, на 5 гадоў старэйшы за бабулю.
Ну што, пацягнула. А ён такі ёй зрабіў падвох. Паехалі, кажа, я табе Варшаву пакажу. Паехалі. Па дарозе заехалі на яго радзіму, у мястэчка Ізабелін Ваўкавыскага раёна. І там спыніліся. Бабуля два гады плакала, бо яна ж гарадская была. Невядома ёй была сялянская праца ад цямна да цямна. І свякроў тут такая, ведаеце… А трэба было і жаць, і ўбіраць, і хлеб пячы і многа-многа чаго другога. А тут дзеці пайшлі. Нарадзілася чацвёра. Праўда, адна дзяўчынка памёрла. Два хлопчыкі засталіся і мая мама.
Тут яшчэ трагедыя. У трыццаць другім памёр мой дзед. Зараз такая хвароба вылечваецца, а тады не. Бабуля усё папрадавала, каб яго вылечыць. Але нічога не памагло. У 33 гады яна засталася ўдавой з трыма дзецьмі. Маме было 4 гады.
Свабодныя немцы і нямерана жыдоў - спецыфіка мястэчка Ізабелін
Ну і што рабіць? Прападаць? Панска Польшча. Адны прыгнятацелі. Васточніца якаясці там. Павагі ніякай? Далёка не так было. Мястэчка Ізабелін спецыфічнае. Там яшчэ з даўніх часоў, з 18 стагоддзя, вялікая дыяспара немцаў была. Сямей можа больш за 20. У свой час, я думаю, ад Екацярыны ці Тызенгаўза былі сюды запрошаны, як рамеснікі. Яны былі вольнымі людзімі.
І такі быў Янцэвіч. Янцэвіч гэты і падарожнік быў, і пісьменнік. Ён, падарожнічаючы па нашым рэгіёне, напісаў такія пуцявыя заметкі. Што ў 1840 годзе ў Ізабеліне ён знайшоў мануфактуру ці фабрыку, дзе была суконная вытворчасць. І там працавалі 9 майстроў і 20 разнарабочых, усе прускага паходжання і з пашпартамі. 1840-ы год. Яшчэ да скасавання прыгоннага права далёка, а яны з пашпартамі. Свабодныя. Свабоднымі мае немцы былі.
І там немерана было жыдоў, там былі і беларусы, і палякі. Такое было мястэчка. Зараз яно хірэе, але гэта ўжо пераскочыў.
Што рабіць? Прападаць?..
І што рабіць? Усё прадала - ні з чым. Хоць ты прападай, хоць ты жабраваць ідзі. Ну, яна добрая гаспадыня была, добра ўмела гатаваць і ўладкавалася на працу да пана мясцовага. І працавала, так сказаць, да самага прыхода асвабадзіцеляў, да 39 года. Яна працавала кухаркай. Дзякуючы працы ў пана, яна выцягнула ўсіх сваіх дзяцей. І абутыя былі, і адзетыя, і заўсёды накормленыя. Мала таго, яшчэ і дапамагала суседзям бедным, беларусам.
Вось. І вывучыла іх (дзяцей) — адзін слесарам стаў. Другі столярам. Яшчэ перад вайной вучыліся. Але тыя хлопцы, канечне, былі не вельмі… Як яна расказвала, набяруць слодычаў у жыдоўскіх лаўках. Жыды давалі на вэксаль, калі грошай не было. А потым, калі месяц прайшоў, жыд прыходзіць: «Вот, пані - столькі-та». Бабуля плакала, а паўтаралася тое ізноў. Вось такія справы.
Як змянілася ўлада, то бабулю выбралі ў дэпутаткі. А калі прышлі немцы… там свае сваіх стралялі. Паліцаі прышлі, кажуць — актывістаў да сценкі, хочуць бабу расстраляць. То яе мясцовыя немцы адбілі.
І аб чым я гавару. Мястэчка тое было ўнікальнае. Людзі розных культур і адносіліся адзін да аднога з павагай.
Яшчэ ў першы дзень вайны згарэла бабіна хата. То калі немцы жыдоў вывезлі, ёй далі хату. Войтам быў Альберт Шварц з Ізабеліна. У яго мамін брат за фурмана служыў, на брычцы вазіў. Пасля вайны праз тое саслалі за Урал. Там і зараз чатыры стрыечныя браты-Салаўі жывуць.
Парэзаная картка: Заметка мімаходзь
А таму што паліцэйскі быў. Польскі. За такое ўсю сям’ю выслаць маглі. Баялася, то адрэзала. І ў яго любоў яшчэ была, ён цётку пакінуў. Мо таму. Тут яшчэ тая магла быць гісторыя.
Пасля вайны
Бацька быў з мясцовых немцаў. Вельмі розныя людзі яны з мамай былі. Мама выпешчаная, бо расла з панамі. А бацька просты, але ўсё ўмеў. Збрую, ровары, галошы — ўсё. Памёр ён рана, цяжкае было жыццё. Рабілі тады ў калгасе «за палачкі».
А мама працавала спачатку на пошце пасля вайны. І вазіла грошы ў раён праз лес. На ровары. І не баялася! Праз лес чатыры кіламетры трэба было ехаць! І аднойчы бацька пайшоў сустракаць. То каб не пайшоў, то яе забілі бы.
А потым у прыгарадным сельпо працавала ў Ваўкавыску. Пры таргоўлі заўсёды было што купіць. А на вёсцы было цяжка. З усім — з прадуктамі, з таварамі. А ў нас усё было. Калі макароны — то яшчык. І заўсёды цукеркі вазіла. Не было дня, каб яна не прывозіла цукеркі для мяне і сястры. То мы зубы свае рана з’елі. Вось такія справы.
У пяцьдзесят шостым годзе пайшоў я ў першы клас. То ў школе немцам звалі, але не білі. Бывала, другіх, то старэйшыя з іншых класаў пабівалі, а мяне — не. Некаторых немцаў так дапякалі, што людзі з’язджалі і прозвішчы пазмянялі. То з тых у Ізабеліне і зараз смяюцца.
А як пасля вайны гулялі з хлопцамі ў вайну, то я таксама заўсёды немцам быў. Бо немец. Гулялі мы тады з сапраўднай зброяй — аўтаматаў, патронаў, штыкоў - нямерана было.
Маркетынг і тапаніміка па-ізабелінску
Раней Ізабеліна называлася Петухова. Да сярэдзіны XVIII стагоддзя. У гэты час ці выкупіў, ці ў карты выграў мястэчка граф Флемінг. І пераіменаваў яго ў гонар адзінай дачкі Ізабэлы. У яго рана памёрла жонка, Антаніна. Паспела нарадзіць толькі гэту Ізабэлу і памёрла. Ён ажаніўся на малодшай яе сястры. І праз два гады гэта жонка памёрла таксама. У той самы дзень, на тым самым ложку. От як бывае. І тады перайменаваў.
А людзям, як перайменаваў, то сказаў, каб выходзілі на дарогу ізабелінскую, што вяла ў мястэчка, і пыталіся ва ўсіх, хто едзе на возе: «Ты куды едзеш?» Калі гаварылі - ў Петухова, ну, то язджай. А калі гаварылі - ў Ізабелін, - піва налівалі.
[irp posts="13 927″ name="За мужам у Афганістан і па джынсы ў Кітай. Неверагодныя гісторыі з гродзенскай «жывой бібліятэкі""]
Праект «Паляпшэнне якасці жыцця сталых людзей праз адукацыю, актывізацыю і валанцёрскую дапамогу» рэалізуецца грамадскім аб’яднаннем «Цэнтр «Трэці сектар» і прафінансаваны Фондам «Памяць, адказнасць і будучыня» (EVZ) у межах праграмы «Месца сустрэчы: дыялог». Арганізатар праграмы ў Беларусі - міжнароднае грамадскае аб’яднанне «Узаемапаразуменне».
Гэтая публікацыя не адлюстроўвае меркаванне фонда EVZ. Адказнасць за змест нясе аўтар/нясуць аўтары.
Мечтаете о красивой улыбке и ровных зубах? Ужасы страшных брекетов уже давно в прошлом. Сегодня мы предлагаем вам инновационные прозрачные невидимые брекеты, которые подарят вам комфорт и удобство невидимой коррекции.