«Анры-тэатр» пачаў свае выступы з верасня 2017 года ў Гродзенскім Палацы творчасці дзяцей і моладзі. Для юных акцёраў гэта магчымасць расказаць пра сябе, стаць больш упэўненымі людзьмі і адчуць сябе часткай грамадства.


Фотагісторыяй Алёны Горскай Hrodna. life працягвае знаёмства з выставай «Жыццё ў поўным колеры». Яна адкрылася 9 ліпеня ў Цэнтры гарадскога жыцця і стала вынікам навучальнага курса па фота, арганізаванага HrodnaMediaRoom.


«Любыя дзеці маюць права на самавыражэнне і хочуць удзельнічаць у святах ці іншых мерапрыемствах, — кажа Алёна Горская пра герояў сваёй фотагісторыі. — Незважаючы на цяжкасці, яны хочуць сябе раскрыць. Казкатэрапія і тэатр вельмі для гэтага пасуюць. Я правяла з героямі шмат часу, і аказалася, што яны вельмі жыццярадасныя людзі і харошыя акторы. Тэатр стаў нібы павелічальным шклом для іх эмоцый, яны ўжываліся ў ролі і добра іх выконвалі. Заставалася толькі лавіць іх усмешкі, жэсты і позіркі».

У 2009 годзе на базе «Чырвонага крыжа» ў Гродне з’явіўся «Дзённы цэнтр для дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі». Мэта — дапамога сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей з інваліднасцю. Яны не наведваюць дзіцячыя садкі і школы, гэта стала магчымасцю камунікаваць з аднагодкамі і іншымі дзецьмі.

Чытайце яшчэ:  У кадры – жыццё ў поўным колеры. Як пачаткоўцы навучыліся здымаць і зрабілі выставу пра грамадскія ініцыятывы Гродна
У сярэдзіне 2017 года ў інтэграцыйным лагеры Чырвонага крыжа упершыню адбылася пастаноўка «Чараўнік ў смарагдавым горадзе». Акцёры спектакля — дзеці з інваліднасцю і валанцёры.

Праз час з’явілася ідэя стварыць сваю студыю «Анры-Тэатр», названую ў гонар заснавальніка руху Чырвонага Крыжа — Анры Дзюнана.

Выстава «Жыццё ў поўным колеры» будзе экспанавацца ў Цэнтры гарадскога жыцця да 16 ліпеня.

Чытайце яшчэ:  "Усім трэба есці і спаць. Але некаторых хапае на большае". Фотагісторыя пра цудоўных людзей з "Цудоўні"

Калі вы знайшлі ў тэксце памылку або абдрукоўку, калі ласка, паведаміце нам, выбраўшы адпаведны фрагмент і націснуўшы клавішы Ctrl+Enter.