Знаёмцеся, этнакрама і культурная пляцоўка «Цудоўня». І ейныя гаспадары — Нортан і Надзея. На паліцах — гліняны посуд, строі з арнаментам і наканечнікі каменнага веку. У жыцці — сумесны бізнес, перамовы і недасыпы, жаданне зрабіць гэты горад крышачку лепшым і адна сям’я на дваіх.


Фотагісторыяй Марыcі Харэвіч пра культпляцоўку «Цудоўня» Hrodna. life адкрывае расповед пра выставу «Жыццё ў поўным колеры». Яна адкрылася 9 ліпеня ў Цэнтры гарадскога жыцця і стала вынікам навучальнага курса па фота, арганізаванага HrodnaMediaRoom.


«Андрусь (Нортан) і Надзейка першымі ў горадзе адкрылі краму аўтэнтычных рамесных рэчаў. Іх гісторыя — гэта гісторыя людзей, якім не ўсё роўна, — расказвае Марыся Харэвіч пра сваіх герояў. — Хацелася паказаць сутнасць — што ўсім людзям трэба есці, спаць, зарабляць на жыццё. Але ёсць сярод нас людзі, што гатовы нешта рабіць па-над гэтым. Магчыма, ім прыходзіцца нечым ахвяраваць, яны стамляюцца, але не пакідаюць рабіць карысную для грамадства справу».

Чытайце яшчэ:  У кадры – жыццё ў поўным колеры. Як пачаткоўцы навучыліся здымаць і зрабілі выставу пра грамадскія ініцыятывы Гродна
«Цудоўня» — гэта ўтульнае месца, дзе можна з карысцю і прыемнасцю правесці час на цікавых культурных і творчых імпрэзах ды прыдбаць вырабы беларускіх рамеснікаў.

Выстава «Жыццё ў поўным колеры» будзе экспанавацца ў Цэнтры гарадскога жыцця да 16 ліпеня.

Калі вы знайшлі ў тэксце памылку або абдрукоўку, калі ласка, паведаміце нам, выбраўшы адпаведны фрагмент і націснуўшы клавішы Ctrl+Enter.