“Анры-тэатр” пачаў свае выступы з верасня 2017 года ў Гродзенскім Палацы творчасці дзяцей і моладзі. Для юных акцёраў гэта магчымасць расказаць пра сябе, стаць больш упэўненымі людзьмі і адчуць сябе часткай грамадства.
Фотагісторыяй Алёны Горскай Hrodna.life працягвае знаёмства з выставай «Жыццё ў поўным колеры». Яна адкрылася 9 ліпеня ў Цэнтры гарадскога жыцця і стала вынікам навучальнага курса па фота, арганізаванага HrodnaMediaRoom.
“Любыя дзеці маюць права на самавыражэнне і хочуць удзельнічаць у святах ці іншых мерапрыемствах, – кажа Алёна Горская пра герояў сваёй фотагісторыі. – Незважаючы на цяжкасці, яны хочуць сябе раскрыць. Казкатэрапія і тэатр вельмі для гэтага пасуюць. Я правяла з героямі шмат часу, і аказалася, што яны вельмі жыццярадасныя людзі і харошыя акторы. Тэатр стаў нібы павелічальным шклом для іх эмоцый, яны ўжываліся ў ролі і добра іх выконвалі. Заставалася толькі лавіць іх усмешкі, жэсты і позіркі”.
У 2009 годзе на базе “Чырвонага крыжа” ў Гродне з’явіўся “Дзённы цэнтр для дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі”. Мэта – дапамога сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей з інваліднасцю. Яны не наведваюць дзіцячыя садкі і школы, гэта стала магчымасцю камунікаваць з аднагодкамі і іншымі дзецьмі.
У сярэдзіне 2017 года ў інтэграцыйным лагеры Чырвонага крыжа упершыню адбылася пастаноўка “Чараўнік ў смарагдавым горадзе”. Акцёры спектакля – дзеці з інваліднасцю і валанцёры.
Праз час з’явілася ідэя стварыць сваю студыю “Анры-Тэатр”, названую ў гонар заснавальніка руху Чырвонага Крыжа – Анры Дзюнана.










Выстава «Жыццё ў поўным колеры» будзе экспанавацца ў Цэнтры гарадскога жыцця да 16 ліпеня.


