Спадчына

Дзе шукаць гарадзенскі брук? Топ-7 знакавых месцаў

Гродна — адзін з нешматлікіх беларускіх гарадоў, дзе аўтэнтычная брукоўка захавалася не квадратнымі метрамі, а цэлымі вуліцамі. Пры гэтым і ўлады, і людзі толькі прыходзяць да асэнсавання яе вартасці, піша budzma.by.

Так склалася, што беларускія гарады, у адрозненне ад польскіх, літоўскіх альбо ўкраінскіх, захавалі абсалютны мінімум брукаваных вуліц ці пляцовак нават у гістарычных цэнтрах. У найлепшым выпадку брукаванка надзейна схаваная пад асфальтам і яшчэ чакае свайго часу, у найгоршым — дэмантаваная і вывезеная, саступіўшы месца «новай і прыгожай» плітцы ці таму ж асфальту.

З аднаго боку, брукаваная вуліца можа ператварыцца ў суцэльны неўроз для ўладальнікаў аўто альбо паненак на высокіх абцасах, з іншага — без бруку мы не можам сабе ўявіць ніводнага старога горада: атмасфера не тая. Калі вуліцу закрываюць асфальтам, губляецца аўтэнтыка: ужо нават і фільма гістарычнага без рэмарак (кшталту перасыпання пяском) не здымеш.

У Гродне брукаваная спадчына захавалася ці не найлепш. Пры гэтым плошчы каменнага пакрыцця ўвесь час менеюць. Адна з апошніх стратаў - брукаваная алея на старых каталіцкіх могілках на Белуша, замененая бетоннай пліткай: «па-багатаму», як кажуць. Дзе ж шукаць стары гродзенскі брук, выцерты за стагоддзі тысячамі ног, да якога яшчэ не дабраліся пільныя камунальнікі?

Вуліца Савецкая

На Савецкай, колішняй Дамініканскай, брукаванае пакрыццё было з даўніх часоў. Яшчэ 100 гадоў таму вуліца была пакрытая дзікім каменем, але ў 1930-я яго замянілі на «гібрыдны варыянт»: плітку, у якой спалучаецца бетон і камень. Тэхналогія аказалася надзвычай удалай і ўстойлівай: праз гады плітка не раструшчваецца, захоўваючы форму і прэзентабельны выгляд. У гэтым, магчыма, і сакрэт яе жывучасці: нават за савецкім часам чыноўнікі не бачылі патрэбы заліваць адну з цэнтральных вуліц горада бетонам.

Вуліца Ажэшкі

Тут мы назіраем аналагічную гісторыю. Вуліца, якая злучала цэнтр горада з чыгуначным вакзалам, была «мадэрнізаваная» ў 1930-я і захавала такі выгляд ажно да сёння. Праўда, падчас дарожнага рамонту гадоў з дзесяць таму плітку пераклалі, найбольш зношаныя асобнікі прыбралі, таму даўжыня брукаванага пакрыцця скарацілася: перыметр ад сабора да вакзала сёння заліты ўжо звычайным асфальтам.

Вуліцы Міра і Дарвіна

Вуліца Міра — ці не самы аддалены ад старога цэнтра куток, дзе добра захаваўся даволі вялікі адрэзак брукаванай дарогі. Нязвыкласць на першы погляд яшчэ і ў тым, што побач стаяць звычайныя пяціпавярховікі-хрушчоўкі, а зусім не камяніцы часоў Рэчы Паспалітай ці Расійскай імперыі. Гэта акурат той унікальны выпадак, калі старую драўляную забудову вуліцы знеслі, а вось каменнае пакрыццё пакінулі.

У занёманскай частцы горада ёсць яшчэ адзін брукаваны кавалак дарогі - гэта злучэнне вуліц Дарвіна і Шчаснага. Там брукоўка старая, яшчэ царская. «Дыягназ» той жа, што і на Міра: камунальнікі проста забыліся пра выкладзены камяні лапік і пакрывалі яго зверху асфальтавым футрам.

Брукаваны лапік паміж вуліцамі Дарвіна і Шчаснага

Брукаваны пас на вуліцы Міра ў занёманскай частцы горада

Падольная вуліца

На Падольнай можна ўбачыць адразу два брукаваныя ўчасткі. Па-першае, гэта вельмі маляўнічы перыметр вуліцы за каталіцкімі могілкамі, які ў спалучэнні з драўлянымі прыватнымі дамкамі захаваў атмасферу 1920-х гадоў. Для фатографа або кінарэжысёра гэта сапраўдны кландайк!

Адрэзак Падольнай вуліцы за Каталіцкімі могілкамі дагэтуль выкладзены камянямі

Другі ўчастак нашмат менш вядомы: гэта дворык дробнай афіцыйнай установы недалёка ад запраўкі. Там гаспадары выбрукавалі сабе дворык ля новага будынка… старой «гібрыднай» пліткай 1930-х гадоў з Савецкай альбо Ажэшкі! Імаверна, падчас дарожнага рамонту пэўную колькасць асобнікаў спісалі як «пашкоджаныя», а знайшліся яны тут.

Брукаваны дворык на Падольнай вуліцы

4-ы Падольны завулак

Зусім маленькая вулачка, якая падымаецца ад Падольнай да Белуша і атачае ўсё тыя ж Каталіцкія могілкі. Колькасць пешаходаў тут мізэрная, аўтамабіляў - і за тое меншая. Таму кожны камень мае зялёнае абрамленне, што толькі дадае маляўнічасці і дэкаратыўнасці.

Вакзальная вуліца

Яшчэ адна невялічкая вулачка, цалкам выкладзеная брукам, ад пачатку да канца. Зноў жа, дамкоў тут няшмат, ды і праезд не самы важны, таму асфальту на Вакзальнай не было ніколі. Ці захаваецца такі статус кво надалей? Невядома.

Вечны агонь і плошча Леніна

Даволі цікавы прыклад другаснага выкарыстання брукоўкі за савецкім часам. Ля вечнага агню ў парку Жылібера і на плошчы Леніна брукоўка самая трывалая і якасная — гэта базальт, здабыты ва Украіне. Некалі ім быў выкладзены Стары мост, але ўлады пасля вайны палічылі, што магістраль праз Нёман мае быць асфальтаванай, базальт пайшоў на склады альбо разышоўся па падворках гаспадарлівых гродзенцаў.

Чаму ўлады вырашылі выкарыстаць брук з моста як аздобу ля вечнага агню і ў выглядзе сцяжынак паміж некалі бетоннымі, а сёння гранітнымі плітамі на плошчы Леніна? Імаверна, камусьці гэта нагадала брукоўку Чырвонай плошчы ў Маскве, па якой у 1941-м савецкія войскі з параду ішлі напрамкі на фронт… Іншых версіяў гісторыкі пакуль не маюць, а сам прынцып — выкарыстанне старога бруку ў манументальнай савецкай архітэктуры — у межах Беларусі застаецца безаналагавым.

P. S. Сам факт таго, што падчас дарожных рамонтаў на Савецкай і Ажэшкі дзесяць гадоў таму брук не знішчылі, а пераклалі, няхай нават зменшыўшы яго плошчу, дае надзею, што старое аблічча Гродна ўсё ж турбуе мясцовыя ўлады.

Унікальнае фота — пасляваенная закатка асфальтам бруку на Савецкай плошчы

А сам прынцып — не замяняць брук на плітку альбо асфальт, а гаспадарліва і акуратна перакласці (так, зрэшты і робіцца ва ўсім свеце, бо стары камень заўжды там-сям прасядае альбо трушчыцца) — мае права на жыццё і ў нас.

Падзяліцца

Апошнія запісы

Парэзалі сукенку, кідалі пірожныя. Улады хочуць змагацца з булінгам, а настаўнікі яго не заўважаюць

Беларускія ўлады пачалі звяртаць увагу на школьны булінг. Праз Telegram-каналы і рассылкі ў школьных Viber-чатах…

7 красавіка 2025

З адной бярозы — да 200 літраў. Як беларусам здабыць бярозавы сок на радзіме і ў эміграцыі

Здабываць бярозавы сок вясной — беларуская традыцыя, у кожным лясніцтве яго можна купіць за капейкі.…

3 красавіка 2025

Тры Белавежскія пушчы. Як агароджы на мяжы змяняюць лес і жывёльны свет у Беларусі, Польшчы і паміж платамі

Белавежская пушча сёння раздзеленая не на дзве, а насамрэч на тры часткі: беларускую, польскую і…

31 сакавіка 2025

«Трэнд — мацоўня, здароўе». Задалі адны і тыя ж пытанні металістам з Беларусі і Польшчы

Ужо некалькі дзесяцігоддзяў метал-музыка аб'ядноўвае людзей не толькі адных музычных прыхільнасцяў, але і падобнага светапогляду.…

26 сакавіка 2025

У гродзенскім ГЦ развяліся прусакі. Куды звяртацца, калі заўважылі насякомых у кафэ ці ў сябе дома

У ГЗК Triniti гродзенцы заўважылі прусака — насякомае бегала па канапе ў зоне фуд-корту. Hrodna.life…

26 сакавіка 2025

«Магчыма, будзе і новы матэрыял». Вакаліст гурта Ulis Слава Корань расказаў, як эміграцыя не дае яму пісаць

Беларускі гурт Ulis праіснаваў больш за 20 гадоў. Яго спадчына жыве - музыканты робяць каверы,…

20 сакавіка 2025