Як паяднаць традыцыі і сучаснасць? Ці варта супастаўляць традыцыю і гісторыю? Як пад уплывам сучаснай культуры не згубіць сутнасць? Такія пытанні абмяркоўвалі 23 кастрычніка на сустрэчы з архітэктарам Юрыем Усціновічам у актавай зале Свята-Пакроўскага сабора.
Юры (Ежы) Усціновіч — польскі архітэктар, прафесар беластоцкага ўніверсітэта, спецыяліст па храмавай архітэктуры. Па яго праектах у Гродне будуюцца два праваслаўныя храмы. З нашым горадам яго яднае і сямейная гісторыя: бацька Юрыя калісьці вучыўся ў гродзенскай гімназіі.
Храмы мадэрновыя, але са спасылкамі на традыцыю
На Дзевятоўцы будуюць царкву ў гонар Нараджэння Хрыстова. Праект храма мае сувязь са знакавымі цэрквамі беларускага абарончага дойлідства ў Сынкавічах, Малым Мажэйкаве, Супраслі, а таксама з Каложскай царквой, якая на гравюры Цюндта таксама прадстаўлена як храм абарончага тыпу.
«Гэтыя храмы па форме сучасныя, але па сутнасці яны традыцыйныя. Сучасная форма, але традыцыйны багаслоўскі сэнс, традыцыйная сімволіка структуры і элементаў. Увогуле, я не люблю гаварыць, што я сучасна праектую. Я лічу сябе традыцыяналістам. Я думаю аб традыцыі як аб пераносе сутнасці ў будучыню,» — рассказаў Юры Усціновіч.
Спачатку — шок
Праекты храмаў Юрыя Усціновіча незвычайныя для Беларусі. Настаяцель Свята-Пакроўскага кафедральнага сабора Георгій Рой падзяліўся сваім успрыманнем храмавай архітэктуры такога кшталту:
«Калі сустракаеш праваслаўны храм, які спалучае ў сабе рысы і традыцыйнай храмавай архітэктуры, і мадэрнізму, то гэта спачатку выклікае шок. Але потым, калі прыглядаешся, калі заходзіш у такі храм, то адчуваеш і разумееш, што гэта нейкая дзіўная знаходка, гэта ўнікальная ідэя, якая ўцялеснілася ў тым ці іншым храме.
Дойліды мінулага таксама бралі самае мадэрновае
Па словах Георгія Роя, адметная рыса праваслаўных хрысціян — кансерватыўнасць. Але жыццё ідзе далей, развіваецца грамадства і архітэктура.
«Калі мы азірнемся, глянем у мінулае нашай храмавай архітэктуры, то ўбачым, што людзі, якія калісьці будавалі храмы, бралі самае лепшае, самае сучаснае, самае мадэрновае, што было ў іх час. І тое, што тады было такім сучасным, цяпер стала традыцыяй».
Традыцыю і сучаснасць супрацьстаўляць не варта
На сустрэчы ў Гродне Юры Усціновіч прачытаў даклад пра асаблівасці польскай царкоўнай архітэктуры і іканапісу пасляваеннага і сучаснага перыяду. Звярнуў асаблівую ўвагу на тое, што Беласточчына, як і Гродзеншчына, знаходзіцца ў зоне памежжа, зоне ўзаемаўплыву ўсходняй і заходняй царквы, што наклала адбітак на развіццё архітэктуры.
Юры Усціновіч адзначыў, што не варта супастаўляць традыцыю і гісторыю.
«Мы гаворым аб традыцыі, што гэта гісторыя. Але гэта не гісторыя. Традыцыя — гэта перанос каштоўнасцяў гісторыі ў будучыню. Традыцыі жыве. Мы павінны гаварыць аб традыцыі як будучыні ўсіх з’яваў, якія даў нам Бог.
Канешне, усё змяняецца з часам. Формы змяняюцца, чалавек змяняецца. Але каб сутнасць не змянялася, мы павінны прыстасоўваць традыцыю да новага часу".
Выстава будзе доўжыцца два тыдні
У межах сустрэчы ў актавай зале Свята-Пакроўскага кафедральнага сабора адкрылася выстава, на якой прадстаўлена каля 30 праектаў праваслаўных храмаў, створаных Юрыем Усціновічам. Большая частка з гэтых праектаў рэалізаваная.
Выстава будзе праходзіць на працягу двух тыдняў, потым пераедзе ў Каложскі прыход. Па нядзелях яе можна наведаць на працягу ўсяго дня. У будні зала адкрыта з 17.00 да 20.00.