У лістападзе 1939 г. у лагеры НКУС пад Казельскам у Калужскай вобласці вырашаліся лёсы тысяч польскіх салдат і афіцэраў. На адным з допытаў камісар спытаў у палоннага польскага генерала: «А ці не сваяк вы таму Валкавіцкаму, які ў час Цусімскай бітвы адмовіўся капітуляваць перад японцамі?» — «Гэта быў я», — сказаў стары генерал. Так, патрапіўшы на старонкі рамана «Цусіма» расійскага пісьменніка Аляксея Новікава-Прыбоя, выпускнік гродзенскай гімназіі змог пазбегнуць смяротнага прысуду.
Звязаў лёс з морам
Пра гродзенскі перыяд жыцця Ежы Вілкавіцкага мы ведаем мала. Ён нарадзіўся ў сям'і шляхціча з Гродзенскай губерні Тадэвуша Валкавіцкага. Скончыўшы ў 1901 г. гродзенскую класічную гімназію, малады чалавек вырашыў звязаць свой лёс з морам і паступіў у Марскі кадэцкі корпус у Санкт-Пецярбурзе.27 студзеня 1904 г. пачалася руска-японская вайна, а ўжо 28 студзеня Мікалай ІІ асабіста пераводзіць у афіцэры выпуск кадэтаў марскога корпуса. Далейшы лёс маракоў вызначаўся жэрабем, але самым жаданым месцам службы быў Далёкі Усход. Туды накіравалі толькі 10 лепшых выпускнікоў, а Валкавіцкі быў ажно 27-м у спісе паспяховасці. Але ўжо праз паўгода мічман Валкавіцкі на браняносцы «Імператар Мікалай І» выходзіць у васьмімесячны рэйд на дапамогу Порт-Артуру ў складзе ІІ Ціхаакіянскай эскадры.
Біцца да канца
Цусімская бітва была вырашальнай у вайне. Другая Ціхаакіянская эскадра пад камандаваннем віцэ-адмірала Ражэственскага была цалкам разгромлена. Большасць караблёў была патоплена японцамі або капітулявала.
15 мая 1905 г. на браняносцы «Імператар Мікалай І» контр-адмірал Небагатаў (на фота) сабраў на капітанскім мосціку афіцэраў і звярнуўся да іх: «Я хачу, спадарства афіцэры, здаць браняносец. У гэтым я бачу адзіны сродак выратаваць вас і каманду. Як вы думаеце?» Згодна з ваенна-марскім статутам, Небагатаў звярнуўся з пытаннем адносна здачы да самых малодшых афіцэраў, якія аказаліся больш мужнымі за сваё камандаванне.
— Біцца да канца, а пасля падарваць браняносец і ратавацца, — сціпла адказаў мічман Валкавіцкі. Прыкладна так адказалі яшчэ некалькі чалавек, але, на жаль, контр-адмірал Небагатаў вырашыў капітуляваць.
Стаў нацыянальным героем
У палоне малады афіцэр-паляк стаў легендай і сімвалам нязломнасці. Нават японцы, якія вышэй за ўсё цанілі гонар і адданасць службе, трактавалі яго з павагай.
Ежы Валкавіцкі аказаўся чалавекам авантурным і нават спрабаваў збегчы з палону, схаваўшыся ў адным з партоў на караблі, які ішоў на Аўстралію. Спроба была няўдалай, падчас арышту ён спрабаваў выдаць сябе за сына нейкай англічанкі, не ведаючы пры гэтым аніводнага слова па-англійску.
[irp posts="12 899″ name="За акіян! Як гродзенцы ехалі ў эміграцыю ў пачатку ХХ ст."]
Валкавіцкі быў прысуджаны да двух гадоў зняволення, але праз два тыдні яго перадалі расійскім дыпламатам. У Расіі, пад час правядзення следства па справе ганебнай паразы імператарскага флоту, ён быў абвешчаны нацыянальным героем. Мікалай ІІ узнагародзіў яго ордэнам Святога Георгія.
Яшчэ адзін гродзенец — на мінаносцы «Бядовы»
У дзень Цусімскай бітвы быў патоплены флагманскі браняносец «Князь Сувораў». На ім знаходзіўся адмірал Ражэственскі (на фота), якога, пасля цяжкога ранення, разам са штабам перанеслі на мінаносец з сімвалічнай назвай «Бядовы».
Тут служыў яшчэ адзін наш зямляк Цярэнцій О’Брыен дэ Ласі. Ягоны продак, прадстаўнік старажытнага ірландскага роду, Маўрыцый дэ Ласі быў генералам расійскага войска і за службу атрымаў у валоданне маёнтак Аўгустова, дзе і пусціў свае карані.
Цярэнцій нарадзіўся ў 1885 годзе і з дзяцінства цікавіўся ваенна-марской справай, марыў аб подзвігах. На год раней за Валкавіцкага хлопец заканчвае гродзенскую мужчынскую гімназію, а пасля і Марскі кадэцкі корпус.
Замест сцяга — абрус
Калі мінаносец «Бядовы» прарываўся да Уладзівастока з цяжка параненым адміралам Ражэственскім, на гарызонце паказаліся японскія караблі і прагучалі першыя залпы. Снарады яшчэ не даляталі да адзінокага мінаносца, а камандаванне штаба ўжо даўно прыняла рашэнне капітуляваць, каб захаваць жыцці адмірала і вышэйшых чыноў.Невядома, хто першы з афіцэраў спытаў: «Ці ёсць на мінаносцы белы сцяг?» Белага сцяга не аказалася. На палубе знаходзіўся і Цярэнцій О’Брыен дэ Ласі, юнак гадоў дваццаці, зграбна складзены, з дзявочым пяшчотным тварам і арыстакратычнымі манерамі. У гэту хвіліну мічман праявіў кемлівасць. Ён прынёс са стала кают-кампаніі белы абрус, якім замянілі Андрэўскі сцяг на мачце. Хутка наблізіўся японскі крэйсер «Сазанамі», пачуліся крыкі «Банзай!», «Бядовы» быў здадзены.
Гісторыя стала бестсэлерам
Па вяртанні палонных у Расію над маракамі адбыўся суд, Цярэнцій дэ Лясы быў апраўданы і вярнуўся ў роднае Аўгустова.
Гэтыя падзеі адлюстраваў Аляксей Новікаў-Прыбой у рамане «Цусіма», які стаў бестсэлерам у СССР і быў прачытаны асабіста Сталіным. Імаверна, кнігу чытаў і афіцэр НКУС, які ў Казельску дапытваў польскага генерала Валкавіцкага. Быць можа, менавіта гэтая акалічнасць выратавала ягонае жыццё.
Стваральнік Пінскай флатыліі
Пасля Цусімы Ежы Валкавіцкі будаваў вайсковую кар’еру. Калі ў Расіі пачаўся рэвалюцыйны тэрор, ён пакінуў службу і, дабраўшыся да Францыі, змагаўся ў шэрагах войска генерала Галера за незалежнасць Польшчы.
У 1920 г. Валкавіцкі быў адным з камандзіраў і стваральнікаў Пінскай флатыліі.
Па хадайніцтве міністра абароны Юзафа Пілсудскага ў 1927 г. Валкавіцкі атрымлівае генеральскія пагоны і неўзабаве сыходзіць у адстаўку.
Пазбег расстрэлу, перажыў лагер
Пачалася ІІ Сусветная вайна і старога генерала мабілізавалі. Пасля зацятых баёў з немцамі ён збірае групу з 300 салдат і прарываецца на ўсход. Валкавіцкі не мог не разумець, што там ён патрапіць у рукі бальшавікоў, але, магчыма, бачыў у гэтым шанец калі-небудзь працягнуць барацьбу за вызваленне Польшчы. Так і адбылося.
Адзін з нямногіх польскіх афіцэраў, генерал пазбег расстрэлу ў Катыні, перажыў зняволенне ў лагеры для ваеннапалонных (дзе Валкавіцкага, дарэчы, называлі нязломным генералам) і ў 1941 г. займае адну з камандных пасад у арміі генерала Андэрса.
Пасля вайны Ежы Валкавіцкі эмігруе ў Англію, дзе і сустракае старасць. Апошнія дні генерала прайшлі ў польскім доме састарэлых «Antokol» у графстве Кент. Ён не дажыў літаральна два тыдні да свайго 100-годзя і памёр у 1983 г.
Ніколі не прачыталі «Цусіму»
Вядомы і лёс Цярэнція О’Брыена дэ Ласі. Вярнуўшыся ў Аўгустова, ён актыўна займаўся сельскай гаспадаркай, у чым дасягнуў пэўных поспехаў. Быў вядомай асобай у грамадска-палітычным жыцці Гродна, карыстаўся павагай з боку гараджан, і, як згадвалі сучаснікі, быў проста добрым чалавекам. У І Сусветную вайну Цярэнцій служыў у складзе «Дзікай дывізіі», пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі вярнуўся ў Гродна і ў складзе войска польскага ваяваў супраць бальшавікоў.
Памёр Цярэнцій дэ Ласі 9 лістапада 1932 г. і быў пахаваны ў фамільнай капліцы, якая і сёння стаіць на вуліцы Рэпіна. У памяць аб ім потым прайшлі памінальныя набажэнствы ў саборы і сінагозе.
Вось так склаліся лёсы двух герояў рамана «Цусіма», якія так ніколі яго і не прачыталі.
[irp posts="14 495″ name="Стваралі гораду непаўторны імідж. Як адзіны ў Беларусі конны ўзвод 15 гадоў патруляваў вуліцы Гродна"]