На старонцы гарвыканкама апублікаваны экалагічны даклад па генеральным плане Гродна на бліжэйшыя 12 гадоў. Гродзенцаў запрашаюць абмеркаваць гэты дакумент. Да 19 кастрычніка 2018 года трэба звярнуцца ў гарвыканкам з прапановай правесці грамадскае абмеркаванне даклада, аднак сам генплан спампаваць нельга. Але менавіта з адкарэктаванага генплана было б бачна: ці збіраюцца ўсё ж будаваць новую аўтамабільную трасу ў цэнтры Гродна — дублёр вуліцы Вялікай Траецкай.

Пасля нядаўняй публікацыі Алеся Кіркевіча ў газеце «Новы Час», дзе ён грунтоўна раскрытыкаваў ідэю вуліцы-дублёра, сайт s13.ru хутка апублікаваў афіцыйную рэакцыю на тэкст. Начальнік аддзела будаўніцтва гарвыканкама Дзмітрый Сініца сцвердзіў, што насамрэч замест аўтамабільнай дарогі-дублёра павінна з’явіцца «веласіпедна-пешаходная сувязь».


Ідзе генплан: у Гродне абмяркоўваюць экалагічны даклад. Што гэта, для каго і чаму важна?


Калі патрактаваць словы спецыяліста дакладна, то ў абноўленым генплане аўтамабільны шлях над схілам Гараднічанкі ўжо не прадугледжаны. Гэта была б вельмі вялікая перамога гродзенцаў, аднак на сённяшні момант не было ніякіх больш разгорнутых афіцыйных заяваў пра адмову ад дублёра Траецкай. Больш таго, некалькі разоў на працягу лета 2018 у СМІ з’яўляліся звесткі аб тым, што дублёр Вялікай Траецкай усё ж будзе. Напрыклад, намеснік старшыні аблвыканкама Уладзімір Дзяшко сцвярджаў, што «генеральным планам Гродна прадугледжана будаўніцтва дублёра вуліцы Вялікай Траецкай з арганізацыяй па кожным участку аднастаронняга руху».

Дублёр Вялікай Траецкай у Гродне: дык ці будуць яго будаваць?
На ілюстрацыі з «ГП» добра бачны дублёр Траецкай
Тое ж пытанне абмяркоўвалася ў пачатку жніўня са спецыялістамі БелНДІ Горадабудаўніцтва і там, як сведчыць «Гродзенская праўда», гродзенскія будаўнічыя спецыялісты даказвалі, што «дублёр здыме праблемы руху транспарту праз гістарычны цэнтр».


Добра было б даведацца, ці насамрэч справу дублёра Вялікай Траецкай можна закрыць назаўсёды, ці яна зноў выплыве праз пару гадоў. Магчыма, варта акцэнтаваць на ёй падчас абмеркавання генплана, калі яно адбудзецца?

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт info@hrodna.life