Амаль год таму на вуліцы Старамалышчынскай зграя бадзяжных сабак задушыла пяць коз у двары ў гродзенца Івана Калінніка. Сёлета 17 кастрычніка ў яго суседа Юрыя Крупенкі па вуліцы Асфальтнай жывёлы расправіліся з 20 курамі. Пакуль людзі выкідаюць жывёл, а гарадскія службы не могуць іх злавіць, жыхары ўскраіны горада пачынаюць баяцца за сваё жыццё.

Гродзенцы з вуліц Старамалышчынскай і Асфальтнай кажуць, што зараз жывёлы на ўскраіне горада збіваюцца ў зграі па 15−20 асобін. З іх слоў, жывуць сабакі ў стагах сена, а харчуюцца адходамі, якія вывозіць Гродзенскі мясакамбінат.

Як жыць на хутарах?

Для жыхара вуліцы Асфальтнай Юрыя Крупенкі раніца 17 кастрычніка пачалася з жудаснай карціны, калі ён заўважыў, што ў яго двары раскіданыя мёртвыя куры, а вакол сляды сабак.

«Яшчэ з вечара мы заўважылі, што каля дома стала круціцца зграя сабак, можа 15 іх было. Ганялі іх, а курэй зачынілі ў куратніку, — распавядае Юры. — Раніцай прачынаюся, іду выпусціць курэй і жахаюся. Вялікай часткі птушак няма, а нейкія валяюцца па двары. Жывыя засталіся толькі два пеўні і дзве курыцы, а 20 няма. Я ўпэўнены, што гэта сабакі, зрабіць гэта больш няма каму. Колькі гэта можа працягвацца? Як нам жыць? Здаецца, службы зоймуцца намі толькі тады, калі сур’ёзна пацерпіць чалавек ці трапяцца шалёныя жывёлы».

Загрызлі 20 птушак: зграі бадзяжных сабак зноў нападаюць на ўскраіны Гродна
Жыхар вуліцы Асфальтнай Юры Крупенка знайшоў адну з сваіх птушак мёртвай ў поле. Астатнія куры зніклі.

«Страляць негуманна? Хай валанцёры спрабуюць злавіць»

Юрый адзначае, што апошнія гады актыўнасць баздомных жывёл у іх раёне не спыняецца. Калі САГ [СпецАўтаГаспадарка — рэд.] прыязджае, жывёлы разбягаюцца, а страляць па сабаках забаронена.

«Апошнія пяць гадоў нам няма спакою. Гэта пачалося тады, калі сталі катэджы будаваць у Лапенках. Жывёл бяруць у дамы, а пасля выкідаюць. Яны плодзяцца і жывуць у палях і лясах, там жа і харчуюцца. Можна сказаць, ператвараюцца ў дзікіх ваўкоў, а потым нападаюць на хутары.

А раптам гэтыя жывёлы шалёныя? Яны ж не толькі на хатнюю жывёлу нападаюць, але і на лісаў, зайцоў. Сабак трэба застрэліць, бо мы ўжо баімся за сваё жыццё. Валанцёры кажуць, што страляць негуманна. Няхай самі паспрабуюць злавіць і пытанне на нейкі час будзе закрыта", — дадае Юрый.

Абаронцы жывёл: «Вінаватыя людзі»

Старшыня арганізацыі «Адданае сэрца» Алена Шыманіца адзначае, што ў сітуацыі з бадзяжнымі сабакамі на ўскраіне горада вінаватыя самі людзі, якія жывёл спачатку бяруць, а потым выкідаюць на вуліцу.

«САГ можа адлоўліваць і не страляць, а жыхары павінны забяспечыць сваіх курэй і не выпускаць, каб проста гулялі, — кажа Алена Шыманіца. — А то курэй і кіроўцы машынамі збіваюць, і крадуць. Сабакі ў закрыты куратнік не трапяць. Гэта як пакінуць машыну каля дома адкрытай і з ключамі ў замку, а потым дзівіцца, што скралі.

Усе пытаюцца, адкуль сабакі ўзяліся ў палях? У гэтым вінаватыя людзі: альбо вывезлі сюды, альбо нехта сваіх выпускае. Сёння ў Лапенках на самавыгуле мноства сабак. Хай кожны свайго сабаку ў двары закрые, суку стэрылізуе — глядзіш і праблема знікне".

САГ ловіць сабак, але прыходзяць новыя

Летась, з-за мноства бадзяжных жывёл у Гродне, валанцёры стваралі петыцыю да ўладаў. Яны прасілі ўвесці абавязковае чыпіраванне сабак і катоў. Звярталіся нават да прэзідэнта, але адказу не было.

Пункт часовага ўтрымання безнаглядных жывёл, які знаходзіцца на балансе САГу, перапоўнены. Хадзілі нават чуткі пра яго закрыццё, але яны не пацвердзіліся. Супрацоўнікі гарадской службы страляць у жывёл не могуць, ім дазволена толькі адлоўліваць іх сеткай. У выпадку з ускраінай горада САГ неаднаразова выязджаў і нейкіх жывёл нават лавіў, але новыя жывёлы з’яўляюцца пастаянна.

Загрызлі 20 птушак: зграі бадзяжных сабак зноў нападаюць на ўскраіны Гродна
Ускраіна Гродна. У палях дзікія сабакі

Эколаг: «Трэба перастаць карміць сабак адходамі»

Старшыня арганізацыі «Экаманіторынг» Яўген Філімонаў лічыць, што праблема на ўскраіне горада заключаецца ў вывазе адходаў, якія служаць кормам для бадзяжных жывёл.

«Тут наўпрост сувязь экалагічных пытанняў і бяспекі грамадзян. Тое, што курэй пазабівалі, гэта кепска, але большую небяспеку нясе кантакт дзікіх сабак з лісамі. Апошнія пераносяць шаленства, падхапіць яго сабакам вельмі проста. Жывёлы агрэсіўныя, нападаюць на хатніх жывёл, а мяса потым можа трапіць да чалавека на стол», — кажа Яўген Філімонаў.

У раёне былой вёскі Лапенкі, сёння гэта ўскраіна горада, шэсць гадоў таму быў зафіксаваны выпадак шаленства. Тады жыхарам забаранілі трымаць хатніх жывёл, а тых, што былі - усіх знішчылі.

«Я бачу праблему ў тым, што мясакамбінат не першы год выкарыстоўвае палі для раскідвання адходаў ад вытворчасці. Гэта служыць кормам для бадзяжных сабак. У палях харчуючыся адходамі, зграі павялічваюцца, яны там жа і жывуць. Усе сабакі там укормленыя і агрэсіўныя, яны небяспечныя для людзей. Трэба зменшыць папуляцыю дзікай зграі і абмежаваць іх харчаванне. Не будзе харчавання, зімой сабакі разбягуцца. Трэба разумець, што горад разрастаецца і дзе цяпер жывуць зграі сабак, хутка могуць быць шматпавярховікі, а там — маладыя сем'і з дзецьмі», — кажа Філімонаў.

Загрызлі 20 птушак: зграі бадзяжных сабак зноў нападаюць на ўскраіны Гродна
Адзін з дзікіх сабак на ўскраіне Гродна

Cабакі не могуць карміцца адходамі?

Яшчэ летась на мясакамбінаце запэўнілі Hrodna.life, што сабакі не могуць карміцца іх адходамі. Паводле пагаднення з бліжэйшымі калгасамі прадпрыемства вывозіць на палі каныгу са змесцівам страўнікаў кароў. Адходы служаць угнаеннем для калгасных палёў, але жыхары суседніх вуліц упэўненыя, што менавіта каныгай кормяцца бадзяжныя жывёлы. Мясцовыя раз-пораз знаходзяць на палях страўнікі і іншыя мясныя рэшткі.

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт info@hrodna.life