Карыснае

«Пра законную здымку захаду сонца і гаворкі не было». Фатограф параўнаў правілы выкарыстання дронаў у Беларусі і Польшчы

Гродзенскі фатограф Сяргей Марозаў атрымаў у Польшчы еўрапейскае пасведчанне пілота дрона. У Беларусі ён таксама працаваў з дронам, пакуль у 2023 годзе з-за новых правілаў яму, як і многім іншым фатографам, не давялося адмовіцца ад такіх здымак. Сяргей распавёў у Facebook пра розніцу ў выкарыстанні квадракоптараў у Беларусі і Польшчы.

У Беларусі дроны для прыватных асоб фактычна патрапілі пад забарону. А ў Польшчы ўсё зроблена зручна для пілота і вырашаецца націскам адной кнопкі.

Рэдакцыі MOST і Hrodna.life працягваюць супольны праект пра людзей, з’явы і падзеі па абодва бакі беларуска-польскай мяжы.

Вучоба: у Беларусі — платна і толькі ў Мінску, у Польшчы — бясплатна і анлайн

Калі дрон важыць больш за 250 грамаў або абсталяваны камерай, для кіравання ім у Польшчы трэба атрымаць правы. Зрабіць гэта можа кожны, каму споўнілася 16 гадоў.

Усе палёты дронаў у Польшчы дзеляцца на катэгорыі: адкрытую, асаблівую і сертыфікаваную. Самыя хадавыя падкатэгорыі А1 і А3 адносяцца да адкрытых — гэта значыць да палётаў з нізкай рызыкай. Катэгорыя А1 дазваляе лятаць над асобнымі людзьмі, але не над іх скопішчам, А3 — удалечыні ад людзей і забудовы. Дроны таксама дзеляцца на розныя катэгорыі. Самая папулярная — C1, гэта значыць вагой да 900 грамаў.

Навучанне і экзамен для пілотаў дронаў у Польшчы адрозніваюцца ў залежнасці ад катэгорыі. На самыя запатрабаваныя катэгорыі A1/A3 усё можна прайсці анлайн і бясплатна на сайце Нацыянальнай сістэмы дронавай інфармацыі. Сяргей прайшоў курс, здаў экзамен і атрымаў пасведчанне.

На больш сур’ёзную катэгорыю А2, якая дазваляе пілатаваць цяжкія дроны, таксама можна навучыцца самому па бясплатных анлайн-матэрыялах. Здаць экзамен можна ў любой прыватнай фірме, якая ёсць у спісе Кіравання грамадзянскай авіяцыі Польшчы. Кошт — каля 100−200 злотых у залежнасці ад фірмы.

Такія правілы — агульныя для Еўрасаюза — дзейнічаюць у Польшчы з 2024 года. Да гэтага тры гады выкарыстоўваліся пераходныя правілы, а яшчэ раней існавала ліцэнзаванне пілотаў для камерцыйных мэт, але яго адмянілі ў 2021 годзе.

У Беларусі доўгі час можна было запускаць квадракоптэры без якой-небудзь спецыяльнай ліцэнзіі. Пазней пілотам давялося ўступаць у Беларускую асацыяцыю беспілотнай авіяцыі. А з 2023 года трэба атрымліваць правы на пілатаванне. Навучанне можна прайсці толькі ў Мінску: у ДТСААФ, Нацыянальнай акадэміі грамадзянскай авіяцыі або тэхналагічным універсітэце (БНТУ).

Сяргей успамінае, што ў ДТСААФ цікавых і карысных лекцый было дзве: заканадаўства і метэаралогія.

«Астатняе — вада для набору гадзін. Правілы былі цалкам здзёртыя з еўрапейскіх, з тымі ж малюнкамі ў прэзентацыях», — піша фатограф.

У тэксце мы нязначна адкарэктавалі пост Сяргея для зручнасці чытання.

Сапраўды, у праграме ДТСААФ катэгорыі палётаў тыя ж, што і ў Еўрасаюзе. Толькі навучанне займае 56 гадзін: 40 тэорыі і 16 практыкі (апошнія можна прапусціць, калі атрымліваць правы прыходзіць ужо вопытны пілот). Курсы пачынаюцца па меры фарміравання груп.

Праз месяц пасля вучобы Сяргей даведаўся, што хутка дроны ў Беларусі забароняць і ліцэнзія яму не спатрэбіцца.

«Не тое што лятаць — захоўваць дома нельга! Ледзь не агнястрэльная зброя. Лятаць можна пад ІП, але колькасць запытаў і ўзгадненняў для самога палёту стала зашкальваць. Нават прадаць дрон было немагчыма, бо яны сталі нікому не патрэбныя», — апісвае Сяргей сітуацыю.

Палёты: у Беларусі — узгадняў тыднямі, у Польшчы — націскаеш адну кнопку

У Польшчы аб кожным палёце трэба паведамляць. Прасцей за ўсё гэта зрабіць праз праграму DroneTower — афіцыйную праграму Польскага агенцтва паветраплавання (Polska Agencja Żeglugi Powietrznej). У ёй ёсць карты з пазначанымі забароненымі зонамі, актуальная надворная інфармацыя і іншыя карысныя элементы.

«Паведамленне аб тым, што ты лятаеш — анлайн. Усе зоны нанесеныя на карту, і ты ведаеш, дзе і на якіх умовах можна лятаць. Кажуць з практыкі, што, не нахабнічаючы, можна спакойна лятаць у гарадах і над людзьмі», — піша Сяргей.

У Беларусі для легальнага палёту трэба было адпраўляць запыт у генштаб і чакаць дазволу на здымку. Адмовіць маглі, не тлумачачы прычын. У запытанай зоне мог апынуцца нейкі закрыты аб’ект, які нельга здымаць, але аб ім генштаб таксама не паведамляў.

«Дасылаеш запыт нанова (абапіраючыся на Google Maps і інтуіцыю) і спадзяешся, што цяпер угадаў з зонай», — апісвае працэс Сяргей. У некаторых выпадках, напрыклад пры здымцы ў Мінску, узгадняць палёт даводзілася і са службай бяспекі прэзідэнта.

Адзняты матэрыял трэба было адправіць лістом на дыску або флэшцы ў Мінск і чакаць, пакуль вайскоўцы прагледзяць яго і дадуць дазвол на выкарыстанне.

«Флэшку не вярталі. Спачатку ўсё наогул звычайнай поштай ішло, потым часткова ў электронны выгляд перавялі. Ад моманту „хачу зняць“, да „магу выкладваць“ праходзіла ад 6 да 20 дзён. Аб законнай здымцы ранішняга туману, прыгожага захаду сонца або рэпартажнай/камерцыйнай здымцы „на заўтра“ і гаворкі не было», — успамінае Сяргей.

За што і як пакараюць пілота ў Беларусі і Польшчы

За парушэнне правілаў выкарыстання паветранай прасторы або правілаў выкарыстання авіямадэляў у Беларусі могуць аштрафаваць па арт. 18.35 КаАП. Для фізічнай асобы штраф можа складаць да 20 базавых (840 рублёў), а для юрыдычнай асобы — да 50 базавых велічынь (2100 рублёў). За паўторны незаконны палёт дрона на працягу аднаго года штраф будзе, адпаведна, да 50 і 100 базавых (2100 і 4200 рублёў). Крымінальнай адказнасці за незаконныя палёты ў Беларусі няма.

У Польшчы пакаранні могуць быць значна сур’ёзней. У канцы студзеня 2025 года Сейм падтрымаў папраўкі Сената ў закон аб паветраным праве (prawo powietrzne), які цяпер павінен падпісаць прэзідэнт. Гэта значыць, неўзабаве ў Польшчы будзе больш штрафаў для пілотаў.

Абноўлены закон прадугледжвае абавязковае заключэнне страхавых дагавораў грамадзянскай адказнасці для аператараў дронаў вагой больш за 250 грамаў. За палёты без страхоўкі прадугледжаны штраф 4 тыс. злотых.

Штраф 10 тыс. злотых выпішуць за палёт без рэгістрацыі пілота ў сістэме або за парушэнне ўмоў палётаў у пэўных геаграфічных зонах (напрыклад, лятаць нельга над нацыянальнымі паркамі або ваеннымі аб’ектамі).

300 злотых прыйдзецца заплаціць, калі на дроне не будзе напісаны рэгістрацыйны нумар аператара.

Усё гэта будуць адміністрацыйныя пакаранні, якія змогуць афармляць без суда, напрыклад паліцыя, памежнікі і іншыя службы. Раней за падобныя парушэнні штрафаваў суд — у практыцы памеры штрафаў вар'іраваліся ад 1 тыс. да 3 тыс. злотых.

Як у Беларусі дроны фактычна трапілі пад забарону

У Беларусі з 28 сакавіка 2024 года фізічным асобам забаранілі ўвозіць, захоўваць, прадаваць беспілотнікі, карыстацца імі і вырабляць іх. Карыстацца дронамі могуць толькі арганізацыі і індывідуальныя прадпрымальнікі. Астатнія павінны былі альбо паспець прадаць тэхніку, альбо бясплатна перадаць яе ў «Белаэранавігацыю» ці Беларускі Чырвоны Крыж. Таксама дроны збірала праўладная грамадская арганізацыя «Патрыёты Беларусі», каб потым перадаць іх беларускай арміі.

Пры гэтым для моладзевых патрыятычных клубаў дзяржава дроны закупляе, а ва ўніверсітэтах з’яўляюцца спецыяльнасці, звязаныя з беспілотнікамі.

Пракуратура маніторыць маркетплейсы на наяўнасць дронаў, якія могуць прадавацца там як дзіцячыя цацкі. Напрыклад, пракуратура Мінска знайшла на Ozon 366 такіх прапаноў купіць беспілотнік. Дырэктару маркетплейса вынеслі прадстаўленне.

У пракуратуры мяркуюць, што свабодны продаж дронаў «павышае рызыкі выкарыстання авіяцыйнай тэхнікі ў супрацьпраўных мэтах, у тым ліку для парушэння грамадскага парадку і экстрэмісцкай дзейнасці, уключаючы здзяйсненне актаў тэрарызму».

Кароткая даведка: што трэба зрабіць у Беларусі для палёту дрона

  • прайсці платнае навучанне на адкрытую і спецыяльную катэгорыі;
  • зарэгістраваць дрон у Дэпартаменце па авіяцыі і атрымаць прысвоены дрону бартавы нумар;
  • падрыхтаваць ацэнку аперацыйных рызык пры эксплуатацыі дрона;
  • атрымаць пісьмовае дазвол ад Дэпартамента па авіяцыі на эксплуатацыю дрона;
  • заключыць дагавор на абслугоўванне з РУП «Белаэранавігацыя» (66 рублёў у месяц).

Перад уласна здымкай трэба:

  • падаць заяўку і атрымаць дазвол на выкарыстанне паветранай прасторы ад «Белаэранавігацыі» (мінімум за дзве гадзіны і максімум за пяць дзён);
  • атрымаць дазвол ад Генеральнага штаба Узброеных сіл на правядзенне аэрафотаздымкі;
  • пісьмова ўзгадніць палёт з мясцовым выканкамам (пры палётах над населенымі пунктамі);
  • атрымаць умовы палёту ў 570-ым цэнтры арганізацыі паветранага руху (за 1,5 гадзіны);
  • праінфармаваць аб пачатку палёту (за 10−15 хвілін) 570-ы цэнтр арганізацыі паветранага руху і, пры неабходнасці, іншых зацікаўленых асоб;
  • праінфармаваць бліжэйшае падраздзяленне СПА аб пачатку працы на дроне;
  • праінфармаваць 570-ы цэнтр арганізацыі паветранага руху і бліжэйшае падраздзяленне СПА аб заканчэнні палёту на дроне.

Адзняты матэрыял на флэшцы або дыску трэба адправіць поштай у адрас Генеральнага штаба для праверкі яго спецыяльнай камісіяй на наяўнасць матэрыялаў, абмежаваных або забароненых да распаўсюджвання. Толькі пасля гэтага адзнятае можна публікаваць.

Кароткая даведка: што трэба зрабіць у Польшчы для палёту дрона

Вось што павінен зрабіць уладальнік дрона ў Польшчы, каб легальна выканаць палёт і апублікаваць нейкае відэа з яго:

  • Для падкласаў A1 і A3 трэба прайсці анлайн-навучанне і атрымаць сертыфікат кампетэнтнасці пілота.
  • Для падкласа A2 трэба здаць дадатковы платны тэарэтычны экзамен.
  • Зарэгістравацца на сайце Упраўлення грамадзянскай авіяцыі, атрымаць унікальны нумар аператара і нанесці яго на дрон.
  • Вызначыць масу і клас дрона (C0, C1, C2, C3, C4), а таксама падклас палётаў (A1, A2 або A3).

Перад уласна здымкай трэба:

  • Пераканацца ў адсутнасці абмежаванняў у зоне планаванага палёту, выкарыстоўваючы праграму DroneRadar.
  • Зарэгістраваць планаваны палёт у дадатку DroneRadar.

Апошнія запісы

Хутка Дзень закаханых: 10+1 ідэя падарункаў для вашай другой паловы (выкарыстоўвайце па нагодзе і без)

На парозе 14 лютага - Дзень усіх закаханых, які звыкла выклікае пытанне: што ж падарыць…

7 лютага 2025

Дзе прызямліўся Хрыстос? Да дыскусіі пра Гародню і Горадню

Публікацыя гісторыка Міколы Волкава пра паходжанне назваў "Горадня" і "Гародня" актуалізавала даўнюю спрэчку, які з…

6 лютага 2025

Што вядома пра начальніка турмы ў Гродне, які трапіў пад санкцыі?

Начальнік турмы №1 Гродна Павел Казакоў пасля пратэстаў 2020 года трапляе ў навіны ў сувязі…

4 лютага 2025

Палац у Свяцку, Святое балота і крыж Біспінга: якія таямнічыя мясціны ў Гродне і ваколіцах звязаныя з паўстаннем 1863−1864 гадоў

Схаваныя ў балоце скарбы, вусцішная смерць у Новым замку, невядомыя магілы - гісторыя паўстання 1863-1864 гадоў багатая…

1 лютага 2025

Хто такі таямнічы Кель, чыім прозвішчам было распісана ўсё Гродна ў 90-х?

Надпіс “Кель петух” добра памятаюць гродзенцы старэйшага пакалення. Гэтыя два словы і малюнак-піктаграмка ў выглядзе…

1 лютага 2025

«Муж на родах? Глупства!» Задалі адны і тыя ж пытанні беларускам, якія нараджалі ў Беларусі і Польшчы

Алена і Ксенія (імёны зменены) сталі мамамі з розніцай у два гады, але Ксенія нараджала…

30 студзеня 2025