Акушэр-гінеколаг з Ліды Ганна Каско пасля пераезду ў Польшчу пачала зарабляць у 10 разоў больш, чым у Беларусі. На недахоп пацыентаў таксама не скардзіцца: запіс да яе распісаны амаль на год наперад. У пачатку кастрычніка Каско адкрыла ў Варшаве прыватную клініку «Dr KASKO Clinic Nr 1».

Да 2020 года Каско жыла і працавала ў родным горадзе, прымала роды і вяла прыёмы ў прыватных цэнтрах. Падчас пратэстаў адмовілася прымаць сваякоў сілавікоў. Пазней з’ехала ў Польшчу і пачала працаваць у варшаўскіх клініках і радзільным доме.

Пра адкрыццё ўласнай клінікі «Dr KASKO Clinic Nr 1» беларускі медык паведаміла ў сацыяльных сетках.

Лічыла, што жыццё ў Беларусі склалася

У сакавіку 2025 года Ганна Каско дала вялікае інтэрв'ю YouTube-каналу Аксаны Дараховіч «Успех мигранта». У ім лідчанка распавяла, чаму была вымушаная пакінуць Беларусь, як пацвярджала свой дыплом у Польшчы і наколькі адрозніваецца яе заробак за мяжой.

Да 2020 года Ганна Каско лічыла, што яе жыццё ў Беларусі склалася. Яна працавала ў лідскім раддоме і прыватных медцэнтрах. Зарплата дасягала 3000 долараў. У мужа быў бізнес у сферы грузаперавозак.

— Былі кватэры, машыны, усё было. Мы лічылі, што добра жывем. Я была знакамітым доктарам і не збіралася з’язджаць, — успамінае лекарка.

Адмовілася прымаць сваякоў сілавікоў

У 2020 годзе сям’я ўдзельнічала ў пратэстах.

— Я была паўсюль — і ў Лідзе, і ў Мінску. Натуральна, мяне ўсе ведалі, таму што я шмат родаў прымала ў супрацоўнікаў. А потым 9, 10, 11 жніўня міліцыя збівала людзей. Я напісала ў Instagram, што да мяне на прыём не могуць прыходзіць жонкі, дзеці, мамы, таты, сёстры гэтых супрацоўнікаў, — распавядае яна.

Па словах Ганны, «жонкі гэтых супрацоўнікаў нарабілі скрыноў», і неўзабаве ёй зацікавілася Генеральная пракуратура. Мужа затрымлівалі, а ў доме праходзілі ператрусы. Пасля гэтага лекарка пачала рыхтавацца да пераезду — сабрала ўсе неабходныя дакументы і вывучыла, як пацвердзіць дыплом у Польшчы.

Чытайце таксама: Урач з Гродна збег ад пераследу — і цяпер шкадуе, што не з’ехаў з Беларусі яшчэ раней

Вучылася па 14 гадзін у дзень, каб пацвердзіць дыплом

Вясной 2021 года Ганна Каско прыехала ў Варшаву. Тады яна магла дазволіць сабе некаторы час не працаваць. Але вырашыла хутчэй прайсці працэдуру настрыфікацыі дыплома — афіцыйнага прызнання кваліфікацыі лекара ў Польшчы.

— Вучылася па 10−14 гадзін у дзень. Хацела быць як еўрапейскі лекар, — распавядае яна.

Восенню таго ж года Ганна паспяхова здала экзамены і пацвердзіла сваю спецыяльнасць.

Праца ў польскіх клініках: колькі каштуюць паслугі і колькі з гэтага атрымлівае лекар

Сёння Каско працуе ў прыватных медыцынскіх цэнтрах і адной з радзільняў Варшавы. У інтэрв'ю яна расказала пра цэны паслуг і сістэму аплаты працы лекараў.

Адзін прыём — 400 злотых (320 рублёў). Роды — 11 600 (натуральныя) і 16 600 злотых (кесарава сячэнне) — 9330 і 13 350 рублёў адпаведна. За індывідуальны выбар лекара пацыенткі даплачваюць 3500 (2815 рублёў). Ёсць яшчэ прэстыж-пакет — 26−28 тысяч злотых (21−22 тыс. рублёў). Там больш дзён знаходжання і пашыраная апека над мамай і дзіцём. Ад 40 да 60 адсоткаў атрымлівае лекар.

Даходы Ганны, па параўнанні з Беларуссю, павялічыліся ў 10 разоў.

Пра сваю клініку ніколі не марыла

Ганна прызнавалася, што ніколі не марыла адкрыць сваю клініку — хоць прапановы былі і ў Беларусі, і ў Польшчы.

— Я усё жыццё хацела — прыйсці, адпрацаваць і сысці, а вы там разбірайцеся. Мне гэта было нецікава, — казала яна.

Рэндэры клінікі Ганны Каско ў Варшаве. Крыніца: kaskoclinic.com
Рэндэры клінікі Ганны Каско ў Варшаве. Крыніца: kaskoclinic.com

Да адкрыцця ўласнай клінікі яе пачалі падштурхоўваць пацыенты. У інтэрв'ю Каско не раскрыла падрабязнасцяў, якой будзе новая клініка, але падзялілася сваімі чаканнямі.

— Ад іншых яна будзе адрознівацца прыгажосцю. І важна, каб у ёй працаваў дружны калектыў. Каб там былі людзі на адной хвалі, — адзначыла ўрач.

Клініка Ганны Каско ў Варшаве: што пра яе вядома

Ганна Каско актыўна вядзе свой блог у Instagram. На яго падпісана больш за 21 тыс. карыстальнікаў. Пост аб адкрыцці клінікі набраў амаль 600 лайкаў і амаль 500 каментароў.

На сайце клінікі «Dr KASKO Clinic Nr 1» пазначана, што акрамя гінекалогіі, тут можна будзе атрымаць кансультацыі эндакрынолага, артапеда, педыятра, а таксама зрабіць УГД. У камандзе Каско працуюць і іншыя лекары з Беларусі, у тым ліку выпускнікі Гродзенскага медуніверсітэта, а таксама лекары з Украіны.

Супрацоўнікі клінікі Ганны Каско ў Варшаве. Фота: kaskoclinic.com
Супрацоўнікі клінікі Ганны Каско ў Варшаве. Фота: kaskoclinic.com

Ёсць прэйскурант з коштам прыёму, родаў і пакетаў абслугоўвання. Напрыклад, гінекалагічны прыём з УГД каштуе 600 злотых (480 рублёў), розныя гінекалагічныя працэдуры — ад 150 да 2000 злотых (120 — 1600 рублёў).

Клініку «Dr KASKO Clinic Nr 1» зарэгістравалі ў лютым 2025 года, а працаваць яна пачне з 18 кастрычніка. Урачыстае адкрыццё запланавана на 17 кастрычніка.