Дзесяць год таму чацвёра маладых людзей паступілі ў Гродзенскі аграрны ўніверсітэт. Сёння гэта дзве сямейныя пары, дзе і муж, і жонка маюць аднолькавую прафесію — ветэрынар. Розніца ў тым, што колішнія аднагрупнікі працуюць зараз у розных месцах. Дзмітрый і Таццяна Воранавы засталіся ў горадзе, а Сяргей і Вольга Савошчыкі паехалі на вёску.


[irp posts="4709″ name="Доўгая гісторыя з каровамі і не толькі. Частка 2. «Тут ферма, дыхайце глыбей""]

[irp posts="4745» name="Доўгая гісторыя з каровамі і не толькі. Частка 3. На вёсцы «дохтар» — першы пасля бацюшкі"]

[irp posts="4755″ name="Доўгая гісторыя з каровамі і не толькі. Частка 4. Дацэнт прымусіць""]

[irp posts="4765″ name="Доўгая гісторыя з каровамі і не толькі. Частка 5. Каго ты лечыш?""]


Выбар прафесіі: «Му» ці «мяў»?

Таццяна: З «БаМЖамі» па жыцці размінулася

Ужо ў дзевятым класе, калі трэба было вызначыцца з профілем навучання ў школе, дзяўчына адназначна абрала біялагічны. Што хоча стаць ветэрынарам, сумневаў не было: «Калі б у Гродне не адкрылі факультэт, паехала б у Віцебск». Праўда, уяўленне аб будучай прафесіі абмяжоўвалася лячэннем «коцікаў-сабачак». Таня была гарадскім дзіцём, а самымі блізкімі ёй жывёлкамі - хатнія гадаванцы.

ch1-voranava-t
Зараз Таццяна Воранава працуе ветэрынарам-экспертам на Гродзенскім мясакамбінаце, у калбасным цэху

Яна лёгка паступіла на ветэрынарны факультэт. Толькі здзівілася, што ў Гродзенскім універсітэце ветэрынары атрымліваюць сельскагаспадарчую спецыялізацыю. «У нас былі лекцыі па хваробах дробных жывёл — БМЖ [болезні мелких животных, у студэнцкім фальклоры — «бамжы"]. Але зусім няшмат, бо прадмет не профільны».

А вось пра буйны рагаты скот даведацца прыйшлося шмат новага: «Калі вучышся, нарэшце, даходзіць — твая спецыялізацыя — сельскагаспадарчыя жывёлы. Думала, Божа мой, куды я папала? Як я буду — у калгасе, у гэтых ботах, на гэтых фермах…»

Вольга: Паўбала — гэта лёс

Што будзе паступаць у аграрны, Вользе было ясна. Пытанне выбару тычылася спецыяльнасці - абарона раслін ці ветэрынарыя? У той час, калі яны паступалі, можна было падаваць дакументы адначасова на два факультэты. На «абарону» паўбала не хапіла. Так што дылема сама сабою вырашылася — гэта лёс.

«Я з дзяцінства кароў баялася. Мо таму, што ў бабулі на вёсцы была карова, каторая дзяцей не жалавала. Калі сама прыйшла на ферму, думала, Госпадзі, як жа я буду працаваць? А праз месяц-два страх мінуў. Ёсць разуменне, што гэта жывёлы, што трэба быць асцярожнай, але страху няма.

ch1-savoshchyik-o
Вольга Савошчык — ветэрынарны лекар на малочна-таварным комплексе ў Люблчы, сельскагаспадарча-прамысловага комплексу «Прынеманскі»

Боязна толькі на пачатку, а пачынаеш працаваць і проста прызвычайваешся. Але ўсё роўна хоць і бывала я на вёсцы ў дзяцінстве, пад час паступлення слаба сабе ўяўляла, што ў выніку ўсё будзе вось так. Аказалася, што чаканні - адно, а рэальнасць — зусім іншае".

Дзмітрый: Марыў стаць трактарыстам

Неабходнасць паступлення ў аграрны Дзмітрый пралічыў лагічна: «Ад малога любіў тэхніку, у дзяцінстве на трактарах-камбайнах днямі і начамі прападаў». Самай прэстыжнай прафесіяй лічыў працу трактарыста, ад чаго мама была ў шоку. «У маім падлеткававым уяўленні выстройваўся такі ланцужок доказаў: каб паступіць у тэхнічны вуз, патрэбна фізіка-матэматыка, а з імі слабавата. Але на агранамічным факультэце рыхтуюць спецыялістаў па абслугоўванні трактароў. Калі туды паступіць, можна прыйсці да мары ў абход матэматыкі. Так і вырашыў што „маё“ — гэта агранамія».

ch1-voranau-d
Дзмітрый Воранаў зараз кандыдат навук і дацэнт у Аграрным універсітэце. Акрамя лекавання сельскагаспадарчых жывёл цікавіцца рэабілітацыяй хатніх гадаванцаў

Жалезную логіку юнака адной фразай разбурыў дзядуля аднаго з сяброў. На той час ён выкладаў у аграрным і сустрэў хлопца выпадкова, калі той прышоў падаваць дакументы. «Ты што, з глузду з’ехаў? — без палітэсаў ахалодзіў сталы выкладчык пыл абітурыента. — Ёсць новы факультэт — ветэрынарны. Зараз ён самы лепшы. Коцікі там, сабачкі - карацей, цікава. Трэба туды паступаць».

«Чаму я згадзіўся — сам не ведаю, але падаўся на ветэрынарыю. Можа, яшчэ таму, што на прыёме дакументаў гэтай спецыяльнасці сядзела вельмі прыгожая дзяўчына».

Сяргей: З чым жыў, на тое і вучыўся

Сям’я Сяргея жыла на вёсцы, і, натуральна, мела гаспадарку. Дзеці там працавалі ў меру сіл, бо дарослыя апроч хатніх справаў мелі яшчэ і працу. «Ад другога класа па гаспадарцы стала дапамагаў, „уходжваўся“. Свіней карміў, курэй — такія штодзённыя дзіцячыя абавязкі на вёсцы не былі дзівам».

А вось прафесію яму выбрала бабуля. Назірала, як малы з жывёламі завіхаецца, і прыгаворвала, што трэба на ветэрынара вучыцца.

ch1-savoshchyik-s
Сяргей Савошчык — галоўны ветэрынар сельскагаспадарчага прамысловага комплекса «Прынеманскі». Пад яго кіраўніцтвам у гаспадарцы вырошчваецца амаль 6 тысяч кароў і 10 тысяч свінняў

Так у выніку і «прыгаварыла». «Я ведаў, на што ішоў, вучыцца было не цяжка. Ды і за адзнакамі ніколі не гнаўся. Казаў - стаўце на колькі ведаю. Усё роўна, па-сапраўднаму ацэньвае жыццё, а не выкладчык».