Спадчына

Ад віннага склада да велазавода: што гэта за домікі стаяць на 17 Верасня

Гродзенскі казённы вінны склад. Рысунак Д. Люціка

Чатыры цагляныя будынкі па адрасе 17 Верасня, 59 гродзенскія ўлады хацелі прадаць з аўкцыёну ў пачатку 2020 года. Інвестар павінен быў знесці дамы і пабудаваць там новае жыллё. Але выглядае на тое, што ад зносу адмовіліся.

вул. 17 Верасня, 59/2
вул. 17 Верасня, 59/3
вул. 17 Верасня, 59/6

Здаецца, гарадская адміністрацыя усё ж пастараецца захаваць будынкі: часткова прадаць іх, часткова адрамантаваць уласнымі сіламі. Гэта добра, бо гэты невялікі комплекс — апошні напамін пра завод па ачыстцы спірту, які там існаваў.

Расійская імперыя: спірт трэба было здаваць дзяржаве

Гэты комплекс складаецца з чатырох аднапавярховых дамоў з «жоўтай станіславоўскай» цэглы. Там называлі цэглу, што выраблялася зусім побач у Станіславоўскай цягельні. Дамкі прылягаюць з аднаго боку да вуліцы 17 верасня, з другога боку да безіменнага завулка за гіпермаркетам «Еўраопт». У пачатку ХХ ст. вуліца мела назву Заводская, у міжваенны час Манапалёвая.

Казённы вінны склад і сучасныя дамы па вуліцы 17 Верасня, 59. На мапе бачная назва вуліцы — Манапалёвая

У 1895 г. у Расійскай імперыі была ўведзена манаполія на вытворчасць і пераважную продаж гарэлкі. Бровары, якія выраблялі спірт метадам дыстыляцыі, працягвалі знаходзіцца ў прыватных руках. Але здаваць спірт трэба было на так званыя казённыя (дзяржаўныя) вінныя склады. Там ён праходзіў ачыстку і прадаваўся ў казённых вінных крамах.

Сярод іншых неўзабаве пасля ўвядзення «віннай манаполіі» пачалося будаўніцтва Гродзенскага казённага ачышчальнага віннага склада № 1.


Чытай таксама: Як можна захаваць старую камяніцу ў Гродне: прыклад з вул. 17 Верасня


Акрамя самога будынка склада (у іншым варыянце — завода) у комплекс уваходзілі дамы адміністрацыі, службовыя кватэры, стайня і экіпажны хлеў, конавязь, вартоўня, адрыны, навесы, каморы, бандарная майстэрня, прыёмны пакой, рецірады (туалеты).

У самым канцы XIX ст. вінны склад у Гродне даў сваю першую прадукцыю. У 1905−1907 гг. адбывалася яго перабудова. Матэрыялы для перабудовы замаўлялі ў пастаўшчыкоў з усёй Расійскай Імперыі. Напрыклад, тэракотавая плітка пастаўлялася з Харкава з фабрыкі Эдуарда Бергенгейма, дзядзькі будучага прэзідэнта Фінляндыі Карла Густава Маннергейма па матчынай лініі.

Галоўным элементам ачышчальнага завода было кацельнае аддзяленне з рэктыфікацыйнай калонай. Менавіта там прывезены з прыватных бровараў спірт ператвараўся ў спірт крэпасцю да 97 градусаў. Пры гэтым ужываліся асаблівыя апараты, якія складаюцца з вялікага, часцей жалезнага, куба, з пастаўленай на ім рэктыфікацыйнай калонай, дефлегматарам, халадзільнікам і г. д.

Чым адрозніваліся «красноголовка» і «белоголовка»

Гродзенскі казённы вінны склад, як і ўсе дзяржаўныя алкагольныя прадпрыемствы імперыі, выпускаў два віды гарэлак па 40° і тры віды пітнога спірту ў 57°, 80° і 92°. Гарэлка была рознай ступені ачысткі - звычайная з чырвоным вечкам і двайной ачысткі з белым вечкам. Адсюль пайшлі народныя назвы гэтых казённых гарэлак — «красноголовка» і «белоголовка».

Бутэлька (0,61 літра) «красноголовки» каштавала 40 капеек, а белоголовки 60 капеек. Калі ўлічыць, што кілаграм свежага жытняга хлеба каштаваў 10 капеек, кілаграм свініны — прыкладна 40 капеек, а сярэднямесячная зарплата працоўнага складала 28 рублёў (на 1913 г.), то трэба прызнаць, што гарэлка каштавала не танна.

Такая цана алкаголю адбівалася і на спажыванні. Лічыцца, што ў пачатку ХХ стагоддзя спажыванне гарэлкі ў Расіі складала каля 5 літраў на чалавека ў год. Але гэта не ўлічвала аб’ёмы выпітага піва, віна і іншых алкагольных напояў.

У часы Расійскай імперыі манаполія распаўсюджвалася толькі на гарэлку. Іншыя спіртныя напоі вырабляліся і прадаваліся свабодна, але былі абкладзены акцызам. Масавы бедны спажывец задавальняўся казённай гарэлкай. Заможны аддаваў перавагу іншым напоям. Напрыклад, бутэлька настойкі, зробленай на прыватным прадпрыемстве, магла каштаваць пасля выплаты акцызу, 1 рубель 20 капеек — у 2−3 разы даражэй за бутэльку простай гарэлкі.

З пачаткам Першай сусветнай вайны Гродна пераходзіць на ваеннае становішча. Яшчэ ў верасні 1914 г. у Расіі фактычна ўводзіцца сухі закон, а ў напоўненым ваеннымі Гродне закрываюць шынкі і іншыя ўстановы, дзе можна купіць алкаголь.

Тым не менш Гродзенскі казённы ачышчальнай вінны склад № 1 функцыянаваў да лета 1915 г., а затым быў эвакуіраваны ў Калугу.

Замест гарэлкі - патэльні, запчасткі і каналізацыйныя люкі

Пасля Першай сусветнай вайны завод па вытворчасці гарэлкі працягваў нейкі час працаваць, а пасля сюды пераехала «Слясарнамеханічная майстэрня братоў Бароўскіх». Прадпрыемства з часам пераўтварылася ў Гродзенскі ліцейна-механічны завод. Там рабілі плугі, бораны, чыгуннае ліццё, рамантавалі абсталяванне млыноў.

У 1944 — першай палове 1945 г. завод выконваў функцыі рамонтнай майстэрні для савецкай арміі. У пасляваенныя гады тут выпускалі галоўным чынам запасныя часткі для вазоў, патэльні, алюмініевы і чыгунны посуд.

Ліцейны завод у пасляваенным вінным складзе. Праца там была вельмі цяжкай

Колькасць рабочых у 1952 г. узрасла да 112 чалавек, якія збольшага жылі ў цагляных дамах па вул. 17 верасня. У гэты год завод выпусціў 160 каналізацыйных люкаў з напісам «Велозавод Гродно». Выпуск люкаў працягваўся і ў пазнейшыя гады, а вытворчасць веласіпедаў сюды была перададзена з былой фабрыкі матацыклаў Старавольскіх.

Завод быў знесены ў 1980-х гг. пасля пераносу вытворчасці на вул. Курчатава (завод Аўтаагрэгатаў). У 2000-х гг. на яго месцы паўстаў супермаркет «Еўраопт». 4 жылыя будынкі побач — адзіны напамін пра гэтае прадпрыемства. Вельмі добра, што яны захаваюцца для гістарычнага Гродна.

Прыклад захавання будынка па вул. 17 Верасня, 59/4
Падзяліцца

Апошнія запісы

Парасон, халат, check-up здароўя. 11 ідэй, што падарыць мужчыну на свята

Лічыцца, што складана выбраць падарунак менавіта мужчыну - мужу, сыну, бацьку, партнёру ці сябру. Сітуацыя…

20 снежня 2024

«Навявае сплін і абурэнне». Беларус наведаў Навагрудак і расчараваўся — горад запушчаны, а сэрвіс не развіты

Беларус Алекс Вазнясенскі наведаў Навагрудак як турыст. Мужчыну ўразіла, што горад з багатай гісторыяй знаходзіцца…

18 снежня 2024

Віціна, дракар ці славянскае фэнтазі? Чаму праект рэстарана-ладдзі на Нёмане выклікае пытанні

Рэстаране-кафэ “Нёманская віціна” ў выглядзе ладдзі - частка канцэпцыі новай гродзенскай набярэжнай, якую абмеркавалі ў…

18 снежня 2024

Дыякан, хакер і шматдзетны бацька. Як беларус выканаў амерыканскую мару

Аляксей Кажэнаў з'ехаў з Мінску ў 1998-м годзе. Ён атрымаў працу ў Google, стаў дыяканам…

17 снежня 2024

Усяслаў Чарадзей — квадробер, а Францішка Уршуля Радзівіл — найк про. Тлумачым моладзевы слэнг на гістарычных постацях

Слэнг пастаянна змяняецца - у апошні час пад ўплывам TikTok. Зразумець яго адразу і ўвесь …

9 снежня 2024

Можна пакаштаваць на большасці заправак. Як у Гродне пражаць каву для ўсёй Беларусі

Кожны месяц 22 тоны кававага зерня выязджаюць з Гродна, каб патрапіць на запраўкі па ўсёй…

9 снежня 2024