«Пішу адной рукой, другой трымаю яго за лапку. Кайфую», — так піша Воля Верамеенка пра свайго ката Дэльфіна. У міжнародны Дзень катоў тэлеграм-канал «Тётя Ира разрешила» пазнаёміўся з рудым катом, які мае два пашпарты, сам зарабляў сабе на корм як фотамадэль і ведае сакрэт, як добра выглядаць.

Жыццева неабходны руды кот

кот Дэльфін, Вольга Верамеенка

Дэльфін з’явіўся ў Волі яшчэ ў 2013 годзе. «Вырашыла, што мне жыццёва неабходны руды кот. На сваім раёне пабачыла аб’яўку, што раздаюць кацянят. Увечары з сынам рушылі па коціка. Гаспадыня прапанавала выбраць аднаго з двух, што засталіся. Яна іх трымала ў руках, а яны круціліся, як вужакі. То мы асабліва не выбіралі, а проста ткнулі ў аднаго. Прынеслі лахматы камяк дахаты і прыкладна тыдзень дзіця (кацяня) жыло без мянушкі».

Вольга расказала, што імя кату выбраў сын. Назву «Дэльфін» насіў яго любімы музычны гурт. Зацвердзіць гэты выбар маладому пакаленню прыйшлося зусім не дэмакратычным шляхам, а «шантажом» маці.

Сын сказаў, што калі Вольга не пагодзіцца, то не будзе пускаць ката ў свой пакой.

З катом — праз ператрусы і суды

кот Дэльфін, Вольга Верамеенка

Вольга кажа, што кот «родны» і «любімка». «Я з ім ужо хутка 9 год. Мы разам прыехалі з Воршы ў 2016-м. Разам прайшлі ператрусы ў хаце ў Гродне. Калі я была адна цягам шасці месяцаў, асабліва пасля ператрусаў, кот ад мяне не адыходзіў. І спаў разам, і хадзіў са мной па гародзе. І да гэтага часу, дзе мы, там і ён».

І гэта не першы прыклад падтрымкі і салідарнасці з боку ката. Калі сям’ю Верамеенкаў судзілі ў Гродне ў 2017 за так званы «інтэрнэт-пікет», яны прадставілі суду здымак «саўдзельніка» — ката Дэльфіна з бел-чырвона-белым сцяжком.

«Потым зрабілі магніт з гэтага фота з надпісам „Нават кот у Гародні патрыёт“. Магніт вельмі добра набывалі і Дэльфін зарабляў сабе на корм».

Чытайце таксама: Крама «Адметнасць» у Гродне спыніла працу

Кот ратуе не толькі гаспадыню

Гаючую сілу Дэльфіна адчула на сабе не толькі сям’я Верамеенкаў.

кот Дэльфін, Вольга Верамеенка

«Кот ратаваў не толькі мяне, — расказвае Вольга. — Сябры, што кармілі яго ў нашу адсутнасць, таксама палюбілі Дэльфіна. Яны і зараз да яго прыходзяць пачухаць за вухам».

Дэльфіна, на думку Вольгі, ужо можна лічыць катом свету ці нават сусвету. Яго дакументы (апроч вусоў, лараў і хваста) — ажно два пашпарты — беларускі і міжнародны. Дадаткова руды кот мае чып: «Таму сувязь з космасам у яго ёсць дакладна».

На думку Вольгі, ад такіх сур’ёзных і выпрабаваных жыццём катоў як Дэльфін трэба вучыцца. Найперш — вытрымцы і мудрасці. Як спрактыкаваны псіхатэрапеўт, Дэльфін паказвае прыклад паводзінаў, што найлепш дазваляюць аднавіць рэсурс.

«Гледзячы на ката, прыходжу да высновы: каб добра выглядаць і мець сілы, трэба шмат спаць! Што і раблю апошнім часам».

Галоўная дапамога ад Дэльфіна гэта тое, што ён проста ёсць, кажа Вольга. «Кот жыве побач і гэтым упрыгожвае прастору вакол нас».