Пачынаючы з 2008 года палякі і ўкраінцы рэалізуюць супольны праект па аднаўленні помнікаў на Лычакаўскіх могілках Львова. Гэта добры прыклад для гродзенцаў, бо ў нашым горадзе бясцэнныя старыя могілкі ўсё больш знішчаюцца штодзённа.
Лычакаў - самы старажытны і багаты некропаль Заходняй Украіны. Ён з’явіўся ў канцы 18 ст. у той самы час, калі былі закладзены могілкі на Росах у Вільні і гродзенскія Фарныя могілкі.За прамінулыя 10 гадоў коштамі польскага Міністэрства Культуры і Нацыянальнай спадчыны ўдалося аднавіць больш за 80 каштоўных надмагілляў, якія з’яўляюцца сведчаннямі багатанацыянальнай спадчыны Львова. З польскага Фонда Культурнай Спадчыны прыязджаюць рэстаўратары, якія ў спецыяльнай вопратцы, выкарыстоўваючы спецыяльныя матэрыялы і тэхніку, ачышчаюць надмагіллі ад мху і лішайнікаў, іржы, аднаўляюць страчаныя дэталі. Нават моцна панішчаныя помнікі рупліва кансервуюцца.