У Мірскім замку завяршаецца другі этап маштабнай рэканструкцыі музейнага комплексу. Ужо ў верасні 2026 года для наведвальнікаў адкрыюць адноўлены італьянскі сад, які існаваў тут яшчэ пры Радзівілах. Наступным этапам стане рэканструкцыя англійскага пейзажнага парку, а ў перспектыве — аднаўленне палаца Святаполк-Мірскіх і, магчыма, вузкакалейкі, якая была тут раней.

Італьянскі сад аднавілі па інвентары XVIII стагоддзя

Італьянскі сад займае 5,7 га тэрыторыі музейнага комплексу. Яго заклалі ў XVII стагоддзі пры Каролі Станіславе Радзівіле Справядлівым, распавядае выданне Times.by.

Як рассказала намеснік дырэктара па навуковай і асветніцкай працы Мірскага замка Вольга Навіцкая, першыя згадкі пра сад адносяцца да 1692 года. Асновай для рэканструкцыі стаў падрабязны інвентар 1746 года, дзе былі апісаны планіроўка, дарожкі і насаджэнні.

Гістарычны сад быў падзелены на 25 квадратаў, дзе вырошчвалі пладовыя дрэвы, ягадныя кусты, гародніну і лекавыя травы. Ужо ўзімку галоўным упрыгожаннем станавілася аранжарэя з лімоннымі і апельсінавымі дрэвамі, міртам, кіпарысамі, лаўрам, самшытам і інжырам.

Як пры Радзівілах: у Мірскім замку аднавілі італьянскі сад XVIII стагоддзя
Фота: times.by

Сёння адноўлена частка саду. Тут з’явіліся 18 гістарычных участкаў з пладовымі дрэвамі, лекавымі раслінамі, льном, ісопам, шалфеем, крываўнікам, яблынямі і вішнямі. Па перыметры высаджаны ліпы, лістоўніцы, грабы і клёны.

Паводле слоў спецыялістаў, большасць раслін ужо паспяхова перанёсла першую зіму, аднак канчатковы выгляд сад набудзе прыкладна праз пяць гадоў, калі дрэвы і кусты цалкам разрастуцца.

Цяпер у саду заканчваюць укладку брукаванкі, якая вядзе да цэнтральнай алеі. Рабочыя таксама ўкладваюць рулонны газон.

Пасля завяршэння прац тут з’явяцца 31 лаўка, чатыры альтанкі і дэкаратыўнае падсвечванне.

Як пры Радзівілах: у Мірскім замку аднавілі італьянскі сад XVIII стагоддзя
Фота: times.by

Наступны этап — англійскі парк

Трэцім этапам рэканструкцыі стане аднаўленне англійскага пейзажнага парку плошчай каля 16 гектараў. Працы плануюць пачаць у 2027 годзе.

Галоўным аб’ектам стане новы мост праз ручай, які злучыць шпацырны маршрут вакол возера. Драўляны мост у гэтым месцы быў, але не захаваўся. Таму цяпер выбіраюць праект сучаснага жалезабетоннага збудавання.

Пры гэтым большую частку гістарычных дрэў захаваюць. Тут растуць сасновая алея, лістоўніцы, чорная сасна і іншыя дрэвы, высаджаныя яшчэ пры стварэнні парку. Частка калекцыі была страчана падчас суровай зімы 1939–1940 гадоў, а таксама ў гады вайны.

Як пры Радзівілах: у Мірскім замку аднавілі італьянскі сад XVIII стагоддзя
Фота: times.by

На месцы палаца хочуць адкрыць гатэль

Чацвёртым этапам рэканструкцыі стане аднаўленне палаца Святаполк-Мірскіх.

Сам палац быў спалены ў 1917 годзе падчас Першай сусветнай вайны, а пазней канчаткова разабраны. Да нашых дзён захаваліся падмурак і флігель.

У адноўленым будынку плануюць размясціць гатэль прыкладна на 40 месцаў з інтэр’ерамі ў стылі 1920–1930-х гадоў. Пакуль праект знаходзіцца на стадыі распрацоўкі.

У Мірскім замку мараць вярнуць вузкакалейку

У музеі таксама разглядаюць магчымасць аднаўлення гістарычнай вузкакалейнай чыгункі, якая падчас Першай сусветнай вайны злучала Мір з Гарадзеяй.

Паводле слоў дырэктара музея Аляксандра Лойкі, пакуль гэта толькі доўгатэрміновая ідэя, для рэалізацыі якой спатрэбіцца падтрымка Беларускай чыгункі і інвестараў. Мяркуецца, што турысты змогуць прыязджаць на электрычцы да Гарадзеі, а затым перасаджвацца на гістарычны цягнік да Мірскага замка.

Як пры Радзівілах: у Мірскім замку аднавілі італьянскі сад XVIII стагоддзя
Фота: times.by

Больш за 450 тысяч наведвальнікаў за год

У 2025 годзе Мірскі замак наведалі больш за 450 тысяч чалавек — і гэта толькі тыя, хто купляў квінткі ў музей.

«А ёсць яшчэ тысячы людзей, якія прыязджаюць пашпацыраваць па парку, памілавацца архітэктурай замка, – адзначае Аляксандр Лойка. – І мы ўдзячныя кожнаму, хто галасуе рублём, купляючы квіток. Выручаныя сродкі ідуць не толькі на папаўненне фондаў – сёння колькасць артэфактаў перавышае 5 тыс. Многія аднаўленчыя працы праводзяць таксама за кошт пазабюджэтных сродкаў. Па сутнасці, купля квітка – гэта ўнёсак у будучыню, каб гэты госць праз некалькі гадоў змог зноў прыехаць па ўражанні і гісторыю».

У лістападзе 2026 года на ўязной вежы плануюць усталяваць вежавы гадзіннік.

А ў 2027 годзе Мірскі замак адзначыць 500-годдзе. Асноўныя святочныя мерапрыемствы запланаваны на 4–6 чэрвеня. Госцей чакаюць гістарычныя рэканструкцыі, рамёствы, кірмашы, канцэрты і святочны фейерверк.