Эксперты адзначаюць, што попыт на бязвізавы Гродна вырас у дзясяткі разоў, і гэта стала штуршком для паляпшэння інфраструктуры і пашырэння сферы паслуг. Пры гэтым гораду, па іх словах, да гэтага часу не хапае недарагіх якасных гасцініц, піша ej.by.
Нагадаем, што з 26 кастрычніка мінулага года замежныя турысты на працягу пяці дзён могуць без візы знаходзіцца ў Гродне і прылеглых населеных пунктах Гродзенскага раёна, у тым ліку на Аўгустоўскім канале.
На пачатак верасня ў рамках дзеяння ўказа па бязвізавым рэжыме Гродна наведала больш за 35 тысяч турыстаў з 55 краін свету. Каля 70% замежнікаў з агульнай колькасці гасцей з-за мяжы прыбываюць у складзе арганізаваных груп. Вядома, што найбольш папулярны горад у жыхароў Польшчы і Літвы.
Ва ўпраўленні спорту і турызму Гродзенскага аблвыканкама адзначылі яшчэ адну станоўчую тэндэнцыю: колькасць турыстычных кампаній, якія займаюцца ўязным турызмам, вырасла з 12 да 70.
«Попыт з увядзеннем бязвізу вырас у разы, — распавяла кіраўнік гродзенскай кампаніі „Фірма Таксапарк“ Таццяна Піскун. — Горад ужо прыняў 35 тысяч турыстаў, раней у год прыязджала каля 3−4 тысяч, а цяпер — столькі прымаем у тыдзень».
Пры гэтым на думку дырэктара турфірмы «Зэт» Сяргея Яшкевіча, бязвізавы турызм толькі-толькі пачынае набіраць абароты. «На жаль, многія замежнікі яшчэ не ведаюць пра бязвізавы рэжым. Пра гэта занадта мала інфармацыі. А хтосьці проста не верыць і афармляе візы — я, напрыклад, ведаю такія выпадкі».
«Праз нашу турфірму, напрыклад, да гэтага прыязджае шмат візавых турыстаў, у прыватнасці, палякаў. Яны хочуць паглядзець не толькі Гродна, едуць у Навагрудак, Брэсцкую вобласць, мясціны, звязаныя з Польшчай і гісторыяй дзвюх дзяржаў, таму ім мала пяці дзён», — сказаў ён.
Палякі едуць за экскурсіёнкай, іх шопінг не цікавіць, падсумаваў Сяргей Яшкевіч.
Па словах Таццяны Піскун, літоўцы таксама едуць паглядзець Гродна, адпачыць тут, нярэдка адпраўляючыся пасля экскурсійнай праграмы на шопінг.
Начальнік упраўлення спорту і турызму Гродзенскага аблвыканкама Алег Андрэйчык адзначыў у каментары «Штодзённіку», што з’яўленне бязвізавага рэжыму станоўча адбілася на развіцці турыстычнай інфраструктуры рэгіёну, паспрыяла пашырэнню сферы паслуг.
«Стала больш падзейных мерапрыемстваў. Бязвізавы рэжым стаў імпульсам для развіцця рынку сувенірнай прадукцыі, і як аказалася, ён шырокі і вельмі запатрабаваны, — распавёў Алег Андрэйчык. — Што тычыцца грамадскага харчавання, у горадзе з пачатку года адкрылася больш за дзясятак новых аб’ектаў харчавання».
У сваю чаргу, прадстаўнікі турыстычных кампаній не хаваюць і існуючых праблемы: адсутнасць недарагіх гасцініц, слабое веданне замежных моў персаналам і іншае.
«У горадзе няма танных якасных гасцініц, — распавяла Таццяна Піскун. — Праблемы з ложка-месцамі сапраўды ўзнікаюць, асабліва ў пікавыя даты, напрыклад, травеньскія і іншыя святы. І быццам бы сітуацыя крыху мяняецца ў лепшы бок, нешта будуецца, мадэрнізуецца, але, на мой погляд, для вырашэння гэтай праблемы трэба падключаць прыватны бізнес».
Тое, што праблемы з рассяленнем ёсць, пагадзіліся і ва ўпраўленні спорту і турызму.
«Гасцінічны фонд патрабуе мадэрнізацыі, гораду не хапае хостэлаў, — прызнаў Алег Андрэйчык. — Але праблема вырашаецца. Сёння для размяшчэння замежных турыстаў падключаюцца аграсядзібы, шмат прапануецца прыватных апартаментаў, кватэр».
Алег Андрэйчык адзначыў, што цяпер уладамі горада дадзенае пытанне вынесены на парадак дня. Плануецца, што ў горадзе ў бліжэйшыя некалькі гадоў павінна з’явіцца каля дзясятка новых аб’ектаў размяшчэння. Упор будзе зроблены на гасцініцы эканом класа і хостелы.
Што тычыцца персаналу гасцініц і аб’ектаў харчавання, ён, па словах прадстаўніка ўпраўлення спорту і турызму, «перастрайваецца» да сустрэчы замежных турыстаў. Сёння там пры фарміраванні кадравага складу абавязкова ўлічваецца веданне замежных моў. Наведвальнікам кафэ і рэстаранаў прапануюцца меню на замежнай мове. Усё робіцца для ліквідацыі моўнага бар’ера, падкрэсліў Алег Андрэйчык.
Яшчэ адным вострым пытаннем, якое патрабуе рашэння, кіраўнік кампаніі «Зэт» назваў вялікія чэргі на мяжы пры выездзе з Беларусі. Паводле яго слоў, нярэдка замежніку прыходзіцца прастойваць да 4−5 гадзін у чарзе, каб выехаць з краіны. Трэба зрабіць так, каб чалавек, які заехаў у бязвізавым рэжыме, меў права пазачарговага выезду на мяжы, мяркуе прадстаўнік турбізнесу.
Таццяна Піскун не згодна з калегам. «Вядома, такая праблема як чэргі на межах — ёсць, але яна не глабальная. Трэба разумець, што гэта мяжа і там людзі выконваюць сваю працу. Трэба рэальна глядзець на рэчы. Калі мы зробім для турыстаў свабодны калідор, нашы людзі пачнуць казаць: чаму я, грамадзянін Беларусі, стаю ў чарзе, а замежнік — не. У дадзенай сітуацыі, на мой погляд, лепш працаваць над аператыўнасцю, над павелічэннем штату супрацоўнікаў і г. д.», — адзначыла яна.
Нягледзячы на наяўныя праблемы, у турфірмах ўпэўненыя, што многае сёння проста пытанне часу: будуць турысты, будуць паступова паляпшацца і ўмовы знаходжання для гасцей, адчыняцца новыя кафэ, будавацца гасцініцы, паляпшацца якасць абслугоўвання.
Лічыцца, што складана выбраць падарунак менавіта мужчыну - мужу, сыну, бацьку, партнёру ці сябру. Сітуацыя…
Беларус Алекс Вазнясенскі наведаў Навагрудак як турыст. Мужчыну ўразіла, што горад з багатай гісторыяй знаходзіцца…
Рэстаране-кафэ “Нёманская віціна” ў выглядзе ладдзі - частка канцэпцыі новай гродзенскай набярэжнай, якую абмеркавалі ў…
Аляксей Кажэнаў з'ехаў з Мінску ў 1998-м годзе. Ён атрымаў працу ў Google, стаў дыяканам…
Слэнг пастаянна змяняецца - у апошні час пад ўплывам TikTok. Зразумець яго адразу і ўвесь …
Кожны месяц 22 тоны кававага зерня выязджаюць з Гродна, каб патрапіць на запраўкі па ўсёй…