Год за годам у Гродне ў межах «добраўпарадкавання» горада зносяць пустыя будынкі. Часам у гэтым спісе аказваюцца рэдкія, а часам унікальныя помнікі архітэктуры. Знаходзячыся на балансе дзяржавы, іх лёс у асноўным вырашаецца чыноўнікамі гарвыканкама. У першым дзесяцігоддзі новага стагоддзя падчас будаўнічага буму горад хоць і папрыгажэў, але ўсё ж страціў нямала каштоўных гістарычных пабудоў. Пра іх і пра тое, як жа магло быць па-іншаму, напісаў у сваім блогу гродзенскі гісторык і краязнаўца Мечыслаў Супрон.
З прыходам новай адміністрацыі, як мне спачатку здавалася, улады пачалі больш беражліва ставіцца да спадчыны. Але нядаўні знос унікальнага драўлянага асабняка ў Новым Свеце трохі змяніў мае погляды.
У апошнія некалькі гадоў горад пачаў пазіцыянаваць сябе як турыстычны. У старых будынках пачалі адчыняцца цікавыя ўстановы: рэстараны, бары і гасцініцы. Горад стаў больш адкрытым для замежных турыстаў пасля ўвядзення бязвізавага рэжыму. Але вось толькі што будуць глядзець турысты ў горадзе-та? Касцёлы? Вы і напраўду лічыце, што турыст пасля Вільні, Кракава ці Рыма прыедзе ў Гродна глядзець касцёлы?! Ці можа Аўгустоўскі канал? Сур’ёзна? Пасля Венецыі і Амстэрдама распешчанаму турысту ён будзе цікавы?
Чым горад можа быць унікальны? Ведаеце, я доўга ламаў галаву, адказваючы сабе на гэтае пытанне. І вось цяпер, праз шмат гадоў, пасля далёкіх падарожжаў і зносін з людзьмі, я, здаецца, ведаю на яго адказ. Для пачатку трэба адказаць на больш простае пытанне: што з сябе ўяўляе сярэднестатыстычны турыст, які прыязджае ў Гродна? Дык вось, як правіла — гэта пажылы чалавек з Літвы, Польшчы, Ізраіля або ЗША, чые бацькі, бабулі ці прабабулі жылі ў гэтым горадзе да Другой сусветнай вайны. І прыязджаюць гэтыя турысты сюды з мэтай азнаёміцца з горадам, у якім выраслі іх продкі. Яны хочуць адчуць ДУХ горада, у якім жылі іх умоўны прадзед Рамуальд Кшесіньскі або Мойша Ліберман. У Гродна, мабыць, пакуль не вельмі атрымліваецца стаць горадам «тусоўкі». Патусіць еўрапейская моладзь ляціць у больш даступныя гарады — Вільня, Кракаў і Львоў. Чаму туды? Туды лягчэй даляцець на танных лаўкостах. Замежнай моладзі проста няма чаго тут рабіць, у горадзе, дзе жыццё літаральна спыняецца пасля 22:00.
Шкада, што ўлады не разумеюць, што асноўнай турыстычнай фішкай горада стане не Стары замак, які спехам будуецца з грубымі ляпамі, не касцёлы і Аўгустоўскі канал. Турыстычнай фішкай Гродна могуць стаць каларытныя гродзенскія кварталы з унікальнайі шэраговай забудовай. Кварталікі, дзе выраслі продкі тых людзей, якія прыязджаюць, каб знайсьці тут сувязь пакаленняў. Але вось толькі з кожным годам такіх месцаў у горадзе становіцца ўсё менш і менш. Горад «добраўпарадкоўваецца» і губляе сваю ўнікальнасць. Ён становіцца горадам псеўдагістарычных навабудаў і шэрай тратуарнай пліткі.
Ніжэй мы зрабілі падборку дзесяці найбольш значных архітэктурных стратаў апошніх двух дзесяцігоддзяў. Гэтыя аб’екты пры належным доглядзе маглі б горда красавацца на вуліцах і вулачках нашага горада. Гэтыя аб’екты маглі б выкарыстоўвацца на карысць гродзенцаў. Гэтыя аб’екты маглі б стаць турыстычнымі разыначкамі нашага горада. Гэтыя аб’екты маглі б прыносіць прыбытак. Маглі б. Але ўжо ніколі не змогуць …
Гісторыкі і неабыякавыя гродзенцы доўга адстойвалі гэтыя будынкі. Вельмі-вельмі моцна адстойвалі, падавалі заяўкі на ўнясенне ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў. Пабудаваныя ў пачатку ХХ ст., казармы былі ў ідэальнай захаванасці.
Але ўсё гэта было дарэмна. Улады прадалі ўчастак, дзе знаходзіўся гэты вельмі цікавы комплекс, пад будаўніцтва чарговага гіпермаркета «Карона». Казармы, як і чакалася, знеслі. У выніку горад пазбавіўся ўнікальных ў сваім родзе пабудоў, захаванне якіх у больш далёкай перспектыве прынесла б значна большы прыбытак гораду, чым продаж кавалка зямлі пад будаўніцтва непрыгожага тыпавога будынка атрутна-аранжавага колеру.
А як у суседзяў? Пры будаўніцтве «Акропаліса» ў Каўнасе падобныя да гродзенскіх казармаў будынкі захавалі, удала ўпісаўшы іх у інтэр'еры гандлёвага цэнтра. Атрымаўся свайго роду гродзенскі «Old city», толькі замест муляжоў ў ім захавалі арыгінальныя гістарычныя будынкі. Выглядае крута.
У Беластоку аналагічна. Ні ў гарадскіх уладаў, ні ў інвестара не паднялася рука, не дай Бог, дзеля пабудовы гандлёвага комплексу зносіць комплекс будынкаў былой тэкстыльнай фабрыкі Бекера. Характэрна, што выданне «Construction & Investment Journal» у 2008 г. прызнала гэты праект найлепшым у сваім родзе архітэктурным рашэннем у Еўропе! Гэта вельмі і вельмі крута.
Найцікавейшы драўляны асабняк, аналагаў якому ў горадзе не захавалася, быў моцна пашкоджаны ў выніку пажару ў верасні 2009 года. Пазней ён быў знесены, а ўчастак доўгі час пуставаў. Пазней на гэтым месцы з’явіўся пачварны навабуд.
А як у суседзяў? У невялікім горадзе Друскенікі (Літва) захаванню падобных драўляных пабудоў надаюць шмат увагі. Яны — турыстычная разыначка горада. Не клопат, як лічаць улады Гродна! Дарэчы, на працягу года Друскенікі наведвае больш за мільён турыстаў! У Гродне такое і не снілася…
Чытайце таксама: Друскенікі: як выглядае драўляная архітэктура за 40 кіламетраў ад Гродна
Электрастанцыя была збудаваная ў 1912 г., ў 1928 г. дабудаваная і мадэрнізаваная. Уяўляла з сябе найцікавейшы і ўнікальны ў сваім родзе комплекс. Але была знесена ў 2009 г. Праз дзесяць гадоў на гэтым месцы пачалося ўзвядзенне гандлёвага комплексу.
А як у суседзяў? У Лодзі (Польшча) комплекс прамысловых будынкаў гэтага ж перыяду захавалі і адрэстаўравалі, удала размясціўшы ў ім культурна-адукацыйны цэнтр з трыма музеямі, кінатэатр, гіпермаркет і больш за шэсцьдзесят бараў і рэстаранаў. І гэта прыносіць велізарны прыбытак у гарадскую казну!
Велізарны драўляны дом быў узведзены ў 1920-я гады ў стылі драўлянага канструктывізму. Першапачаткова выкарыстоўваўся як гатэль, якім валодала пані Марыся. За савецкім часам стаў шматкватэрным жылым домам. Нягледзячы на ідэальны стан апорных канструкцый, быў знесены ў 2012 г.
А як у суседзяў? У польскім мястэчку Ксеньжы Млын драўляны стары будынак, які меў гістарычную каштоўнасць, ніхто не адважыўся знесці. Яго адрэстаўравалі. Больш за тое, у ім пасялілі жыхароў, якія маюць патрэбу ў жыллі. Гэтым забілі двух зайцоў: і дом захавалі на радасць жыхароў і турыстаў, і людзям дапамаглі. Адна маленькая дэталь: мэра ў Польшчы выбіраюць, а не прызначаюць.
Стыльны драўляны асабняк у стылі канструктывізму гродзенскай селебрыці міжваеннага перыяду. Падобных яму ў горадзе становіцца ўсё менш з кожным годам. У цэлым, драўляны канструктывізм — свайго роду ўнікальная з’ява архітэктуры. Падобных будынкаў у свеце практычна няма. Яны сустракаюцца толькі на тэрыторыі заходніх абласцей Беларусі і ў г. Бостан (ЗША). Калі ў Бостане яны з’яўляюцца фішкай горада, то ў Гродне, на жаль, для гарадскіх уладаў - клопатам. Дом быў знесены ў 2012 г., адначасова з «Гусарскім».
Быў узведзены ў пачатку ХХ ст. Дом у свой час з’яўляўся самым вялікім каменным будынкам на ўсёй некалі шчыльна забудаванай вуліцы, якая раскінулася ўздоўж Гараднічанкі. Тут мог бы быць утульны бар або невялікі гатэль. Але ў выніку «добраўпарадкавання» яго знеслі ў 2006 г.
Гэты каларытны куток горада, які з’яўляўся часткай Новага свету, быў цалкам знесены у 2006 г. Пад каўшом экскаватара апынуліся дамы канца ХIX — пачатку ХХ ст., сярод якіх дом Зданцевічаў, Палканаў, Цылько і інш.
Найбольш шырокі рэзананс грамадскасці выклікаў знос дома Пашкевічаў, вядомага як «Гарачы хлеб». Дом быў пабудаваны ў 1936 г. у стылі канструктывізму і з’яўляўся вельмі каштоўным і рэдкім прадстаўніком свайго роду.
Чытайце таксама: «Гарачы хлеб» як сімвал страт: гродзенцы ўспамінаюць Антоненку і разбурэнне ў Новым свеце
А як у суседзяў? У расійскім Іркуцку падобныя гістарычныя кварталы драўлянай гарадской забудовы ХIX — пачатку ХХ ст. старанна зберагаюцца, рэстаўруюцца, і прыносяць нядрэнны прыбытак гораду, спрыяючы прыцягненню турыстаў.
Драўляны асабняк пачатку ХХ ст. Нядрэннае было б памяшканне для крамкі. Але ўлады думалі інакш. Дом знесены ў 2014 годзе.
Найцікавейшы драўляны дом на высокім каменным цокалі. Дамок ідэальна «сядзеў» на сваім месцы, удала абыгрываючы рэльеф і прыкрываючы сцяну лікёра-гарэлачнага завода. Знесены ў 2013 годзе.
Драўляны асабняк пачатку ХХ ст. Найбольш каштоўны будынак свайго роду ў Гродне. Каштоўней яго хіба што драўляны лямус канца XVIII ст. у двары брыгіцкага манастыра. У 1939 г. уладальніка дома, Аляксандра-Антонія Хемберга бальшавікі вывезлі ў Катынь, дзе расстралялі. У савецкі час тут жыло шмат сем’яў. У апошнія некалькі гадоў дом пуставаў. Гісторыкі і гарадская грамадскасць не раз спрабавалі выратаваць гэты дом ад зносу, падаючы заяўку аб яго ўнясенні ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў, але кожны раз атрымлівалі адмову. Нягледзячы на абурэнне жыхароў, дом быў знесены ў сярэдзіне снежня 2019 г. Характэрна, што дом быў прызнаны безнадзейна аварыйным, нягледзячы на тое, што ён не працякаў і за некалькі гадоў да высялення ў ім быў праведзены капітальны рамонт.
А як у суседзяў? У Рызе падобныя дамы ахоўваюцца дзяржавай. У горадзе існуе некалькі кварталаў драўлянай забудовы ХIX — пачатку ХХ ст. Найбольш папулярным для турыстаў з’яўляецца квартал вуліцы Калнцыема (латыш. Kalnciema iela). Тут размяшчаюцца хостелы, бары, рэстараны, штогод праводзяцца фэсты і канцэрты. Драўляныя будынка ў Рызе з’яўляюцца турыстычнай адметнасцю, а не клопатам, і прыносяць прыбытак.
Усяго лік 1: 9 на карысць новай адміністрацыі Гродна, пры якой у горадзе быў знесены толькі адзін каштоўны дом. Вельмі хочацца, каб ён застаўся і апошнім.
У 2020 г. у Гродне ўлады плануюць знесці некалькі дамоў у Новым Свеце і ў даліне Гараднічанкі. Сярод гэтых дамоў ёсць цікавыя і каштоўныя помнікі архітэктуры. Мы шчыра спадзяемся, што цяперашняя гарадская адміністрацыя не паўторыць памылак сваіх папярэднікаў, і трохі памяняе свой пункт гледжання на спадчыну (драўляную ў першую чаргу), захаваўшы гэтыя дамы для нашых нашчадкаў. Ад гэтага выйграюць усе: жыхары, улада і турысты.
Лічыцца, што складана выбраць падарунак менавіта мужчыну - мужу, сыну, бацьку, партнёру ці сябру. Сітуацыя…
Беларус Алекс Вазнясенскі наведаў Навагрудак як турыст. Мужчыну ўразіла, што горад з багатай гісторыяй знаходзіцца…
Рэстаране-кафэ “Нёманская віціна” ў выглядзе ладдзі - частка канцэпцыі новай гродзенскай набярэжнай, якую абмеркавалі ў…
Аляксей Кажэнаў з'ехаў з Мінску ў 1998-м годзе. Ён атрымаў працу ў Google, стаў дыяканам…
Слэнг пастаянна змяняецца - у апошні час пад ўплывам TikTok. Зразумець яго адразу і ўвесь …
Кожны месяц 22 тоны кававага зерня выязджаюць з Гродна, каб патрапіць на запраўкі па ўсёй…