Дэпутатка парламента Ганна Канапацкая 18 снежня наведала Гродна. Прадстаўнічка Аб’яднанай Грамадзянскай Партыі даведалася пра праблемы рэгіёна, расказала, ці будуць дэпутаты паказваць сваю зарплату, ці адменяць дэкрэт аб тунеядстве і якія заканадаўчыя ініцыятывы варта пралабіраваць.
Як вырашыць рэгіянальныя праблемы
— Палата Прадстаўнікоў павінна стаць тым органам, які на заканадаўчым узроўні створыць умовы, каб рэгіёны развіваліся, — кажа Ганна. — Я стаўлю сваёй задачай у наступным годзе прыняцце і рэалізацыю закона аб мясцовым самакіраванні. Калі мы з гродзенскім рэгіёнам і гродзенцамі аб’яднаемся, мы зможам зрабіць вельмі шмат і зменім жыццё да лепшага.
Сустрэча пачалася з пытанняў і прапаноў гродзенцаў па вырашэнні існуючых праблем. Ганна падкрэсліла, што спачатку варта звяртацца да мясцовых дэпутатаў і збіраць подпісы за ініцыятыву. Потым можна звяртацца непасрэдна да яе.Гродзенцы выступалі з прапановай вынесці клубы гульнявых аўтаматаў за межы горада, знесці жоўта-сінія табачныя кіёскі, дазволіць піць піва на спартовых спаборніцтвах. Важнай праблемай аказаўся малы памежны рух. У 2017 годзе АГП запланавала ў Гродне круглы стол з удзелам Ганны па пералічаных праблемах.
Гродзенка Валянціна папрасіла разгледзець закон аб сацыяльнай дапамозе. Яна апякун сына інваліда і атрымлівае штомесяц 60 долараў. Валянціна не мае права працаваць і адкрываць ІП. На гэтыя грошы яна ўтрымлівае сябе і дзяцей. Валянціна не разумее, чаму яе сын не можа працаваць. «Ён жа касцьмі інвалід, а не галавой», — кажа яна. Канапацкая расказала, што ў Палаце Прадстаўнікоў акурат разглядаюць закон аб сацыяльнай дапамозе.
Прымусіць дэпутатаў паказваць зарплаты і адмяніць дэкрэт аб дармаедстве
— Шэраг нашых ідэй знайшлі увасабленне ў законапраектах, якія ўжо ляжаць у камісіях пры Палаце Прадстаўнікоў. Напрыклад, адмена артыкула аб ілжэпрадпрымальніцтве, — кажа Ганна.
У планах на 2017 год у Ганны ўнясенне змен у антыкарупцыйнае заканадаўства. Ідэя ў тым, каб зрабіць электронную дэкларацыю абавязковай і замацаваць заканадаўча — прымусіць чыноўнікаў, суддзяў, дэпутатаў паказваць свае зарплаты. У павестцы дня стаіць змена закона аб масавых мерапрыемствах, змена ў законапраекце аб сацыяльнай дапамозе. АГП падтрымлівае адмену ці прыпыненне дзейнасці дэкрэта аб дармаедстве.
Таксама АГП падтрымлівае ідэю пенсійнай рэформы. Яна заключаецца ў аддзяленні пенсійнага бюджэта ад дзяржаўнага і ўвядзенні назапашвальнай сістэмы.
Прыярытэтны напрамак — змены выбарчага заканадаўства. Створана рабочая група прадстаўнікоў практычна ўсіх партый і рухаў. Яна патрабуе ўдзелу прадстаўнікоў кандыдатаў у дэпутаты ў выбарчых камісіях, скарачэння тэрмінаў ці ліквідацыі датэрміновага галасавання і адкрытага ды сумленнага падліку галасоў.
У планах — стварэнне грамадскай прыёмнай
У планах АГП на 2017 год стварыць грамадскую прыёмную і раз на месяц рабіць прыём па агульнаграмадскіх праблемах. Прадстаўнікі АГП будуць звяртацца да экспертаў і юрыстаў. Гродзенец зможа прыехаць на прыём і прапанаваць ідэю. Калі яна «цягне» на заканадаўчую ініцыятыву, ствараецца рабочая група. На студзень ужо запланавана абмеркаванне экалагічнай бяспекі.
Лідар АГП Анатоль Лябедзька падкрэсліў важнасць дэпутацкага мандата Канапацкай. Каб прапанаваць закон, звычайнаму чалавеку патрэбна зарэгістраваць ініцыятыўную групу і сабраць 50 тысяч подпісаў. Права заканадаўчай ініцыятывы ў дэпутата значна спрашчае гэты працэс.