«Не трэба спісваць нас з рахункаў, мы таксама нешта можам, нягледзячы на тое, што служылі яшчэ ў савецкія гады», — кажа былы марак Віталь Шышко. 26 ліпеня каля сотні савецкіх маракоў: былыя матросы, мічманы і афіцэры розных узростаў выйшлі ў цэнтр Гродна на святкаванне Дня ваенна-марскога флоту. Карэспандэнт Hrodna.life запісаў самыя цікавыя цытаты.
Штогод, пачынаючы з 2007 года, гродзенскія прадстаўнікі Беларускага саюза ваенных маракоў шырока адзначаюць свята ў Гродне. Калона праходзіць урачыстым маршам з Савецкай плошчы ў парк Жылібера. Там удзельнікі ўскладаюць вянкі і кветкі да помніка воінам-вызваліцелям.
«Беларусь — не марская дзяржава, але яе гісторыя звязана з флотам.
Наш Гродна запісаўся ў гісторыі расійскай марской пяхоты. За ўсю гісторыю флота больш за тры мільёны беларусаў служылі на моры, некаторыя з іх сталі адміраламі. Сёння мы можам успомніць нашу маладосць і тыя часы, калі служылі на флоце. Мы збіраемся і ўспамінаем тых, хто сёння нясе сваю службу ў моры, і тых, хто застаўся там назаўсёды», — сказаў падчас мітынгу старшыня гродзенскай арганізацыі Саюза ваенных маракоў Ігар Полудзень.
Віталь Шышко служыў у Балтыйскім флоце ў 1960-х гадах.
«У мінулым годзе нас было больш, а ў гэтым, з-за каранавіруса, прыйшло менш. Але ўсё роўна свята атрымалася. Хутка важная падзея ў нас у краіне — выбары прэзідэнта. Я не баюся выказваць сваё меркаванне: я супраць Лукашэнкі ўсё жыццё. Мы бачым, што цяпер адбываецца, як людзей затрымліваюць — гэта гвалт. У нас няма свабоды слова. Ведаю, многія нашы хлопцы працуюць на дзяржаўнай працы і баяцца нешта падобнае казаць. Але я ведаю дакладна, што ніхто крыві не хоча, як ва Украіне, дзе Януковіч гэта зрабіў. Не трэба спісваць нас з рахункаў, мы таксама нешта можам, нягледзячы на тое, што служылі яшчэ ў савецкія гады. Калі трэба, мы выйдзем», — сказаў Hrodna.life Віталь Шышко.
Калега Віталя Аляксандр быў нешматслоўны:
«Я працую і на дадзены момант нічога не магу сказаць. Сам разумееш, баюся нешта казаць супраць, каб не страціць працу».
Яўген Кавалеўскі, які служыў у марской пяхоце, распавёў Hrodna.life:
«Сёння нашы марачкі хочуць стабільнасці. З бацькам такой стабільнасці ўжо не будзе. Дзякуй, мама не гаруй, наеліся ўжо. Сёння нас — 97%, калі трэба я буду ў першых шэрагах. Я не баюся, што мяне могуць пасадзіць».
У Савецкім Саюзе Дзень Ваенна-марскога флоту быў вызначаны ў 1939 годзе. Гродна таксама ўвайшоў у гісторыю расійскай марской пяхоты. 27 (16 па старым стылі) лістапада 1705 года менавіта тут быў сфармаваны першы полк марской пяхоты пад кіраўніцтвам адмірала графа Фёдара Галавіна.
Чытайце таксама: