Тром гродзенцам, якіх затрымалі год таму разам з Ціханоўскім, запатрабавалі пакаранне: Яўгену Разнічэнку — 3,5 гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму, Уладзіміру Кнізе — чатыры гады пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму, Дзмітрыю Фурманаву — два гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Рэдакцыя Hrodna.life ўзгадала падрабязнасці справы.
Змякчальнымі абставінамі для Уладзіміра Кнігі палічылі наяўнасць дваіх дзяцей, адзін з якіх — з інваліднасцю, абцяжваючымі — непагашаную судзімасць. Для Разнічэнка абцяжваючымі абставінамі палічылі раней здзейсненае злачынства. Для кожнага з абвінавачаных абцяжваючымі абставінамі прызналі «здзяйсненне злачынства групай асоб па папярэдняй змове», а таксама «па матывах палітычнай і ідэалагічнай варожасці».
Арышт на двухспальны ложак, стол, настольную лямпу, халадзільнік і тэлевізар Вольгі Каракінай і Дзмітрыя Фурманава пракурор папрасіў адмяніць, іск аб кампенсацыі шкоды аўтапарку УУС Гродзенскага аблвыканкама ў 229 рублёў — задаволіць, іскі пацярпелых — задаволіць, «зыходзячы з патрабаванняў разумнасці і справядлівасці». Плакат «Свабоду народу» Фурманава пракурор прапанаваў захоўваць з матэрыяламі справы.
На паседжанне раніцай 17 траўня прыйшоў адзін пацярпелы — міліцыянт Уладзімір Казлоўскі, які ўпаў 29 траўня 2020 года. Дзмітрый Фурманаў быў у футболцы з выявай «Пагоні».
Пракурор хадайнічаў аб праглядзе відэа з дзвюх сустрэч Сяргея Ціханоўскага ў Гродне ў красавіку 2020 года. Абвінавачаныя не пагадзіліся з далучэннем да справы відэа. Суддзя ўсё ж такі задаволіла хадайніцтва. На відэа бачна Яўгена Разнічэнка, які абмяркоўвае з блогерам палітыку Лукашэнкі ў вобласці каранавірусу, інвестыцыі і сваё нядаўняе вяртанне з Масквы. Таксама там прысутнічае Дзмітрый Фурманаў, які прадстаўляе Ціханоўскаму макет тапка.
Абноўлена. Пасля абеду ў зале суда да пачатку пасяджэння прысутнічалі прыкладна пяць чалавек у цывільным. Верагодна, гэта супрацоўнікі АМАП або міліцыі. Яны выйшлі з залы суда за некалькі хвілін, каб зайсці першымі. Як распавялі людзі ў цывільным на пытанні наведвальнікаў суда, яны — з «групы падтрымкі» пацярпелых. Таксама яны ў размове паразважалі аб нашэнні масак, каранавірусе і прыгажосці.
Адзін чалавек у цывільным быў у майцы з надпісам «Слава спецназу. Смерць тэрарыстам». Яны зайшлі ў залю і трымалі месца для іншых з «групы падтрымкі», каб «захоўвалася сацыяльная дыстанцыя». Справа ў тым, што нягледзячы на вялікую колькасць жадаючых трапіць на адкрыты працэс, для разгляду справы выбіраюць невялікія залы. Звычайна ў зале тры лаўкі. Таму на працэс спачатку ўваходзяць пацярпелыя, затым — сваякі абвінавачаных. Астатнія — пры наяўнасці вольных месцаў.
У судзе 17 траўня прысутнічала больш міліцыі, чым звычайна. Раніцай пасля пасяджэння два міліцыянты ў форме стаялі ля суда, пакуль натоўп прысутных не разышоўся. Нагадаем, раней у Смаргоні распачалі крымінальную справу за крыкі «Жыве Беларусь!» у судзе, а ў Лідзе — адміністрацыйную.
Пасля абеду на паседжанне прыйшлі пацярпелыя Казлоўскі, Рахунок і Буднік — усе, акрамя Хвалені. Кожны з іх падтрымаў дзяржабвінаваўцу і заяўленыя грамадзянскія іскі.
Выступы адвакатаў запланавалі на 10.45 20 траўня.
Гродзенцаў Дзмітрыя Фурманава, Уладзіміра Кнігу і Яўгена Разнічэнку затрымалі амаль год таму пасля падзей 29 траўня 2020 года і пакінулі пад вартай у СІЗА № 1 Мінска. Справу па арт.342 і арт.364 КК пачалі разглядаць у студзені ў судзе Кастрычніцкага раёна Гродне. Суддзя — Вольга Бекушава, пракурор — Мікіта Мыслівец.
Дзмітрыя Фурманава абвінавацілі паводле ч. 1 арт. 342 КК — удзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак. Па словах пракурора, Фурманаў дапамагаў шукаць Ціханоўскаму саўдзельнікаў за ўзнагароджанне. Ён быў каардынатарам ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай па Гродзенскай вобласці і актывістам «пратэстнага руху» Ціханоўскага «Страна для жизни».
Яўген Разнічэнка ў 19.54 нібыта схапіў участковага міліцыянта Казлоўскага і прытрымліваў рукамі, адцягваючы ад блогера. А потым паваліў на тратуар. Яго абвінавацілі паводле ч. 1 арт. 342 і арт. 364 КК (гвалт у дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў).
Уладзімір Кніга нібыта рэзка зачыніў бакавыя дзверы аўтамабіля, у які хацелі змясціць затрыманага Ціханоўскага, пашкодзіўшы механізм. Гэтым ён нібыта нанёс аўтагаспадарцы УУС шкоду ў 229 рублёў. Пасля гэтага, па версіі абвінавачвання, Кніга ўдарыў камандзіра роты АМАП Рахунка, утрымліваў яго за форму і розныя часткі цела, у тым ліку шыю, адцягваючы ад Ціханоўскага. Яго таксама абвінавацілі паводле ч. 1 арт. 342 і арт.364 КК.
Пацярпелымі па справе прызнаныя чатыры супрацоўніка міліцыі. Уладзімір Казлоўскі прад’явіў Разнічэнка іск на суму 8000 рублёў.
— Сярэдні заробак — 1000 рублёў у месяц. На працягу ўсяго часу пасля таго, што здарылася, а менавіта 8 месяцаў, у мой адрас і адрас маёй сям'і паступаюць пагрозы фізічнай расправы. Я магу вам паказаць, што мне дасылаюць. І што нажом зарэжуць, па ўсіх законах шарыяту разбяруцца… — перадаваў словы Казлоўскага s13.ru. Таксама ўчастковы адчуваў «маральныя перажыванні, роспач, трывогу, пасіўнасць».
Пацярпелы амапавец Дзмітрый Рахунок заявіў іск да Уладзіміра Кнігі (яны раней разам служылі ў АМАПе) на суму 2000 рублёў. Ён збіраецца пералічыць іх у дзіцячы дом, піша праваабарончы цэнтр «Вясна».
У Казлоўскага, паводле медыцынскіх дакументаў, — удар грудной клеткі злева і выяўлены болевы сіндром, у Хвалені - пашкоджанне левага галёнкаступнёвага сустава, выяўлены болевы сіндром. Аб пашкоджаннях іншых пацярпелых у судзе не паведамілі.
У справе каля 20 сведак. Сярод іх, пісаў ТУТ.БАЙ, не было жанчыны, з якой на пікеце ў Гродне ў Сяргея Ціханоўскага паўстаў канфлікт. Менавіта пасля яго Ціханоўскага затрымалі. Многія лічаць гэты спрэчка спланаванай правакацыяй.
Па версіі дзяржабвінавачання, Дзмітрый Фурманаў, Уладзімір Кніга і Яўген Разнічэнка дзейнічалі групай асоб па папярэдняй змове па раней распрацаваным плане. Яны таксама згаварыліся са Статкевічам, Севярынцам і Ціханоўскім яшчэ ў 2019 годзе, заявіў пракурор.
Былы амапавец Уладзімір Кніга падчас допыту заявіў, што, на яго погляд, натоўп і бойку на плошчы стварылі штучна, хтосьці спецыяльна крычаў і штурхаўся, калі на плошчы з’явілася міліцыя ў форме.
— Я працаваў у МУС, магу адрозніць правакацыю ад рэальнай сітуацыі. Я быў у шоку ад гэтых падзей, — заявіў Кніга.
Мама Яўгена Разнічэнкі, якая праходзіць па справе сведкам, распавяла, што з-за перажыванняў у яе моцна пагоршыўся зрок. Цяпер яна практычна нічога не бачыць адным вокам, а другім — зусім няшмат. Адвакат хадайнічала прыкласці да справы даведку аб стане здароўя сведкі. На судовае пасяджэнне жанчына прыйшла ў цёмных акулярах і ўвесь час апытання іх не здымала, пісаў ТУТ.БАЙ.
У Яўгена Разнічэнкі былі медыцынскія праблемы з хрыбтом. Ён прасіў далучыць да справы эпікрыз з паліклінікі, медкарту і дакументы аб тым, што ён звяртаўся ў медчастку турмы, пісала «Гарадзенская вясна».
Дзмітрый Фурманаў аб’яўляў галадоўку, да яго далучылася яго дзяўчына Вольга Каракіна. Праз шэсць сутак ён спыніў яе.
Чытайце таксама:
Да зімовых святаў застаецца крыху больш за месяц - самы час задумацца пра святочны дэкор.…
У мястэчку Радашковічы на 6 тыс. чалавек стаіць касцёл, дзе хрысцілі Янку Купалу. У Вілейцы…
У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…
Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…
Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…
Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…