Каля 600 зваротаў, адпраўленых гродзенцамі або звязаных з Гродна, ёсць у базе зваротаў у КДБ. Людзі прапаноўвалі супрацоўніцтва, прасілі дапамагчы з архівамі і паведамлялі пра тэракты і бел-чырвона-белую сімволіку. Рэдакцыя Hrodna.life вывучыла базу, якую выклалі ў сетку «Кіберпартызаны», і вылучыла самыя папулярныя запыты ў гэты орган.
Папулярныя запыты
Найбольш папулярныя некалькі груп зваротаў:
- пытанні пра рэпрэсаваных у 20-м ст. сваякоў – інфармацыя з архіваў,
- пытанні аб працаўладкаванні,
- прапановы супрацоўніцтва,
- спам,
- скаргі на “хітрыя схемы” і махлярства,
- скаргі на сілавыя структуры – у тым ліку на Уладзіміра Клішына, тады — пракурора горада.
Сустракаюцца таксама падзячныя лісты – як КДБ, так і Аляксандру Лукашэнку.
“Паважаны Аляксандр Рыгоравіч, прыміце самыя цёплыя і шчырыя віншаванні з Днём незалежнасці! Бяспрыкладны гераізм і самаахвяраванне ў барацьбе з нацызмам, прадэманстраваныя ў гады Вялікай Айчыннай вайны, заўсёды будуць служыць годным прыкладам для цяперашніх і будучых пакаленняў», — напісаў Віктар Рудэнка.
Ёсць пагрозы органу і класічныя даносы. Ёсць звароты, напісаныя на беларускай мове.
Прыкладна 250 зваротаў напісалі з 2015 па 2020 год, яшчэ каля 300 — з 2020 па 2023.
Пра што даносілі да 2020 года?
У 2015 годзе папулярнай тэмай быў «Майдан» і стасункі з Расіяй.
“Прашу вас як вышэйшы орган праваахоўнай структуры дапамагчы ў больш хуткім развіцці руху Антымайдан. Абгрунтоўваю тым, што на сённяшні дзень апазіцыя і іншыя засланыя з захаду асобы ўзмоцнена праводзяць агітацыйныя і правакацыйныя дзеянні з мэтай дэстабілізаваць парадак у нашай краіне. Наступствам якіх з’яўляецца паніка насельніцтва, дзяржаўны пераварот, грамадзянская вайна, генацыд. Менавіта тая сітуацыя, якая адбылася ва Украіне. Гэтага дапусціць нельга!!!”- піша Сяргей Мароз у сакавіку 2015 года.
Да канца года падобныя паведамленні перасталі паступаць. Паведамленняў ад тых, хто жыве ў Расіі, даволі шмат — гэта людзі, якія маюць сувязь з Беларуссю ці хочуць даведацца інфармацыю з беларускіх архіваў.
Што яшчэ прасілі праверыць гродзенцы?
У сацсетках прасілі праверыць старонкі на парнаграфію. На начальніка аднаго з прадпрыемстваў данеслі, бо ён узяў на працу сына. Таксама скардзіліся на секты, псіхолагаў і крышнаітаў.
Кіраўнік аднаго бегавога клуба ў Гродне напісаў, каб растлумачылі прычыну затрымання на мяжы ўдзельніка мерапрыемства. На начальнікаў вайсковых частак даносілі за тое, што тыя вывозяць дызель.
«Я працую ў вайсковай часці 5 733, хачу вам паведаміць, што намеснік камандзіра па тыле палкоўнік Краўчук С.У. рэгулярна ў канцы тыдня дае каманду начальніку пункта запраўкі падрыхтаваць пяць каністраў па 30 л дызельнага паліва, пасля чаго яго кіроўца на машыне УАЗ вн 0036 мк-0 вывозіць паліва ў невядомым кірунку, пры вялікім перарасходе паліва ў часці. Такія ж маніпуляцыі здзяйсняюцца з харчаваннем, асабліва на палявых выхадах. Прашу вас дапамагчы вырашыць гэтае пытанне. Дзякуй”, – просіць супрацоўнік.
Жонка напісала, што яе муж, зняволены ў СІЗА, гатовы супрацоўнічаць з КДБ.
“Палітычныя” даносы
Першы данос датычна выбараў з’явіўся за год да іх – пра чаты “ProtestBY”.
“У дачыненні да Рэспублікі Беларусь вядзецца мэтанакіраваная праца пад добрапрыстойнымі падставамі па экалогіі і прыродзе, рэгулярна праходзяць трэнінгі і навучанне па працы ў сацыяльных сетках, па каардынацыі дзеянняў і іншае ! Спадзяюся вы ведаеце, што рабіць з гэтай інфармацыяй, не павінна адбыцца так як ва Украіне. Заходнія партнёры шукаюць ідэйных небарак, за печыва і 20 еўра і абецанкі іх выкарыстоўваюць у сваіх мэтах”, – пісаў пільны грамадзянін.
На сайт s13.ru паскардзіўся карыстальнік, якога заблакавалі. Актывіст Мікалай Салянік праз зварот у КДБ заклікаў Лукашэнку сысці і не балатавацца ў прэзідэнты. Неабыякавы грамадзянін распавядаў, хто адмініструе пратэстныя каналы. Хтосьці скардзіўся на “антыўрадавы кантэкст” у пабліку “Типичный Гродно”.
Адзін гродзенец паспрабаваў даць даручальніцтва для вызвалення Віктара Бабарыкі з-пад варты. Іншы – заданаціць сям’і загінулага супрацоўніка КДБ Дзмітрыя Федасюка, якое дало старт «справе Зельцара».

“Загадваю аддаць Гродна палякам”
Дзмітрый Калеснік паскардзіўся на бар “Крафт”, у якім былі людзі з бел-чырвона-белым сцягам. Таксама гродзенцы спрабавалі выкрыць некаторых людзей у вырабе сімволікі і ўдзеле ў пратэстах. Напрыклад, на айца Паўла Каспяровіча паскардзіліся за тое, што ў яго нібыта нельга спавядацца на рускай мове.
Падчас пратэстаў на email КДБ пісалі і пагрозы – “партызаны” і нейкі “Лука Мудзішчаў”. Маўляў, яны ўсіх ведаюць. Ёсць і відавочна жартаўлівыя паведамленні. Ліст ад “Аляксандра Лукашэнкі” са словамі “Загадваю аддаць Гродна палякам”.
Украінец спрабаваў разабраць, чаму яго не ўпусцілі ў Беларусь, а былы вайсковец — чаму яму забаранілі выезд. Былыя памежнікі скардзіліся на нізкія пенсіі. Выкладчыкі ГрДу ім. Янкі Купалы і ГрДМУ скардзіліся на калег і такім чынам, падобна, вырашыць кар’ерныя пытанні. “Ходзяць чуткі, што яе завербавалі падчас яе стажыроўкі ў Польшчы ў 2019 годзе. Яна носіць бэйджык у колерах экстрэмісцкага сцяга “бчб)”, – пісала выкладчыца.

Хто-галоўны даносчык Гродна?
Ёсць гродзенец, які напісаў пяць даносаў – больш, чым Бондарава. Гэта нейкі Алег Чабатарэвіч. У Гродне ёсць такі бізнесмен – але, магчыма, гэта цёзка. Яго пошта, з якой адпраўлялі паведамленні ў КДБ, у сеціве не знаходзіцца. Скардзіўся Алег на паблікі ў сацсетках, персаналіі і сайты.
«У сетцы інтэрнэт я ўбачыў групу ВКонтакте пад назвай: #ПЛОШЧА vk.com/ploshcha. У гэтай суполцы я прагледзеў два фотаальбомы пад назвай “тэхнічны альбом-1” vk.com/album-22 639 447_127020423 і “тэхнічны альбом-2” vk.com/album-22 639 447_130899741. У гэтых групах, сярод іншага, наўмысна размешчаныя выявы (прыкладаю да гэтага ліста адпаведныя фота і спасылкі на іх), якія, на маю думку, распальваюць расавую, нацыянальную, рэлігійную альбо іншую сацыяльную варожасць або варажнечу, рэабілітацыю нацызму», — піша Алег.
Чытайце таксама:



