Дом 42, за ім неіснуючы паварот ад Ажэшкі да былых казармаў на Гарадніцы
Адкуль узяліся і куды зніклі характэрныя дамкі з вуліцы Ажэшкі, якіх раней было ажно 20, а цяпер застаўся толькі адзін? Расказваем, што згубіла тызенгаўзаўскую забудову, якую не закранула ніводная вайна.
Забудове былой каралеўскай вёскі Гарадніца, якую хацеў пераўтварыць у «Квітнеючую Галандыю на Нёмане» стараста Антоній Тызенгаўз, моцна не пашанцавала. З 40 будынкаў, узведзеных у другой палове 18 ст., ацалела не больш дзясятка. Асабліва пашчыравалі над 200-гадовымі будынкамі савецкія партыйныя і мясцовыя граданачальнікі, якія за 20 гадоў з 1960 па 1980 гады ўмудрыліся зруйнаваць абедзве кармчы «Раскоша» і «Галеча», некалькі ацалелых лямусаў-складоў, рэшткі млыноў у даліне Гараднічанкі, старую эканамічную кантору, тызенгаўзаўскія кузні і аж дзевяць старых домікаў замежных майстроў з прыгожымі цаглянымі фасадамі.
Гарадніца Антонія Тызенгаўза была горадам у горадзе. Тут знаходзіліся мануфактуры, склады, стайні, адміністрацыйныя будынкі, млыны, казармы для жаўнераў, а таксама жытло для замежных майстроў (немцаў і французаў) з усёй неабходнай інфраструктурай — домам малітвы, тракцірам, карчмой, першай у гісторыі Гродна кавярняй.
У міжваенныя гады ўсе гэтыя дамы, як і большасць тызенгаўзаўскіх будынкаў, былі ўзятыя пад ахову. Прыйшла савецкая эпоха і толькі спецыялісты па архітэктуры з Масквы і Ленінграда Ягораў і Квітніцкая катэгарычна заклікалі гарадскія ўлады захаваць цікавую забудову горада. Алена Квітніцкая нават прысвяціла Тызенгаўзаўскай забудове некалькі артыкулаў у навуковых часопісах.
Гарадніцу згубілі не войны, а найперш вялікія «нафтавыя» грошы, якія СССР пачаў зарабляць у 1960−70-х гг. Грошай было шмат і мясцовыя архітэктары, якія цікавіліся не столькі спадчынай Гродна, колькі ўласнымі ганарарамі, запоўнілі цэнтр горада сваімі архітэктурнымі «шэдэўрамі», напрыклад домам з крамай «Башмачок» або хрушчоўкай, дзе да нядаўняга часу размяшчался крама «Маскоўская».
Разуменне страчанага пачало прыходзіць досыць хутка. Ужо ў сярэдзіне 1980-х гг. пра ахову Гарадніцы пачалі гаварыць на рэспубліканскім узроўні. Але да таго часу ад 10 існаваўшых у 1960-х г. тызенгаўзаўскіх дамкоў застаўся толькі адзін.
Сёння кожны жадаючы пабачыць, як жылі майстры 18 ст. у сваіх дамках, павінен зайсці ў Музей гісторыі Гарадніцы на Ажэшкі, 37, паглядзець рупліва адноўленыя інтэр'еры і пасумаваць аб страчанай забудове гэтага цудоўнага раёна горада. Што праўда, аднавіць некаторыя домікі майстроў пры адпаведным жаданні гарадскога начальства было б не асабліва цяжка. Месцы некаторых з іх, як бачым, засталіся пустыя.
“Каб цябе пярун забіў!” - адзін з найбольш вядомых беларускіх праклёнаў. У 1934 і 1935…
З надыходам цяпла ў заходніх рэгіёнах Беларусі - Гродзенскай і Брэсцкай абласцях - сталі з'яўляцца…
Змяшаць два знаёмыя спосабы афарбоўкі яек і атрымаць аліўкавы колер, знайсці спосаб з дапамогай хімічнай…
Яніна Міхайлаўна Земба нарадзілася ў Гродне ў 1934 годзе. Падчас нямецкай акупацыі яе маму вывезлі…
«Еўрасаюз нам не патрэбен!» Гэты наратыў папулярны не толькі ў беларускай прапаганды, але і ў…
У пошуках лепшага жыцця тысячы людзей выязджалі з беларускіх зямель больш за сто год таму.…