Адкуль узяліся і куды зніклі характэрныя дамкі з вуліцы Ажэшкі, якіх раней было ажно 20, а цяпер застаўся толькі адзін? Расказваем, што згубіла тызенгаўзаўскую забудову, якую не закранула ніводная вайна.

Забудове былой каралеўскай вёскі Гарадніца, якую хацеў пераўтварыць у «Квітнеючую Галандыю на Нёмане» стараста Антоній Тызенгаўз, моцна не пашанцавала. З 40 будынкаў, узведзеных у другой палове 18 ст., ацалела не больш дзясятка. Асабліва пашчыравалі над 200-гадовымі будынкамі савецкія партыйныя і мясцовыя граданачальнікі, якія за 20 гадоў з 1960 па 1980 гады ўмудрыліся зруйнаваць абедзве кармчы «Раскоша» і «Галеча», некалькі ацалелых лямусаў-складоў, рэшткі млыноў у даліне Гараднічанкі, старую эканамічную кантору, тызенгаўзаўскія кузні і аж дзевяць старых домікаў замежных майстроў з прыгожымі цаглянымі фасадамі.

Як выглядалі дамкі майстроў на вуліцы Ажэшкі, якія знішчылі вялікія грошы
Самая першая выява домікаў майстроў на плане Тодта канца 18 стагоддзя.

Усе дамкі перажылі сусветныя войны

Гарадніца Антонія Тызенгаўза была горадам у горадзе. Тут знаходзіліся мануфактуры, склады, стайні, адміністрацыйныя будынкі, млыны, казармы для жаўнераў, а таксама жытло для замежных майстроў (немцаў і французаў) з усёй неабходнай інфраструктурай — домам малітвы, тракцірам, карчмой, першай у гісторыі Гродна кавярняй.

Як выглядалі дамкі майстроў на вуліцы Ажэшкі, якія знішчылі вялікія грошы
Самы стары здымак дамоў майстроў з артыкула Юзафа Ядкоўскага яшчэ перад Першай сусветнай вайной. Гэта няцотны бок вуліцы, там дзе была крама Маскоўская.
У адрозненне ад мясцовых прыгонных сялян, якія працавалі на мануфактурах як некваліфікаваная сіла і жылі невядома дзе, майстры былі расселеныя Тызенгаўзам у зручных доміках, якіх уздоўж сучаснай вуліцы Ажэшкі было пабудавана 20.
Як выглядалі дамкі майстроў на вуліцы Ажэшкі, якія знішчылі вялікія грошы
На гэтым фота часоў Першай сусветнай вайны можна добра разгледзець, дзе знаходзіліся домікі майстроў
Да пачатку 20 ст. з гэтых 20 домікаў засталіся 10. Усе яны перажылі і першую і другую сусветную войны. Пяць з іх размяшчаліся на цотным баку вуліцы. Адзін домік стаяў адразу за былым Домам Афіцэраў, пасля ішла доўгая двухпавярховая камяніца, а за ёй аж чатыры дамы, якія заканчваліся паваротам з Ажэшкі на неіснуючую цяпер вуліцу Ліёнскую.
Як выглядалі дамкі майстроў на вуліцы Ажэшкі, якія знішчылі вялікія грошы
Чорным паказаныя домікі, якія існавалі на 1930-я гг. Чамусці не паказаны чорным дом 32
З няцотнага боку дамкі пачыналіся адразу за Свята-Пакроўскім саборам і за чацвертым домам ішоў разрыў на будынак з цяперашняй кавярняй «Кава Саўнд» і пасля ішоў захаваны дасюль домік, дзе цяпер знаходзіцца музей.

Замест даўніны — савецкія «шэдэўры»

У міжваенныя гады ўсе гэтыя дамы, як і большасць тызенгаўзаўскіх будынкаў, былі ўзятыя пад ахову. Прыйшла савецкая эпоха і толькі спецыялісты па архітэктуры з Масквы і Ленінграда Ягораў і Квітніцкая катэгарычна заклікалі гарадскія ўлады захаваць цікавую забудову горада. Алена Квітніцкая нават прысвяціла Тызенгаўзаўскай забудове некалькі артыкулаў у навуковых часопісах.

Гарадніцу згубілі не войны, а найперш вялікія «нафтавыя» грошы, якія СССР пачаў зарабляць у 1960−70-х гг. Грошай было шмат і мясцовыя архітэктары, якія цікавіліся не столькі спадчынай Гродна, колькі ўласнымі ганарарамі, запоўнілі цэнтр горада сваімі архітэктурнымі «шэдэўрамі», напрыклад домам з крамай «Башмачок» або хрушчоўкай, дзе да нядаўняга часу размяшчался крама «Маскоўская».

Аднавіць — не надта цяжка

Разуменне страчанага пачало прыходзіць досыць хутка. Ужо ў сярэдзіне 1980-х гг. пра ахову Гарадніцы пачалі гаварыць на рэспубліканскім узроўні. Але да таго часу ад 10 існаваўшых у 1960-х г. тызенгаўзаўскіх дамкоў застаўся толькі адзін.

Сёння кожны жадаючы пабачыць, як жылі майстры 18 ст. у сваіх дамках, павінен зайсці ў Музей гісторыі Гарадніцы на Ажэшкі, 37, паглядзець рупліва адноўленыя інтэр'еры і пасумаваць аб страчанай забудове гэтага цудоўнага раёна горада. Што праўда, аднавіць некаторыя домікі майстроў пры адпаведным жаданні гарадскога начальства было б не асабліва цяжка. Месцы некаторых з іх, як бачым, засталіся пустыя.