Золата, эмаль і след Сафіі Мінскай: як грузінскі ювелір зрабіў для беларусаў рэпліку крыжа з дацкага музея

Маленькі залаты крыж з’яўляўся на стале Іліі Чакветадзэ паступова. Асноўная праца ішла вечарамі: Ілія вяртаўся дадому пасля сваіх спраў, сядаў за стол і працягваў збіраць выраб — фрагмент за фрагментам. Так на працоўным месцы Іліі побач з лямпай, інструментамі, кавалкамі тонкага залатога дроту і драбнюткімі абрэзкамі металу, з’явілася рэпліка старадаўняга крыжа. У Даніі яго называюць крыжам Дагмар і захоўваюць у Нацыянальным музеі ў Капенгагене. Але навуковая гіпотэза звязвае яго з Сафіяй Мінскай — дачкой мінскага князя Валадара Глебавіча, якая ў XII стагоддзі стала жонкай дацкага караля Вальдэмара I.

Ідэю зрабіць рэпліку прапанавала Марыя Грыц — беларуска, якая жыве ў Польшчы. У 2024 годзе яна ўпершыню ўбачыла арыгінальны крыж у Капенгагене. Яна чакала ўбачыць яркую каштоўнасць з золатам і каляровай эмаллю, але перад ёй аказаўся невялікі пацямнелы прадмет, якому амаль 1000 гадоў і якога не пашкадаваў час.

«Ён уражвае сваёй гісторыяй, але не сваім знешнім выглядам. Я думала, што ювелірны выраб — гэта штосьці бліскучае, прыгожае, рознакаляровае. А ён проста ёсць. І тады я падумала, што было б класна пабачыць яго такім, якім ён быў першапачаткова», — расказвала Марыя.

Hrodna.life далучаецца да “пірацкай экспедыцыі” па крыж Сафіі Мінскай, якую арганізуе Марыя Грыц у жніўні 2026. У межах падрыхтоўкі да экспедыцыі, спецыяльны карэспандэнт Hrodna.life у Грузіі даведаўся, як стваралася копія рэліквіі, якая аб’ядноўвае Беларусь і Скандынавію.

Убачыць крыж такім, якім яго бачылі ў Сярэднявеччы

Пасля паездкі ў Данію Марыя пачала вывучаць гісторыю крыжа і ўжо створаныя рэплікі. Яе зацікавіў не толькі сам прадмет, але і тэхналогія: як майстры сотні гадоў таму маглі ствараць настолькі дробныя выявы з золата і каляровай эмалі без сучасных інструментаў.

Так узнікла ідэя зрабіць новую ювелірную рэпліку — не музейную копію для вітрыны, а прадмет, праз які можна расказваць пра Сафію Мінскую, сувязі беларускіх земляў з Паўночнай Еўропай і сярэднявечнае ювелірнае мастацтва.

Паводле задумы Марыі, арыгінал канешне ж застаецца ў Капенгагене, а рэпліка павінна стаць даступнай беларускай аўдыторыі: спачатку ў Музеі Вольнай Беларусі ў Варшаве, а затым на выставах і выязных імпрэзах.

Але шлях ад ідэі да працы майстра аказаўся няпростым. Спачатку Марыі параілі майстра з Беларусі. Ён ацаніў выраб рэплікі ў 12 тысяч еўра.

«Для мяне гэта былі абсалютна непад’ёмныя грошы, хоць я была гатовая шукаць і такую суму», — кажа Марыя. Каб зрабіць рэпліку, яна вырашыла распачаць збор сродкаў: праект павінен быў стаць не асабістым заказам, а агульнай справай людзей, якім важная беларуская гісторыя.

Пазней яна пазнаёмілася з іншымі спецыялістамі і прыйшла да высновы, што першы названы кошт быў значна вышэйшы за рэальны кошт такой працы. У выніку праект нечакана прывёў яе ў Грузію — краіну, дзе традыцыя перагародкавай эмалі не знікла і па-ранейшаму застаецца часткай жывога рамяства.

Марыя Грыц, ініцыятарка праекта па стварэнні копіі крыжа Сафіі Мінскай. Фота з сацсетак Марыі
Марыя Грыц, ініцыятарка праекта па стварэнні копіі крыжа Сафіі Мінскай. Фота з сацсетак Марыі

«У Грузіі жывая гэтая традыцыя перагародкавай эмалі. Калі ў Еўропе ўжо няпроста знайсці такога майстра, асабліва таго, у каго набітая рука, хто даўно і шмат працуе, то ў Грузіі гэтая традыцыя жыве», — тлумачыць Марыя.

Як беларуская гісторыя дайшла да грузінскага майстра

Сувязным звяном стала беларуска, якая пераехала ў Грузію і вырашыла вучыцца ювелірнай справе. Яе імя Марыя просіць не называць: нават за мяжой многія беларусы па-ранейшаму асцярожна ставяцца да публічнасці.

Яе настаўнікам быў Ілія Чакветадзэ. Пачуўшы гісторыю крыжа, ён зацікавіўся праектам.

«Калі мы пазнаёміліся, ён ужо быў гатовы пачынаць працу яшчэ да таго, як збор быў закрыты, — расказвае Марыя. — А пасля закрыцця збору сказаў, што даробіць крыж, і толькі калі я атрымаю гатовы выраб, змагу перавесці яму сабраныя грошы. Для мяне гэта было вельмі кранальна: чалавек настолькі даверыўся праекту».

Для Марыі гісторыя знаёмства з Іліёй стала яшчэ адным прыкладам таго, што яна называе неверагоднай беларускай салідарнасцю. Вакол ідэі паступова з’яўляліся людзі, якія дапамагалі не дзеля аплаты ці публічнасці, а таму, што лічылі гэты праект агульнай справай.

«Цягам гэтага праекта я не перастаю дзівіцца гэтай неверагоднай беларускай салідарнасці. Людзі падлучаюцца дзеля ідэі і ўкладаюць свае высілкі, свой час — за шчыры дзякуй», — кажа Марыя.

У цені крыжа Еўфрасінні Полацкай

Збор сродкаў пачаўся ўвосень 2025 года. У нейкі момант Марыя спыніла яго больш чым на месяц: пасля вызвалення групы беларускіх палітвязняў ёй падалося няправільным прасіць у людзей грошы на культурны праект, калі людзям была патрэбная тэрміновая дапамога.

Пазней збор аднавілі. Калі да неабходнай сумы заставалася сабраць 700 еўра, праект падтрымала беларуская мецэнацкая арганізацыя «Мальдзіс»: адзін з яе мецэнатаў прафінансаваў суму, якой не хапала.

Усяго Марыя атрымала 66 ахвяраванняў. Больш за палову ахвярадаўцаў вырашылі застацца ананімнымі. Яна хацела б захаваць іх удзел хаця б у выглядзе псеўданімаў ці ўмоўных подпісаў у будучай кнізе мецэнатаў крыжа.

«Мне важна паказаць, што гэта і іх крыж таксама», — кажа Марыя.

Сам збор ішоў няпроста: пра крыж Сафіі Мінскай ведаюць значна менш, чым пра крыж Еўфрасінні Полацкай. Для Марыі гэта яшчэ адно пацвярджэнне таго, што праект патрэбны не толькі дзеля самой рэплікі, але і дзеля размовы пра часткі беларускай гісторыі, якія пакуль застаюцца малавядомымі.

«Мы мала ведаем пра ролю жанчыны ў гісторыі. Мы мала ведаем пра сувязі Беларусі і скандынаўскіх краін. Мы ведаем Еўфрасінню і, у лепшым выпадку, Рагнеду. А апроч іх, напэўна, мала каго яшчэ можам назваць з ранняга Сярэднявечча», — кажа Марыя.

«Выклік мастацтву і выклік самому сабе»

Для Іліі Чакветадзэ гэты заказ аказаўся незвычайным не толькі праз паходжанне прадмета. Ювелір кажа, што яго прывабіла сама складанасць працы.

Ілія Чакветадзэ. Фота: Hrodna.life
Ілія Чакветадзэ. Фота: Hrodna.life

«Я заўсёды шукаю цяжкія шляхі. Мне патлумачылі, што беларусы хочуць аднавіць гэтую рэліквію. Атрымліваецца, тут і магчымасць дапамагчы людзям, і мой уласны інтарэс: зраблю я гэта ці не зраблю», — кажа майстар.

Ён называе працу над крыжам «выклікам мастацтву і выклікам самому сабе». Ілія прызнаецца: яму цікавыя заказы, у якіх яшчэ невядома, ці атрымаецца давесці выраб да выніку. Паўтараць ужо асвоеную працу яму было б значна менш цікава.

Перагародкавая эмаль яму даўно знаёмая. Раней ён часцей працаваў у гэтай тэхніцы, пасля засяродзіўся на вырабах з брыльянтамі і прыроднымі камянямі. Але калі ўбачыў выяву крыжа, яго ўразіла, наколькі гэты прадмет нагадвае традыцыйную грузінскую эмаль.

«Першы раз, калі мне яго паказалі, я падумаў: які Канстанцінопаль, гэта ж вельмі падобна да грузінскага варыянта. Потым ужо прачытаў гісторыю, але падабенства сапраўды моцнае», — расказвае Ілія.

Для яго ў гэтым ёсць асобны сэнс: праца над прадметам, які звязваюць з Беларуссю і Даніяй, нечакана аказалася блізкай да грузінскай рамеснай традыцыі.

«Мне патлумачылі, што гэта рэліквія для народа Беларусі. Для мяне вялікі гонар, калі грузін можа хоць крыху дапамагчы беларусам і нечым іх парадаваць», — кажа майстар.

Праца сярод залатых абрэзкаў

Звычайна Ілія працуе ў майстэрні, але для крыжа Сафіі Мінскай вылучыў асобнае месца дома. На стале не было нічога лішняга: святло, інструменты і дэталі будучага вырабу.

Спачатку майстар працаваў з золатам. Тонкі дрот трэба было наразаць і выгінаць так, каб атрымаць найдрабнейшыя перагародкі для выявы. Пасля кожнай падгонкі заставаліся кароткія залатыя абрэзкі — яны паступова збіраліся на працоўным стале. Вось так, сярод залатых апілак, нараджалася новая рэліквія.

Праца прасоўвалася павольна. Часам на фоне быў уключаны тэлевізар з навінамі ці перадачамі, але сам працэс заставаўся амаль бясшумным: рукі, інструмент, золата і маленькі крыж, які паступова набываў форму.

Наступным этапам стала эмаль. Для гэтага Ілія працаваў ужо ў майстэрні: у падрыхтаваныя залатыя ячэйкі трэба было закласці каляровую масу, затым абпаліць выраб у печы і выраўнаваць паверхню.

Менавіта гэты этап майстар лічыць адным з самых рызыкоўных. Эмаль можа даць бурбалкі, змяніць адценне або павесці сябе інакш, чым чакаеш. Памылка здольная сапсаваць ужо зробленую працу.

«Можна ўсё зрабіць правільна, але ў канцы выраб усё адно можа сапсавацца. Эмаль — капрызная рэч», — кажа Ілія.

Ён згадвае і іншы выпадак са сваёй практыкі: нядаўна працаваў над пярсцёнкам з 38 камянямі, але пасля награвання брыльянты нечакана пабялелі. Выраб давялося рабіць нанова.

Цяпер складаная праца завершаная: Ілія зрабіў рэпліку крыжа, з якой Марыя Грыц пачынала гэты праект як з амаль немагчымай ідэяй.

Крыж Дагмары ці крыж Сафіі Мінскай

Арыгінальны крыж, рэпліку якога зрабіў Ілія, Нацыянальны музей Даніі апісвае як візантыйскі залаты крыж-рэлікварый, аздоблены эмаллю, і датуе 1000-мі гадамі. Пры гэтым у музейным каталогу адзначана, што датаванне прадмета застаецца дыскусійным і ахоплівае перыяд ад XI стагоддзя да прыкладна 1200 года. Гэта быў не проста ювелірны прадмет: унутры падобных крыжоў маглі захоўваць рэліквію — напрыклад, часцінку Крыжа Хрыстова.

Крыж знайшлі ў 1683 годзе ў адной з каралеўскіх магіл у царкве Святога Бенедыкта ў дацкім горадзе Рынгстэдзе. У 1695 годзе прадмет перадалі ў каралеўскую кунсткамеру, і паступова ўзнікла традыцыя звязваць яго з каралевай Дагмарай — жонкай Вальдэмара II, адной з самых вядомых дацкіх каралеў.

Аднак нават Нацыянальны музей Даніі фармулюе гэтую сувязь асцярожна: больш верагодна, што крыж мог належаць Рыхезе, сястры Вальдэмара II. Абедзве магілы былі разбураныя, таму дакладна вызначыць уладальніцу немагчыма.

Беларускі след у гэтай гісторыі з’явіўся дзякуючы іншай гіпотэзе. Былая дырэктарка Нацыянальнага музея Даніі Фрытцэ Ліндаль выказала меркаванне, што крыж мог трапіць у краіну раней — разам з Сафіяй Мінскай, жонкай Вальдэмара I і маці Вальдэмара II.

Гэтую гіпотэзу падрабязна разглядае даследчыца Лізавета Дубінка-Гушча. Яна супастаўляе крыж Дагмары з крыжам Еўфрасінні Полацкай і звяртае ўвагу на падабенства эмалі, колеравай гамы і дэталяў выяў. На яе думку, абодва прадметы маглі паходзіць з блізкага мастацкага асяроддзя або нават быць працамі аднаго майстра.

Гэта не азначае, што крыж дакладна належаў Сафіі Мінскай або быў выраблены на беларускіх землях. Але сама магчымасць такой сувязі змяняе погляд на прадмет: вядомая дацкая рэліквія становіцца часткай размовы пра Полацк і Мінск, дынастычныя шлюбы, перамяшчэнне святыняў і ролю жанчын у гісторыі Сярэднявечча.

Рэпліка як нагода вярнуць гісторыю

Для Марыі Грыц важна не любой цаной даказаць, што крыж належаў менавіта Сафіі, а зрабіць гэтую гісторыю бачнай.

«Гэты крыжык — нагода гаварыць пра вельмі розныя рэчы: пра Сярэднявечча, пра княжацкія і каралеўскія сем’і, пра майстроў, пра ролю жанчын у гісторыі, пра сувязі Беларусі з Еўропай», — кажа яна.

Паводле плана праекта, пасля завяршэння працы рэпліку хочуць прывезці ў Капенгаген у межах культурніцкай экспедыцыі. Адтуль павінен пачацца яе публічны шлях: паказ у Музеі Вольнай Беларусі ў Варшаве, выставы, сустрэчы і выязныя праекты «Лятучага музея». Марыя падкрэслівае, што дэталі яшчэ могуць мяняцца: праект працягвае расці.

Цэнтр гэтага праекта доўгі час знаходзіўся далёка ад музейных залаў і публічных імпрэзаў — за асобным сталом у грузінскай кватэры. Вечарамі Ілія Чакветадзэ сядаў пад лямпай, браў інструмент і працягваў працу. На стале заставаліся залатыя абрэзкі, а побач павольна з’яўляўся прадмет, які цяпер гатовы злучыць гісторыю Сафіі Мінскай, дацкай рэліквіі, грузінскага майстэрства і сучастных беларусаў, якія ўмеюць бескарысліва аддавацца справе, важнай для захавання сваёй ідэнтычнасці.