«Раней я піў каву „шатана“. Каб чорная была, як чорт. Адмыслова для таго прывёз з Венгрыі кававарку ў 1972-м. З яе як вып’еш — мазгі зашкальваюць! А зараз п’ю з малачком», — да кожнага экспаната з новай экспазіцыі гаспадар музея мае гісторыйку ці пабасенку. Дзе з асабістага жыцця, дзе з расповедаў сваякоў альбо знаёмых. Выстава пачала працаваць у апошні тыдзень лютага і будзе экспанаваца месяц. А «як пацяплее» і ў Януша пачне працаваць кавярня, ён абяцае нават гатаваць для абраных гасцей каву ў гістарычных кававарках.

Гісторыйкі пра тытунь пад каву

«Тытуневая фабрыка — таксама частка сямейнай гісторыі, — кажа Януш. — Дзед там быў механікам, яшчэ ў Шарашэўскага. І мама падчас вайны, да замужжа, два гады там працавала».

У юбілейных альбомах гродзенскай «табачкі» экспанаты з калекцыі Паруліса таксама ледзь не праз старонку. На выставе іх можна пабачыць на ўласныя вочы і нават патрымаць у руках.

“Навошта цыгарэты, каб не кава?” Пра шкодныя радасці жыцця раскажа выстава ў музеі Паруліса

Гродзенская фабрыка выпускала нават «Казбек» — разам са знаёмымі познесавецкімі пачкамі «Космаса» ці «Арбіты» паваенны пачак глядзіцца зусім экзатычна. Побач — упакоўка ад яшчэ адных дзіўных цыгарэт Жытомірскай фабрыкі, што некалі выпускалі для хворых на астму. У складзе няма табаку. Паліць прапаноўвалі лісце зёлак, у асноўным блёкату і аўрыяна (валер'яна).

“Навошта цыгарэты, каб не кава?” Пра шкодныя радасці жыцця раскажа выстава ў музеі Паруліса

Хацелася ўсяго паспрабаваць

«Я малым першы раз паспрабаваў курыць, гадоў у сем-восем, — распачынае Януш новую гісторыйку. — Нейкае лісце збіралі з хлопцамі і „цягалі“, каб ніхто не бачыў. Але неяк да мяне гэта не прыстала. Заядлым курыльшчыкам так і не стаў. Хіба толькі пад каву. І дзед, хоць працаваў на „табачцы“, таксама не курыў. Ужо як быў мараком, то пачаў паліць. Бо што гэта за марак, калі без люлькі».

“Навошта цыгарэты, каб не кава?” Пра шкодныя радасці жыцця раскажа выстава ў музеі Паруліса

З марскіх часоў засталіся ў калекцыі і першыя Янушавы сігары. Дакладней, пачак ад іх. «Купіў за пяць долараў у Нарвегіі ў 60-м, на першую марацкую зарплату. Усяго хацелася паспрабаваць!»

“Навошта цыгарэты, каб не кава?” Пра шкодныя радасці жыцця раскажа выстава ў музеі Паруліса

Пабач з цыгарэтамі ў экспазіцыі цэлая калекцыя запальнічак. «Як пачаў перабіраць, набралася цэлая куча, — па-просту тлумачыць Януш. На падлік у «кучы» аказалася каля паўсотні запалінічак. Адны тыповыя завадскія, іншыя — самаробныя, з гільзаў.

“Навошта цыгарэты, каб не кава?” Пра шкодныя радасці жыцця раскажа выстава ў музеі Паруліса

Кава на спірце? Шанец ёсць

«Што мы тут яшчэ бачым? Кафейнік. Прычым старэнькі. А гэта — кававарка цудная. Сталінскіх часоў шэдэўр, а працуе, як новая. Буду ў ёй для гасцей варыць каву, як пацяплее і адкрыецца кавярня».

“Навошта цыгарэты, каб не кава?” Пра шкодныя радасці жыцця раскажа выстава ў музеі Паруліса

Па словах Януша, калі госці захочуць пакаштаваць кавы з гістарычнага посуду, то ён гатовы задаволіць прапанову. Праўда, папярэджвае, што каштаваць тое будзе «даволі дорага», бо трэба ашчаджаць старыя прылады. «Але калі хто захоча, то звару».

Самая старая кававарка ў калекцыі мае каля 120 гадоў і працуе на спірце. Цікава, ці будуць зараз ахвотныя спаліць спірт, каб папіць кавы?

Кава, да кавы і… Касцюшка

Януш вяртаецца да тэмы прыстасаванняў для курэння і паказвае калекцыі партсігараў і попельніц. «Вось тут ёсць БАМ, тут канек-гарбунёк, тут дзяўчына, тут сабачка… Прыгожы сабачка, да майго падобны. Вось гэту я з Венгрыі ў 72-м прывёз, гэту, з каменнага вугалю, з Сілезіі. Але самая цікавая вось гэта — з Касцюшкам. Касцюшка так і Касцюшка так, — Януш круціць у руках і пераварочкае барэльефны партрэт-папяльнічку. — Як ні круці, усё Касцюшка!»

Далей вочы ізноўку разбягаюцца — тут і сервіз з адмысловай керамікі - «каменкі», і «пасляваенны савецікус, але таксама прыгожы» і падносікі, і кубачкі, і падшклянкі…

“Навошта цыгарэты, каб не кава?” Пра шкодныя радасці жыцця раскажа выстава ў музеі Паруліса

Замест кропкі

«Чакай, не ўсё яшчэ паказаў!» — смяецца Януш. Кропку ў гісторыі шкодных радасцяў жыцця паставіць не так проста. Хіба толькі гэта будзе «радыёкропка» з кавава-тытунёвай экспазіцыі. Але радыё — гэта ўжо зусім іншая гісторыя.

“Навошта цыгарэты, каб не кава?” Пра шкодныя радасці жыцця раскажа выстава ў музеі Паруліса