На жаль, тое, што «атам мірным не бывае», стала як ніколі актуальным з 24 лютага, — кажа Ірына Сухій, сябра Рады Экадома. Яна згадвае захоп Чарнобыльскай АЭС і абстрэл Запарожскай АЭС, як верагодныя крыніцы радыяцыйнай небяспекі. «Тое, што кожны з нас можа зрабіць цяпер-гэта прачытаць, як дзейнічаць пры ядзернай аварыі або выбуху. Спадзяемся, гэтая памятка нікому не спатрэбіцца, але, як гаворыцца, веданне-сіла», — адзначае экспертка. Па матэрыялах арганізацыі «Экадом» Hrodna.life падрыхтаваў карткі з адказамі на самыя актуальныя пытанні аб пагрозах радыяцыі і сродках абароны ад яе.
1. Сур’ёзна? У нас можа з’явіцца радыяцыя?
Каротка: Так.
Ад пачатку вайны ва Украіне ўзрасла пагроза выкарыстання Расіяй ядзернай зброі. Іншай крыніцай небяспекі сталі атамныя станцыі ва Украіне. Паблізу іх вядуцца баявыя дзеянні - магчымы пажары, пашкоджанні сістэм абароны або сховішчаў радыеактыўных адкідаў.
2. Ці можна неяк падрыхтавацца да магчымай небяспекі?
Каротка: Так.
Зрабіце запас ежы, вады, медыкаментаў і сродкаў гігіены мінімум на трое сутак. З прадуктаў папасуюць кансервы, сухое печыва, кашы або макароны хуткага прыгатавання, яблыкі. Калі ўвесь час прымаеце нейкія лекі, пакладзеце іх у аптэчку першай дапамогі. На выпадак эвакуацыі збярыце разам неабходныя асабістыя дакументы.
Чытайце таксама: Как гродненцам найти бомбоубежища, если они засекречены
3. Як я даведаюся пра ядзерную аварыю ?
Каротка: Будзе сірэна.
Сачыце за паведамленнямі ў інтэрнэце, па радыё і тэлебачанні.
4. Ці трэба схавацца ад радыяцыі?
Каротка: Так.
Лепш за ўсё схавацца ў падвале дома або ў склепе. Не забудзьцеся ўзяць з сабой у сховішча хатніх гадаванцаў. Для мінімізацыі ўплыву радыяцыі на арганізм будзьце гатовыя не выходзіць з хованкі цягам трох сутак або да тых часоў, пакуль не атрымаеце іншыя ўказанні.
5. А што, калі няма падвала?
Каротка: Зачыніць усе, што можна
Лепш знаходзіцца ў цэнтры будынка, падалей ад знешніх сценаў або гарышча. Гэта больш бяспечна ў выпадку пашкоджання канструкцый дома. Абавязкова зачыніце ўсе вокны, дзверы, фортачкі, дымаадвод, вентыляцыйныя каналы і іншыя шчыліны. Выключыце ўсе вентыляцыйныя і ацяпляльныя сістэмы, якія выкарыстоўваюць паветра з вуліцы: разам з ім у памяшканне трапляюць радыеактыўныя ізатопы.
6. А калі я на дварэ?
Каротка: Абараніць адкрытыя ўчасткі цела.
Найлепшае — зайсці ў памяшканне з непашкоджанымі вокнамі і сценамі. Калі гэта немагчыма, трэба пакласціся тварам уніз, нагамі ў бок выбуху. Адкрытыя ўчасткі цела трэба накрыць адзеннем.
7. Калі радыёактыўны фон павышаны, ці варта нешта рабіць?
Каротка: Так.
Каб абараніць органы дыхання, трэба выкарыстоўваць аднаразовыя рэспіратары. Калі іх няма, то медыцынскія маскі або самаробныя павязкі з тканіны і ваты. Яны прапускаюць паветра, але затрымліваюць пыл. Варта таксама выкарыстоўваць поліэтыленавыя плашчы-дажджавікі. Яны абараняюць вопратку ад забруджвання радыеактыўнымі рэчывамі.
Чытайце таксама: Што будзе, калі на Гродна ўпадзе атамная бомба
8. Чуў, што трэба прымаць ёд. Гэта так?
Каротка: Так. Каб абараніць шчытавідку
Ёдавая абарона патрэбна для захавання шчытападобнай залозы. У звычайным жыцці для выпрацоўкі гармонаў шчытавідка выкарыстоўвае ёд, які цыркулюе ў крыві. Але калі мы ўдыхаем або спажываем з вадой і ежай радыеактыўны нестабільны ізатоп ёду, шчытавідка выбірае менавіта яго. У арганізме нестабільны ёд распадаецца і апраменьвае органы знутры. Гэта можа стаць прычынай ракавых захворванняў. Таму пры ўцечках радыяцыі шчытавідку трэба «перагрузіць» стабільным ёдам.
9. Які ёд лепш ужываць?
Каротка: Калію ёдыд і водныя або водна-спіртавыя растворы ёду
Калію ёдыд ў аптэках Беларусі не прадаецца. Такія таблеткі грамадзянскаму насельніцтву выдаюць толькі пры ядзерных аварыях. Ёдамарын і падобныя прэпараты для абароны шчытападобнай залозы не прымяняюцца. Можна купіць звычайны ёд (спіртавы або водны раствор) і наносіць на скуру ў выглядзе сеткі
10. Колькі ёду патрэбна для сеткі?
Каротка: Залежыць ад узросту
Дарослым і падлеткам старэйшым за 14 гадоў ёдавая сетка наносіцца з разліку 40−44 кроплі 5% настойкі ёду на скуру перадплечча або галёнкі. Максімальная працягласць прымянення — 10 дзён.
Дзецям ад 5 да 14 гадоў ёдавая сетка наносіцца з разліку 20−22 кроплі 5% настойкі ёду на скуру перадплечча або галёнкі. Максімальная працягласць прымянення — 10 дзён.
Дзецям да 5 гадоў: ёдавая сетка наносіцца з разліку 20−22 кроплі 5% настойкі ёду на скуру перадплечча або галёнкі. Максімальная працягласць прымянення — 2 дня.
Нованароджаным — не ўжываецца, калі абарона праведзена для маці.
11. А можа трэба загадзя прымаць ёд і рабіць сетку?
Каротка: Не.
Без спецыяльных указанняў не варта прымаць калія ёдыд і рабіць ёдавую сетку. Гэта павышае нагрузку на шчытападобную залозу. Сачыце за навінамі і рэкамендацыямі лекараў.
Публікацыя падрыхтавана па матэрыялах арганізацыі «Экадом». Тут можна спампаваць улётку з гэтай інфармацыяй, раздрукаваць і павесіць у сваім пад’ездзе.
Адсочваць радыеактыўную абстаноўку ў Беларусі і Украіне можна на сайце.