У лістападзе 1930 года Гродна наведаў выканаўца рэлігійных яўрэйскіх песен Томас ЛаРу. Музыка завітаў у Гродна падчас гастроляў у Старым свеце. MOST даведаўся, хто гэта і чаму яго называлі «Чорным кантарам».
Томас ЛаРу — кантар [выканаўца яўрэйскіх рэлігійных песень — Hrodna.life] з ЗША. У міжваенныя часы ён атрымаў папулярнасць як адзіны чарнаскуры кантар. У 1920-я гады амерыканскія драматургі і дырэктары тэатраў запрашалі яго ўдзельнічаць у тэатральных пастаноўках. Такссама выканаўца выступаў у вядомых нью-ёркскіх вадэвілях у яўрэйскіх кварталах і прымаў удзел у эфірах на радыё.
Як музыка патрапіў у Гродна
У 1930 годзе шоўмэн Эдзі Рэлькін арганізаваў для Томаса ЛаРу гастролі. Музыка стварыў праграму, якая была разлічана на краіны з вялікай колькасцю яўрэйскага насельніцтва — Палестыну, Германію, Польшчу.
Першым і апошнім горадам гастролей была Варшава. Сярод іншых польскіх гарадоў музыка запланаваў канцэрты ў Лодзі, Беластоку і Гродне.
У артыста было некалькі псеўданімаў. Напрыклад — Рэб Тойвэ Ха’Коэн [Рэб — нефармальнае прывітанне скарочанае ад «раббі», што азначае «настаўнік"]. На афішах музыку падпісвалі як Тойвеле. Але самы вядомы псеўданім — «Чорны кантар».
Да прыезду «Чорнага кантара» гродзенцаў рыхтавалі праз газету
Чуткі пра перапоўненыя заліы падчас выступу музыкі ў Берліне дайшлі да Гродна. Гродзенская газета на ідыш Unzer Grodner Expres 20 лістапада 1930 года апублікавала нататку:
«У Гродна прыедзе знакаміты выканаўца гімнаў і народных песень на ідыш Тойвэ Ха’Коэн, вядомы па ўсім свеце як Чорны кантар. Ён электрызаваў увесь горад! Цікавасць да канцэрту агромная, таму што Чорны кантар прыязджае непасрэдна з Берліна».
У Берліне выступы музыкі выклікалі каласальны водгук. Спявак павялічыў колькасць канцэртаў з 3 да 12. Крытыкі з Берліна хвалілі кантара на старонках мясцовых газет. І прыезд выканаўцы ў Гродна выклікаў зацікаўленасць мясцовых жыхароў.
Біяграфію музыкі сабралі з чутак пра яго
Другую нататку пра ЛаРу апублікавалі 22 лістапада ў той жо газеце Unzer Grodner Expres. Там была апісана біяграфія музыкі. Аўтар матэрыяла, верагодна, пераказваў чуткі пра артыста, а магчыма, імкнуўся прыцягнуць увагу чытачоў, таму апісаў біяграфію музыкі так:
«ЛаРу нарадзіўся ў 1902 годзе ў горадзе Эрсэт у Эфіопіі. Яго бацьку звалі Петросі. Ён быў высокім чыноўнікам у абісінскім (эфіопскім) урадзе і вельмі культурным чалавекам. Маці спевака, Алія, памерла, калі той быў яшчэ дзіцём».
У газеце было таксама напісана, што бацька ЛаРу жадаў, каб сын быў паўнавартасным яўрэем, таму адправіў яго вучыцца да равіна ў Нью-Ёрк. У доме равіна хлопчык заставаўся да 14 гадоў, атрымаў рэлігійнае выхаванне і вывучыў некалькі моў.
Таксама аўтар напісаў, што ў Нью-Ёрку была вялікая сінагога, куды ЛаРу прыходзіў маліцца кожную суботу і слухаў спевы кантара. Потым на працягу васьмі гадоў ён спяваў у хоры і ва ўзросце 22 гадоў стаў галоўным кантарам чорнай яўрэйскай абшчыны ў Гарлеме.
Канцэрт адбыўся ў гарадскім тэатры
Трэцюю нататку ў газеце апублікавалі ў дзень канцэрту, 25 лістапада. Матэрыял быў кароткі і толькі праінфармаваў чытаў, што канцэрт «Чорнага кантара» Тойвеле з Амерыкі адбудзецца ў аўторак у 20:30 у гарадскім тэатры. У праграме — рэлігійная музыка і народныя песні.
Пасля Другой сусветнай вайны папулярнасць выканаўцы ўпала
Пасля Другой сусветнай вайны Томас ЛаРу ўжо не быў такі папулярны. Прычына — большасць яго еўрапейскіх слухачоў загінулі падчас Халакосту. Імя артыста магло б стаць цалкам забытым, але амерыканскі гісторык музыкі Генры Сапожнік знайшоў запісы ЛуРу. Таксама ён пераклаў з мовы ідыш артыкулы даваенных газет.
Чытайце таксама: «Друзья, купите папиросы». Як песня яўрэя з Гродна стала вядомая ва ўсім свеце