Спадчына

Падмуркі, статуя і былы рынак. 5 месцаў Варшавы, якія будуць блізкія гродзенцам

Для гродзенцаў Варшава застаецца блізкім замежжам, нават ва ўмовах, калі перасячэнне мяжы стала значна больш складаным. Але ці ведаюць гродзенцы, якія «гродзенскія» месцы можна знайсці ў сталіцы Польшчы або дзе прасочваецца часам невідавочная сувязь паміж двума гарадамі? Hrodna.life пашукаў адказы на гэтыя пытанні. А дапамог нам гатэль Chopin Boutique B&B.

Хрыстос на Кракаўскім прадмесці

Гэта месца Варшавы, дзе найбольш можна сябе адчуць быццам у Гродне. Цёмная бронзавая скульптура Хрыста, які нясе крыж, і надпіс Sursum Corda («угору сэрцы») пад ёй — усё так, быццам бы ты стаіш ля гродзенскага Фарнага касцёла. Але насамрэч гэта варшаўская статуя — арыгінал, а гродзенская — копія.

Першая такая скульптура з’явілася ля Касцёла Святога Крыжа на Кракаўскім прадмесці яшчэ ў 1858 годзе і была выканана з цэменту. Але яна хутка пачала рассыпацца, таму ў 1898 годзе ў Рыме выканалі дакладную копію з бронзы. Яна перажыла Другую сусветную, хаця акупанты спрабавалі вывезці яе, каб пераплавіць, і сёння працягвае стаяць на сваім месцы.

Гродзенскі Хрыстос — копія варшаўскага. Яго паставілі ля Фарнага касцёла ў 1900 годзе. Праўда, наш выкананы з гіпсу і толькі пафарабаваны пад метал. І яшчэ цікавостка — спачатку статую па загадзе царскіх уладаў паставілі… спінаю да плошчы і тварам да турмы! Развярнулі Хрыста тварам да плошчы толькі ў 1925 годзе.

І яшчэ цікавостка: будучы капелан Варшаўскага паўстання ксёндз Віктар Патшэбскі да вайны працаваў у Гродне, а ў часы акупацыі, будучы падпольшчыкам, узяў сабе псеўданім «Corda» — зусім як на надпісе на гродзенскай і варшаўскай статуях. Супадзенне? Наўрад ці.

Камяніцы фірмы Horacy Heller

Гарацы Гелер, які памёр у Варшаве ў 1929 годзе, быў знакамітым міжваенным прадпрымальнікам у сферы дрэваапрацоўкі, вельмі паважаным чалавекам і філантропам. На Гродзеншчыне яго фірма валодала лесам у ваколіцах Шчучына, маёнткам у Іўі, а таксама — з 1933 года — гродзенскім піўзаводам. Этыкеткі з надпісам «Horacy Heller. Browar w Grodnie» дагэтуль можна купіць на анлайн-аўкцыёнах — іх любяць калекцыянеры.

У Варшаве фірма Гелера пабудавала перад самай Другой сусветнай адметную функцыяналістычную камяніцу на вуліцы Karowej, 16. Яе праектаваў знакаміты ў той час архітэктар Эдвард Сулкоўскі.

Але мы б параілі наведаць адну з ранейшых сядзіб фірмы. У 1920−30-я гады Horacy Heller мела галоўны офіс у розных варшаўскіх камяніцах — сярод іх быў дом на Aleje Jerozolimskie, 51 (да вайны — № 45). Камяніца 1904−1905 гадоў гэта выдатны прыклад мадэрну, які ў Польшчы прынята называць сэцэсіяй. Дэкор з выкарыстаннем раслінных элементаў сімвалічны нагадвае прафесію першых уласнікаў камяніцы — братоў Хосараў, якія былі знакамітымі садоўнікамі.

Від з Палаца культуры і навукі на варшаўскія камяніцы на Алеях Ерусалімскіх. Фота: Cybularny, Wikimedia Commons, CC0 1.0 Universal
Варшаўская камяніца Хосараў, дзе была сядзіба фірма «Horacy Heller». Фота: Adrian Grycuk, Wikimedia Commons, CC BY-SA 3.0 PL

Сёння камяніцу варта наведаць таксама дзеля фотапластыкона, які працуе там з 1946 года. Фотапластыкон — гэта такі аўтамат для прагляду стэрэафатаграфій. У варшаўскім фотапластыконе можна паглядзець на віды даваеннай польскай сталіцы.

Гатэль Chopin Boutique

Адчуць сябе заможным гродзенцам 1920−30-х можна ў адным з варшаўскіх гатэляў. І гэта не жарт, бо ў міжваенным Гродне былі ўстановы са сталічным шыкам. Вельмі прыстойным быў гатэль «Еўрапейскі» і кавярня «Еўрапейская». А рэстаран «Royal», паводле вядомага тагачаснага публіцыста і пісьменніка Юзафа Мацкевіча, ствараў «дасканалую ілюзію сталіцы». «Афіцыянты амаль у смокінгах, кожнаму госцю мяняюць абрус», — апісваў варшаўскі шык гродзенскай установы Мацкевіч. У «Royal» можна было паслухаць канцэрты з удзелам былых акцёраў Варшаўскай оперы, секстэт пад кіраўніцтвам скрыпачкі пані Кулікоўскай, досыць вядомыя джазавыя ансамблі.

Адчуць атмасферу старой Варшавы, а разам з ёй і старога Гродна, можна, спыніўшыся ў гатэлі Chopin Boutique B&B (буцік-гатэль «Шапэн») у самым цэнтры польскай сталіцы на вуліцы Smolna, 14. Фішка гатэля — аўтэнтыка і ўнікальнасць кожнага пакоя. Бо ў кожнага з іх — свой дэкор і свая гістарычная асоба, якой ён прысвечаны. Уласнік гатэля захаваў першапачатковую планіроўку даваенных кватэр, таму двух аднолькавых пакояў у гатэлі няма. Драўляныя падлогі, дзверы, вокны, мэбля з эпохі - усё гэта дазволіць зрабіць маленькае падарожжа ў мінулае і Варшавы, і Гродна.

А яшчэ ў Chopin Boutique B&B самі пражаць каву, што таксама ацэняць гродзенцы. Бо вядома, што Гродна — беларуская сталіца кавы ўжо 250 гадоў!

Нацыянальны стадыён

Гэты выбар можа быць нечаканым. І справа не ў тым, як папрыгажэў варшаўскі раён Прага за апошнія гады і якім адметным аб’ектам для польскай сталіцы стаў Нацыянальны стадыён. Многія гродзенцы, асабліва старэйшага пакалення, успомняць яго не як месца спартыўных спаборніцтваў і канцэртаў сусветнавядомых выканаўцаў, а як… рынак!

У 1989 годзе ўжо моцна занядбаны стадыён быў перададзены прыватнікам, якія стварылі тут «Jarmark Europa» — найвялікшы базар ва ўсёй Еўропе. Ён быў знакаміты дзякуючы гандлю пірацкімі відэакасетамі і дыскамі, кантрабанднымі цыгарэтамі і алкаголем, ды іншай нелегальнай прадукцыяй — нават зброяй. Кажуць, там нават можна было заказаць паслугі кілера! Вядома, хапала і звычайнага тавару: перадусім вопраткі, абутку, аксесуараў, касметыкі. Тут працавалі палякі, шмат выхадцаў з былога СССР, туркі, нігерыйцы, в’етнамцы ды іншыя — гэта было самае мультыкультурнае месца Варшавы. Для гродзенскіх прадпрымальнікаў «Jarmark Europa» быў важнай кропкай папаўнення запасаў тавараў. Ды і прыватна гродзенцы любілі заязджаць пашопіцца на стадыён.

Рынак на стадыёне ў 2007 годзе. Фота: masti, Wikimedia Commons, CC BY 3.0
Фота: Piotr VaGla Waglowski, Wikimedia Commons, Public domain
Рынак на стадыёне ў 2007 годзе. Фота: masti, Wikimedia Commons, CC BY 3.0

У 2007 годзе рынак закрылі, а ў 2008 пачалі будаваць на яго месцы новы Нацыянальны стадыён — Польшча разам з Украінай рыхтаваліся праводзіць Еўра-2012. З часу яго адкрыцця гродзенцы не раз прыязджалі сюды ўжо з больш відавочнымі метадамі: глядзець футбол і сусветных рок- і поп-зорак.

Дарэчы, невялікі беларускі след быў і ў пачатковым стадыёне, які пабудавалі ў 1955 годзе. Усе тры архітэктары былі родам з блізкіх нам рэгіёнаў: два з Віцебшчыны і адзін з Падляшша.

Сляды Саксонцаў

Прадстаўнікі саксонскай дынастыі Веттынаў - Аўгуст II і яго сын Аўгуст III — панавалі ў Рэчы Паспалітай з 1697 да 1763 года. Каралі і вялікія князі родам з Дрэздэна істотна паўплывалі на выгляд і Варшавы, і Гродна. Краіна ў пачатку іх панавання яшчэ не забыла пра вялікую вайну са Швецыяй (так званы Патоп), а тут пачалася новая жорсткая вайна — Паўночная.

Але для Варшавы гэта быў час пераўтварэнняў. Пры абодвух Аўгустах паўстала Саксонская Ось — барочны ўрбаністычны праект з вялізным палацам і садам (абодва, што не дзіўна, называліся таксама Саксонскімі). Хаатычныя рэшткі старой сталіцы пераўтварыліся ў роўныя вуліцы еўрапейскай сталіцы Новага часу.

Сёння ад Саксонскай Осі застаўся парк — так званы Ogród Saski, а таксама фрагмент каланады знішчанага Саксонскага палаца — цяпер гэта Магіла невядомага жаўнера. Падмуркі самога палаца зараз раскапаныя — на іх можна паглядзець праз плот. А некаторыя цікавыя археалагічныя знаходкі выстаўленыя побач з раскопам. Пасля раскопак палац плануюць адбудаваць.

Чаму гэта можа быць цікава гродзенцам? Саксонскую Ось праектавалі знакамітыя дрэздэнскія архітэктары Матэўс Даніэль Пёпельман і Ёахім Даніэль Яўх. Яны ж працавалі ў Гродне над праектам Новага замка. А Яўх дадаткова праектаваў палац Сапегаў - той, які ў Гродне традыцыйна называюць «баторыеўкай». Гродна ў часы Веттынаў, канешне, нельга было параўнаць з Варшавай па пампезнасці, але горад, як месца сеймаў Рэчы Паспалітай, таксама перажывала ўздым.

Адшукаць «гродзенскія» месцы ў Варшаве нам дапамагло партнёрства з гатэлем Chopin Boutique B&B.

Падзяліцца

Апошнія запісы

Распісныя шары і снегавікі ручной працы: дзе ў Гродне купіць навагодні дэкор

Да зімовых святаў застаецца крыху больш за месяц - самы час задумацца пра святочны дэкор.…

23 лістапада 2024

Статус — першы крок да захавання. Інструкцыя, як унесці аб’ект у спіс спадчыны

У мястэчку Радашковічы на 6 тыс. чалавек стаіць касцёл, дзе хрысцілі Янку Купалу. У Вілейцы…

22 лістапада 2024

«Пабачыць Гродна — і памерці». Як наш горад стаў міжваеннай «сталіцай самагубцаў»

У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…

21 лістапада 2024

«Нармальны быў гастраном — цяпер там прадаюць шпалеры». Ці хапае крамаў у цэнтры Гродна?

Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…

21 лістапада 2024

Дзе арганізаваць святочную фотасесію? Гродзенскія студыі ўжо падрыхтавалі навагоднія лакацыі

Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…

19 лістапада 2024

«Перад выбарамі - спрыяльны час для петыцый». Як прымусіць чыноўнікаў вырашаць праблемы і чаму новая пляцоўка «меркаванне.бел» для гэтага не пасуе

Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…

15 лістапада 2024