Для гродзенцаў Варшава застаецца блізкім замежжам, нават ва ўмовах, калі перасячэнне мяжы стала значна больш складаным. Але ці ведаюць гродзенцы, якія “гродзенскія” месцы можна знайсці ў сталіцы Польшчы або дзе прасочваецца часам невідавочная сувязь паміж двума гарадамі? Hrodna.life пашукаў адказы на гэтыя пытанні. А дапамог нам гатэль Chopin Boutique B&B.

Хрыстос на Кракаўскім прадмесці

Гэта месца Варшавы, дзе найбольш можна сябе адчуць быццам у Гродне. Цёмная бронзавая скульптура Хрыста, які нясе крыж, і надпіс Sursum Corda (“угору сэрцы”) пад ёй – усё так, быццам бы ты стаіш ля гродзенскага Фарнага касцёла. Але насамрэч гэта варшаўская статуя – арыгінал, а гродзенская – копія.

Першая такая скульптура з’явілася ля Касцёла Святога Крыжа на Кракаўскім прадмесці яшчэ ў 1858 годзе і была выканана з цэменту. Але яна хутка пачала рассыпацца, таму ў 1898 годзе ў Рыме выканалі дакладную копію з бронзы. Яна перажыла Другую сусветную, хаця акупанты спрабавалі вывезці яе, каб пераплавіць, і сёння працягвае стаяць на сваім месцы.

Гродзенскі Хрыстос – копія варшаўскага. Яго паставілі ля Фарнага касцёла ў 1900 годзе. Праўда, наш выкананы з гіпсу і толькі пафарабаваны пад метал. І яшчэ цікавостка – спачатку статую па загадзе царскіх уладаў паставілі… спінаю да плошчы і тварам да турмы! Развярнулі Хрыста тварам да плошчы толькі ў 1925 годзе.

І яшчэ цікавостка: будучы капелан Варшаўскага паўстання ксёндз Віктар Патшэбскі да вайны працаваў у Гродне, а ў часы акупацыі, будучы падпольшчыкам, узяў сабе псеўданім “Corda” – зусім як на надпісе на гродзенскай і варшаўскай статуях. Супадзенне? Наўрад ці.

Камяніцы фірмы Horacy Heller

Гарацы Гелер, які памёр у Варшаве ў 1929 годзе, быў знакамітым міжваенным прадпрымальнікам у сферы дрэваапрацоўкі, вельмі паважаным чалавекам і філантропам. На Гродзеншчыне яго фірма валодала лесам у ваколіцах Шчучына, маёнткам у Іўі, а таксама – з 1933 года – гродзенскім піўзаводам. Этыкеткі з надпісам „Horacy Heller. Browar w Grodnie” дагэтуль можна купіць на анлайн-аўкцыёнах – іх любяць калекцыянеры.

У Варшаве фірма Гелера пабудавала перад самай Другой сусветнай адметную функцыяналістычную камяніцу на вуліцы Karowej, 16. Яе праектаваў знакаміты ў той час архітэктар Эдвард Сулкоўскі.

Але мы б параілі наведаць адну з ранейшых сядзіб фірмы. У 1920-30-я гады Horacy Heller мела галоўны офіс у розных варшаўскіх камяніцах – сярод іх быў дом на Aleje Jerozolimskie, 51 (да вайны – №45). Камяніца 1904-1905 гадоў гэта выдатны прыклад мадэрну, які ў Польшчы прынята называць сэцэсіяй. Дэкор з выкарыстаннем раслінных элементаў сімвалічны нагадвае прафесію першых уласнікаў камяніцы – братоў Хосараў, якія былі знакамітымі садоўнікамі.

Сёння камяніцу варта наведаць таксама дзеля фотапластыкона, які працуе там з 1946 года. Фотапластыкон – гэта такі аўтамат для прагляду стэрэафатаграфій. У варшаўскім фотапластыконе можна паглядзець на віды даваеннай польскай сталіцы.

Гатэль Chopin Boutique

Адчуць сябе заможным гродзенцам 1920-30-х можна ў адным з варшаўскіх гатэляў. І гэта не жарт, бо ў міжваенным Гродне былі ўстановы са сталічным шыкам. Вельмі прыстойным быў гатэль «Еўрапейскі» і кавярня «Еўрапейская». А рэстаран «Royal», паводле вядомага тагачаснага публіцыста і пісьменніка Юзафа Мацкевіча, ствараў «дасканалую ілюзію сталіцы». «Афіцыянты амаль у смокінгах, кожнаму госцю мяняюць абрус», — апісваў варшаўскі шык гродзенскай установы Мацкевіч. У «Royal» можна было паслухаць канцэрты з удзелам былых акцёраў Варшаўскай оперы, секстэт пад кіраўніцтвам скрыпачкі пані Кулікоўскай, досыць вядомыя джазавыя ансамблі.

Адчуць атмасферу старой Варшавы, а разам з ёй і старога Гродна, можна, спыніўшыся ў гатэлі Chopin Boutique B&B (буцік-гатэль «Шапэн») у самым цэнтры польскай сталіцы на вуліцы Smolna, 14. Фішка гатэля – аўтэнтыка і ўнікальнасць кожнага пакоя. Бо ў кожнага з іх – свой дэкор і свая гістарычная асоба, якой ён прысвечаны. Уласнік гатэля захаваў першапачатковую планіроўку даваенных кватэр, таму двух аднолькавых пакояў у гатэлі няма. Драўляныя падлогі, дзверы, вокны, мэбля з эпохі – усё гэта дазволіць зрабіць маленькае падарожжа ў мінулае і Варшавы, і Гродна.

А яшчэ ў Chopin Boutique B&B самі пражаць каву, што таксама ацэняць гродзенцы. Бо вядома, што Гродна – беларуская сталіца кавы ўжо 250 гадоў!

Нацыянальны стадыён

Гэты выбар можа быць нечаканым. І справа не ў тым, як папрыгажэў варшаўскі раён Прага за апошнія гады і якім адметным аб’ектам для польскай сталіцы стаў Нацыянальны стадыён. Многія гродзенцы, асабліва старэйшага пакалення, успомняць яго не як месца спартыўных спаборніцтваў і канцэртаў сусветнавядомых выканаўцаў, а як… рынак!

У 1989 годзе ўжо моцна занядбаны стадыён быў перададзены прыватнікам, якія стварылі тут “Jarmark Europa” – найвялікшы базар ва ўсёй Еўропе. Ён быў знакаміты дзякуючы гандлю пірацкімі відэакасетамі і дыскамі, кантрабанднымі цыгарэтамі і алкаголем, ды іншай нелегальнай прадукцыяй – нават зброяй. Кажуць, там нават можна было заказаць паслугі кілера! Вядома, хапала і звычайнага тавару: перадусім вопраткі, абутку, аксесуараў, касметыкі. Тут працавалі палякі, шмат выхадцаў з былога СССР, туркі, нігерыйцы, в’етнамцы ды іншыя – гэта было самае мультыкультурнае месца Варшавы. Для гродзенскіх прадпрымальнікаў “Jarmark Europa” быў важнай кропкай папаўнення запасаў тавараў. Ды і прыватна гродзенцы любілі заязджаць пашопіцца на стадыён.

У 2007 годзе рынак закрылі, а ў 2008 пачалі будаваць на яго месцы новы Нацыянальны стадыён – Польшча разам з Украінай рыхтаваліся праводзіць Еўра-2012. З часу яго адкрыцця гродзенцы не раз прыязджалі сюды ўжо з больш відавочнымі метадамі: глядзець футбол і сусветных рок- і поп-зорак.

Дарэчы, невялікі беларускі след быў і ў пачатковым стадыёне, які пабудавалі ў 1955 годзе. Усе тры архітэктары былі родам з блізкіх нам рэгіёнаў: два з Віцебшчыны і адзін з Падляшша.

Сляды Саксонцаў

Прадстаўнікі саксонскай дынастыі Веттынаў – Аўгуст II і яго сын Аўгуст III – панавалі ў Рэчы Паспалітай з 1697 да 1763 года. Каралі і вялікія князі родам з Дрэздэна істотна паўплывалі на выгляд і Варшавы, і Гродна. Краіна ў пачатку іх панавання яшчэ не забыла пра вялікую вайну са Швецыяй (так званы Патоп), а тут пачалася новая жорсткая вайна – Паўночная.

Але для Варшавы гэта быў час пераўтварэнняў. Пры абодвух Аўгустах паўстала Саксонская Ось – барочны ўрбаністычны праект з вялізным палацам і садам (абодва, што не дзіўна, называліся таксама Саксонскімі). Хаатычныя рэшткі старой сталіцы пераўтварыліся ў роўныя вуліцы еўрапейскай сталіцы Новага часу.

Сёння ад Саксонскай Осі застаўся парк – так званы Ogród Saski, а таксама фрагмент каланады знішчанага Саксонскага палаца – цяпер гэта Магіла невядомага жаўнера. Падмуркі самога палаца зараз раскапаныя – на іх можна паглядзець праз плот. А некаторыя цікавыя археалагічныя знаходкі выстаўленыя побач з раскопам. Пасля раскопак палац плануюць адбудаваць.

Чаму гэта можа быць цікава гродзенцам? Саксонскую Ось праектавалі знакамітыя дрэздэнскія архітэктары Матэўс Даніэль Пёпельман і Ёахім Даніэль Яўх. Яны ж працавалі ў Гродне над праектам Новага замка. А Яўх дадаткова праектаваў палац Сапегаў – той, які ў Гродне традыцыйна называюць “баторыеўкай”. Гродна ў часы Веттынаў, канешне, нельга было параўнаць з Варшавай па пампезнасці, але горад, як месца сеймаў Рэчы Паспалітай, таксама перажывала ўздым.

Адшукаць “гродзенскія” месцы ў Варшаве нам дапамагло партнёрства з гатэлем Chopin Boutique B&B.