Захоўваць аўтэнтыку, аднаўляць копіі ці будаваць шматпавярховікі – гэтае пытанне цягам гісторыі паўставала не толькі ў Гродне. І развязвалі яго па-рознаму. У Другую сусветную вайну блізу 80% старой Варшавы было разбурана. У часы сацыялістычнай Польшчы дамы, дзе захавалася прынамсі частка, адбудавалі нанова. “У гэтым ёсць мінус – часам у Варшаве вельмі цяжка знайсці цалкам аўтэнтычны захаваны дом ці камяніцу”, – адзначае гід і аўтар экскурсій па беларускіх мясцінах Варшавы Юрый. Разам з ім Hrodna.life адправіўся на шпацыр па знакавых для беларусаў камяніцах Варшавы.
Вандроўка стала магчымай дзякуючы партнёрству з гатэлем Chopin Boutique B&B.
1. Кляштар сакрамэнтак, дзе вучылася Эліза Ажэшка (rynek Nowego Miasta, 2)
На плошчы Рынку Новага мяста ў адбудаваным старым цэнтры Варшавы стаіць касцёл Святога Казіміра з ратондай. “Ён падобны да праваслаўнай царквы, але гэта касцёл”, – зазначае Юрый. Пры касцёле дагэтуль дзейнічае кляштар сясцёр-сакрамэнтак.

Менавіта там, у школе пры кляштары, з 1852 па 1857 год вучылася Эліза Ажэшка. Будучай пісьменніцы, якая неўзабаве праславіла Гродна, было тады 11 гадоў. У Варшаву яна прыехала з бабуляй.
“Каталіцкія ордэны тады давалі добрую адукацыю, многія аддавалі туды сваіх дзяцей – там вучылі не толькі слову божаму, але і ўсім навукам”.
Кляштар і касцёл збудавалі ў 1688 годзе кароль Ян Сабескі і каралева Марыя Казіміра Сабеская як падзяку за перамогу над туркамі пад Венай. Марыя жа прывезла ў Польшчу і сясцёр-сакрамэнтак. Будынак кляштара быў сціплым, але ў 1740-х, дзякуючы фундацыі Ганны Радзівіл, ён набыў той выгляд, які мае зараз. Комплекс знішчылі ў верасні 1944 года.
“У Старым мясце ішлі цяжкія баі, потым Гітлер казаў разбурыць [Варшаву], каб адпомсціць за [Варшаўскае] паўстанне. Немцы мэтанакіравана падарвалі касцёл Святога Казіміра і кляштар, бо там быў шпіталь паўстанцаў. Загінулі і сёстры, і каля 1000 паўстанцаў. Немцы далі ім час, каб выйсці, але ніхто не сышоў”.
Комплекс аднавілі ў 1960-х гадах. Касцёл – у выглядзе, які ён меў у канцы XVII ст., а кляштар – у выглядзе XVIII ст.


Зараз кляштар – просты квадратны двухпавярховы будынак з чырвоным дахам і зялёнай вежкай, у стылі барока, часта яго называюць польскі сядзібны стыль. Ён стаіць праваруч ад касцёла. Касцёл – сумяшчэнне візантыйскага стылю і барока.
“Ёсць нават рэнесансавыя ноткі, бо Ян Сабескі любіў Старажытны Рым. Касцёл не надта гатычны, высокі, фанабэрысты – але прыгожы”.
2. Гатэль Chopin – камяніца роду Плятэр (Smolna, 14)
Дом на Smolnej у цэнтры быў збудаваны ў 1910 годзе па праекце Эдварда Эбера, вядомага варшаўскага архітэктара. Гэта быў першы ў горадзе прыклад берлінскага мадэрнізму. Яго вызначае мінімалізм упрыгожанняў і выкарыстаныя ў іх геаметрычныя формы. На вуліцы будынак выбіваўся востраканцовай кутняй вежай, якая не захавалася.

У камяніцы жыла сям’я гербу Плятэраў, да якога належыць беларуская фалькларыстка, кіраўнічка ўзброенага атраду ў час паўстання 1830—1831 гадоў Эмілія Плятэр. Род паходзіў з Лівонскага рыцарскага ордэна, у час Эміліі жыў у Беларуска-Віцебскай губерні, зараз гэта тэрыторыя Латвіі. Эмілія стала адным з сімвалаў паўстання.
Падчас Варшаўскага паўстання 1944 года камяніца знаходзілася ў цэнтры баявых дзеянняў, насупраць падпольных выдавецтваў, але ацалела. У падвале дома хавалася шмат мірных жыхароў.

Зараз там размяшчаецца Chopin Boutique B&B (буцік-гатэль «Шапэн») з нумарамі, аформленымі ў стылі ар-дэко і прысвечанымі гістарычным дзеячам Польшчы і іншых еўрапейскіх краін. Напрыклад, ёсць нумар, прысвечаны шанаванай у Гродне каралеве Боне Сфорца, ужо згаданай Эміліі Плятэр або Аляксандры Заёнчак – шляхцянцы са Слоніма, якая быццам бы ведала сакрэты маладосці і ў 82 гады выглядала на 35.
Уласнікі гатэля намагаліся ўзнавіць першапачатковы выгляд будынка, засяроджваючыся на захаваных элементах – драўляных вокнах, дзвярах, мармуровых лесвіцах.

3. Рэктарат Варшаўскага ўніверсітэта (Krakowskie Przedmieście, 26/28)
Кракаўскае прадмесце, дзе размешчаныя карпусы Варшаўскага ўніверсітэта – адна з нешматлікіх частак горада, якая ацалела ў Другую сусветную вайну. Будынкі і палацы ўратавала тое, што там было шмат нямецкіх пазіцый.
Сэрца ўніверсітэта – будынак рэктарата – строгі, з порцікамі і каланадай, у стылі класіцызму, якім ён стаў у XIX ст. Але першапачаткова гэта быў барочны палац, збудаваны ў 1630-х. Тады ён называўся Казіміроўскі палац – гэта была ўлюбёная рэзідэнцыя караля Рэчы Паспалітай Казіміра Вазы. Задоўга да стварэння ўніверсітэта ў цяперашнім будынку рэктарата дзейнічаў Кадэцкі корпус. Пасля падзелу Рэчы Паспалітай нейкі час там месціліся прускія казармы. Стан будынку пагоршыўся, і ў 1816-17 гадах архітэктар Якуб Кубіцкі перабудаваў яго ў модным тады стылі класіцызму, пасля чаго туды заехаў рэктарат Варшаўскага ўніверсітэта.

Тадэвуш Касцюшка быў адным з першых выпускнікоў Кадэцкага корпуса (Рыцарскай школы). Корпус быў заснаваны ў 1765 годзе па ініцыятыве князя Чартарыйскага і непасрэдна караля Станіслава Панятоўскага, у тым жа годзе ва ўзросце 19 гадоў туды залічылі Касцюшку.
“Менавіта там ён атрымаў сваю мянушку “Швед”, бо быў такім, якімі ведалі шведскія войскі – вельмі дысцыплінаванымі, баяздольнымі, настойлівымі. Ён браў удзел у двубоях, спрэчках, вылучаўся ганарлівасцю, стойкасцю і мужнасцю”. Кадэцкі корпус ліквідавалі ў 1794-м пасля паразы паўстання Касцюшкі.



Двойчы, у 1905 і 1908 гг., рэктарам Варшаўскага ўніверсітэта абіралі Яўхіма Карскага – этнографа і славяназнаўцу. Ён нарадзіўся ў вёсцы Лаша (зараз Гродзенскі раён). У Варшаўскім універсітэце выкладаў рускую і сербскую мовы, быў прафесарам.
“Гэта выключны момант, калі двойчы кагосьці абіралі рэктарам. Ён карыстаўся вялізнай пашанай у варшаўскіх навуковых колах, напісаў вялікую працу “Беларусы”, прысвечаную беларускай мове, культуры. Браніслаў Тарашкевіч рабіў сваю першую граматыку, спасылаючыся на Яўхіма Карскага”.
Карскі заставаўся рэктарам да 1910 года. У той час, у 1908-1914 гадах, ва ўніверсітэце дзейнічала Беларускае зямляцтва – буйное аб’яднанне беларускіх студэнтаў.

У 1931-1935 гадах у Варшаўскім універсітэце на юрыста вучыўся Менахем Бэгін. Ураджэнец Брэста, палітык, філосаф, пісьменнік і лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру, ён быў адным са стваральнікаў дзяржавы Ізраіль, яе сёмым прэм’ер-міністрам. У час вучобы ва ўніверсітэце быў адным з кіраўнікоў польскага аддзялення “Бэйтара” – яўрэйскіх скаўтаў. У 1940-м Бэгіна ў Вільні арыштаваў НКУС, ён трапіў у лагер. Тым часам у 1941 годзе ўсю яго сям’ю ў Варшаве забілі немцы. Па вызваленні з лагера Бэгін уступіў у войска генерала Андэрса, а пасля вайны цалкам пагрузіўся ў барацьбу за стварэнне дзяржавы Ізраіль.
4. Камяніца Вітаўта, ці камяніца пад Святой Ганнай (Rynek Starego Miasta)
На белай камяніцы ў паўночна-заходнім куце Рынкавай плошчы ёсць каплічка Святой Ганны ў сцяне. Паводле адной з легенд, там хаваўся князь Вітаўт, калі ўцякаў з Крэва, дзе яго ўвязніў і хацеў забіць ягоны стрыечны брат Ягайла. Пэўны час мазавецкія князі ўкрывалі Вітаўта ў Варшаве.

Гэты дом хацела ўвекавечыць сястра Вітаўта Данута, якая пасля хрышчэння стала Ганнай. Па легендзе, яна прыехала ў Варшаву і настойвала, што паводле паганскай традыцыі, каб дом стаяў добра, трэба замураваць туды ахвяру, чалавека.
“Але мазавецкія князі былі хрысціяне, каталікі, і сказалі “не”. Доўга спрачаліся, але вырашылі замураваць туды чорнага ката. Каб потым ураўнаважыць цёмныя сілы, там пабудавалі капліцу Святой Ганны. Ці тое па паганскай традыцыі, ці па хрысціянскай – але гэта самы ацалелы пасля вайны дом на Рынку”.
Камяніца стала такой, якая яна цяпер – у барочным стылі з дамешкам готыкі – у пачатку XVII ст. Плошча рынка з’явілася раней, але калі Вітаўт там хаваўся, дом выглядаў інакш – маленькая, простая камяніца. Цягам сваёй гісторыі гэта быў даходны дом. Па адной з версій пэўны час там знаходзілася венецыянскае прадстаўніцтва, пра гэта сведчыць барэльеф льва святога Марка – герб Венецыі. Зараз будынак належыць гораду, яго арандуюць для розных імпрэз. Унутры ён нагадвае студню са сходамі ў цэнтры.


5. Палац Красінскіх (Plac Krasińskich)
Будынак доўга быў на рэканструкцыі, для наведнікаў яго адкрылі толькі ў траўні 2024 года. Зараз там месціцца філіял Нацыянальнай бібіліятэкі Польшчы – аддзел старадрукаў. У палацы выстаўленыя арыгіналы першых двух Статутаў ВКЛ – 1529 і 1566 гадоў, снапок валасоў Касцюшкі, Супрасльскі летапіс, рукапісы Міцкевіча, Яна Каханоўскага, Элізы Ажэшкі.

Палац збудаваны ў 1677-1683 гадах у стылі барока для ваяводы Плоцка Яна Банавентуры Красінскага.
“Красінскія будавалі яго з адсылкай да французскага Рэнесансу – як мінімалістычны Версаль. За палацам Красінскіх – парк, з цэнтральнай восі ёсць аглядная веранда на яго. У палацы шмат скульптур, яны адсылаюць да Грэцыі і Рыму, старажытных багоў і персанажаў. Усюды праз тэматыку палаца падкрэсліваецца паходжанне Красінскіх ад старадаўняга роду рымскіх патрыцыяў, ад Марка Аўрэлія Корвіна. Над франтонам палаца ёсць вялізная скульптура – рымскі ваяр з мячом і шчытом, на шаломе ў яго сядзіць крумкач, радавая птушка Красінскіх [лат. Corvus крумкач – Hrodna.life]. Гэтая птушка ёсць і на барэльефах, і на гербе Красінскіх. Крумкач – сімвал мудрасці, а Красінскія былі філантропы і мецэнаты, збіралі кнігі. Менавіта таму ў іх палацы зрабілі філію Нацыянальнай бібліятэкі”.
Будынак амаль цалкам згарэў у 1944 годзе, быў адноўлены ў 1960-я гады і перададзены бібліятэцы, там ладзіліся выставы. Нацыянальную бібліятэку Польшчы стваралі на аснове збораў братоў-біскупаў Залускіх.

“Яны сваімі намаганнямі яшчэ ў 1740-х збіралі кнігі ў сваім палацы, выкупілі палац адзін, другі, і зрабілі вялізную першую сапраўдную бібліятэку. У зборы была ўся Рэч Паспалітая: Беларусь, Польшча, Літва, Украіна, і Заходняя Еўропа. Яны збіралі, нумаравалі, стваралі каталогі. Я думаю, там было шмат беларускага, але шмат што згубілі пад час вайны, вывезлі немцы, шмат чаго згарэла”.


Зараз у палац можна трапіць бясплатна шэсць дзён на тыдзень – акрамя нядзелі – і на ўласныя вочы пабачыць каштоўныя дакументы.
6. Дом Манюшкі (Krakowskie Przedmieście, 81)
У рэнесанснай камяніцы паблізу замка два гады жыў Станіслаў Манюшка. Камяніца была збудаваная ў 1650-х гадах, пацярпела падчас Варшаўскага паўстання, была адноўленая ў 1949 годзе. Гэта была камяніца Мацея Кракоўскага, варшаўскага купца – тыповы даходны дом. Ён стаў першым месцам жыцця Манюшкі ў Варшаве, калі ён перабраўся туды на стала. На камяніцы ёсць памятная шыльда, прысвечаная славутаму кампазітару.

Манюшка паходзіць з фальварка Убель Ігуменскага павета (зараз Чэрвеньскі раён Мінскай вобласці). Ён вучыўся музыцы ў Варшаве, пасля ў Мінску, Берліне. Працаваў у Вільні, але часта выбіраўся адтуль у Мінск. У 1858 годзе ён зноў прыехаў у Варшаву і застаўся там. Станіслава Манюшку лічаць стваральнікам польскай нацыянальнай оперы. Першыя ягоныя творы ставілі ў Мінску і ў Гродне. Манюшка напісаў музыку да «Сялянкі» Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, у творчасці выкарыстоўваў беларускі фальклор.
7. Найстарэйшая захаваная камяніца (скрыжаванне вуліц Celna і Brzozowa)
У старым цэнтры ёсць незвычайны дом: з як бы разрэзанай атынкаванай камяніцы, вытыркаюцца цагляныя абрысы контрфорсаў вежы раманскага, гатычнага стылю. Ён не звязаны з Беларуссю, але цікавы тым, што гэта найстарэйшая аўтэнтычная камяніца Варшавы.
“Калі вы ўбачыце гэтую камяніцу, адразу зразумееце. Гэта былы ўезд у горад – Гнойна брама. Вежу закансервавалі яшчэ археолагі пачатку ХХ ст.”. Сама камяніца была жылым домам.

Унутраная пабудова – 1230-х гадоў, фактычна, часоў заснавання Варшавы. “Гэта быў уезд з усходу, з Віслы. У браме стаяла варта і брала cło – мыту за ўезд у Варшаву, таму вуліца называецца Celna. Паводле адной з версій, у Мікалая Гогаля Тарас Бульба менавіта гэтай вуліцай праязджаў у горад, каб пабачыцца з сынам, які быў у палоне ў палякаў”.

Побач з брамай была Гнойная гара – варшаўская гарадская сметніца. У XIX ст. забаранілі скідваць туды смецце. Месца засеялі травой, зараз там аглядная пляцоўка.
Вандроўка стала магчымай дзякуючы партнёрству з гатэлем Chopin Boutique B&B.



